АГЛЯД ЗАМЕЖНАГА ДРУКУ

posted Nov 23, 2010, 9:06 PM by Адміністратар Навін   [ updated Dec 1, 2010, 8:28 AM ]
Італьянская газэта “La Stampa”.

18 лістапада 2010 г. Італьянская газэта “La Stampa” паведаміла, што Эўракамісія афіцыйна запрапанавала адмяніць візы для ўезду ў Эўразьвяз для грамадзянаў Альбаніі і Босніі-Герцэгавіны. Зрабіць гэта мяркуецца праз 3 месяцы.

Наш камэнтар: Вядома, што па ўсёй Эўропе актыўна дзейнічаюць дзесяткі тысячаў альбанскіх гангстэрскіх бандаў. Напрыклад, у Італіі людзі подбегам пакідаюць тое месца, дзе пачуюць альбанскую гаворку: цалей будеш. Альбанскія гангстэры забіваюць за гадзіньнік, за кашалёк з 50 эўра, за скрадзены мапед, каб не пакідаць сьведкаў. У Босьніі-Герцэгавіне назіраецца варажнеча паміж абшчынамі харватаў, мусульманаў і сэрбаў. І ўся гэтая нестабільная публіка цяпер бесперашкодна пойдзе ў Эўропу. Пры гэтым, беларусам трэба плаціць немалыя грошы і прадастаўляць ідыёцкія даведкі, каб атрымаць (і тое не заўсёды даюць) візы на паездку на Захад. Толькі нядаўна згас скандал з румынскімі цыганамі ў Эўропе, і вось ужо рыхтуецца новы акт эўрадзівацтва.

Алесь Хадасевіч


Ангельская газэта “Independent”.

19 лістапада 2010 г. Ангельская газэта “Independent” напісала, што былы прэзыдэнт Кыргызтана К. Бакіеў знаходзіцца ў эміграцыі ў Беларусі. У Бішкеку распачаўся працэс над дзяржчыноўнікамі, начальнікамі і спэцназаўцамі, якія абвінавачваюцца ў расстрэле дэманстрантаў падчас антыўрадавых выступаў у красавіку 2010 г. Тады загінула 78 чалавек. У судовай зале прысутнічалі родзічы забітых. Калі яны пачулі, як адвакаты бароняць падсудных, людзі кінуліся на сцэну і наладзілі бойку. Сілы міліцыі ледзь стрымалі натоўп і выратвалі падсудных і адвакатаў.

Наш камэнтар: Па ўсім бачна, што кыргызы ня выбачаць тым, хто аддаваў злачынныя загады і страляў па моладзі. Вельмі важна, каб кыргызкі народ разабраўся б таксама, хто стаіць за яго нацыянальнай драмай – а гэта расейскі імпэрыялізм.

Юрка Марозаў


Нямецкая газэта “Tageszeitung”.

18 лістапада 2010 г. Нямецкая газэта “Tageszeitung” напісала, што В. Бута называюць у сьвеце “Гандляром сьмерцю”. Расеец кіраваў цэлым флётам грузавых самалётаў, якімі дастаўлялася зброя ў зоны ваенных канфліктаў Афрыкі, Паўднёвай Амэрыкі, Блізкага Усходу і Азіі.

Наш камэнтар: З правалам аднаго з ключавых арганізатараў маскоўскага “гандлю сьмерцю” пачынаецца раскрутка клубка крамлёўскіх злачынстваў на цэлых кантынэнтах.

Юрка Марозаў


Летувіская газэта “Kauno Diena”.

18 лістапада 2010 г. Летувіская газэта “Kauno Diena” прысьвяціла артыкул 92-м угодкам абвяшчэньня незалежнасьці Латвіі. Пасьля канчатковай паразы Нямеччыны ў І Сусьветнай вайне ў Латвіі адбыліся важныя падзеі. 17 лістапада 1918 г. была ўтворана Латвійская Народная Рада, якая на наступны дзень абвясьціла дзяржаўную незалежнасьць краіны. Прэзыдэнт цяперашняй Латвійскай Рэспублікі Затлерыс выступіць перад помнікам Волі ў цэнтры Рыгі. Па ўсёй краіне адбудуцца ўрачыстыя мерапрыемствы.

Наш камэнтар: Так сьвяткуецца Дзень Незалежнасьці ў сапраўды вольных краінах. Беларусь знаходзіцца пад уладай акупацыйнага рэжыму. Пра гэта нам нагадалі яшчэ раз апошнімі днямі. Па ўсёй краіне расклеяны пакаты з выявай “шчасьлівых беларусаў” і надпісам на мове акупантаў — “Вместе мы Беларусь”. У розных кутках Беларусі ўлады загадалі аднавіць надмагільныя помнікі на магілах паўстанцаў 1863 года (магілы якіх яны вытаптвалі на працягу папярэдняга часу). Беларусы зразумелі ўсё, калі ўбачылі, што надпісы на помніках выкананы па-расейску або па-польску (“у белоруссов ведь не было истории”).

Алесь Хадасевіч


Латвійская газэта “Neatkariga Rita Avize”.

18 лістапада 2010 г. Латвійская газэта “Neatkariga Rita Avize” узяла інтэрвію ў 92-гадовага Арнолдса Дзырнэ, які нарадзіўся 18.11.1918 года. Равесьнік Незалежнасьці распавёў пра сваё жыцьцё, у якім адлюстравалася ўся найноўшая гісторыя народу. Дзырнэ вучыўся на вэтэрынарным факультэце, калі прышлі саветы ў 1940 г. Ён цудам пазьбегнуў мабілізацыі ў савецкую армію. Працягваў вучобу да 1944 г., калі быў мабілізаваны ў вэтэрынарную службу нямецкай арміі. Удзельнічаў у абарончых баях на летувіска-латышскай мяжы. Расейцы выслалі яго ў Варкуту, адкуль яму ўдалося вярнуцца ў 1946 г. Працаваў вэтэрынарам. Пажылы чалавек уключыўся ў нацыянальны рух у 1988 годзе, быў на першым мітынгу Латвійскага Народнага Фронту, падтрымліваў патрыётаў на рыжскіх барыкадах у 1991 годзе. На здымках у газэце — малыя латышы з нацыянальнымі сьцяжкамі, якія былыі забаронены акупантамі да 1988 года.

Наш камэнтар: Ці можна сябе ўявіць, каб нейкае з афіцыйных СМІ пацікавілася лёсам равесьнікаў 25 Сакавіка 1918 г.? Рэжым, як агню, баіцца гэтых людзей, баіцца беларусаў, якія могуць распавесьці праўду пра даўнія падзеі.

Алесь Хадасевіч


Румынская газэта “Evenimentul Zilei”.

18 лістапада 2010 г. Румынская газэта “Evenimentul Zilei” напісала: “Расея адрэагавала з адчувальнай пагрозай на ліст малдаўскага прэзыдэнта, у якім кішынёўскі лідэр просіць падтрымкі НАТО дзеля вываду расейскай арміі з тэрыторыі Рэспублікі Малдовы. Расейская дыпляматыя адказала на гэта: “Вывад расейскіх войскаў прывядзе да новай успышкі вайны за аддзяленьне”.

Наш камэнтар: Маецца на ўвазе Трансністрыя, малдаўская правінцыя, акупаваная расейскай арміяй і дзе створаны прамаскоўскі марыянэткавы рэжымчык. Масква пагражае малдаванам вайной. Але, назіраючы за працэсамі гніеньня і распаду ў Расеі, разумееш, што пэрспэктывы Расеі ў Малдове няма. І вайны ня будзе. Проста ў пэўны момант акупанты самы пабягуць з чужой зямлі, як гэта было ў прыбалтыйскіх рэспубліках у 1991 годзе.

Юрка Марозаў


Польская газэта “Rzeczpospolita”.

18 лістапада 2010 г. Польская газэта “Rzeczpospolita” паведамляла з Санкт-Пецярбурга. Там арыштаваныя тры міліцыянты. Нядаўна памёр 28-гадовы маладзён, якога яны катавалі ў пастарунку. Эўрапейскі суд па правах чалавека у Стразбурзе рэгулярна асуджае Расею за катаваньні, якімі карыстаецца расейская міліцыя.

Наш камэнтар: І ўсё гэта адбываецца на фоне бясконцых тэлесэрыялаў (“Менты” і г.д.), у якіх паказаныя “благородные і весёлые” расейскія сьледчыя, міліцыянты і пракуроры. Гэты кінафальш можна параўноўваць толькі з сталінскай гэбельсаўшчынай у 1930-я гады.

Алесь Хадасевіч


Чэшская газэта “Mlada Fronta Dnes”.

19 лістапада 2010 г. Чэшская газэта “Mlada Fronta Dnes” напісала, што шэсьць краін адмовіліся паслаць сваіх прадстаўнікоў на цырымонію ўручэньня Нобэлеўскай прэміі міру, якая адбудзецца ў Осла 10 сьнежня 2010 г. Прэмію прысудзілі кітайскаму дысыдэнту Лю Сяо-пу, які знаходзіцца за кратамі. Ня будзе прадстаўнікоў Расеі, Казахстану, Кубы, Марока і Ірану.

Наш камэнтар: Кампанія разам з маскоўцамі дэманструе сваю салідарнасьць з кітайскім рэжымам. А афіцыйны Пекін шалее ад злосьці.

Алесь Хадасевіч


Аўстрыйская газэта “Kurier”.

19 лістапада 2010 г. Аўстрыйская газэта “Kurier” пісала пра небясьпеку тэрактаў у Нямеччыне. Уладам стала вядома, што рыхтуюцца атакі тыпу нападу на Мумбай у Індыі.

Наш камэнтар: У Мумбаі (Бамбэі) купка тэрарыстаў захапіла ўвесь цэнтар вялікага горада і нішчыла ўсё на працягу цэлага дня. Нямецкім спэцслужбам стала вядома, што тэракты ў іхнай краіне рыхтаваліся экзотамі, якія маюць нямецкія пашпарты, размаўляюць па-нямецку, разьбіраюцца ва ўсім мясцовым. Трагічныя вынікі лібэральнай “шматкультурнасьці” і экзатычнай расперазанасьці ў Эўропе.

Алесь Хадасевіч