РАСЕЙСКАЯ ІМПЭРЫЯ. ФАКТЫ І ПАДЗЕІ №15

posted Nov 23, 2010, 9:07 PM by Адміністратар Навін   [ updated Dec 1, 2010, 8:27 AM ]
На пачатку лістапада Угоршчына паведаміла, што распачынае распродаж зброі і ваеннай тэхнікі савецкай вытворчасьці. Гэта ўсё настолькі састарэлае, што не адпавядае ўжо стандартам НАТО. І гэта расейскага хламу столькі, што, як кажуць угорскія чыноўнікі, хапіла б на невялікую армію.

9 лістапада прамаскоўскі “прэзыдэнт” Чачэніі Кадыраў-малодшы заявіў, што мае праект стварэньня “чачэнскай Швайцарыі”. Маскоўскі васал сказаў, што “горы тут нічым ня горш за Альпы, шмат ёсьць месцаў для стварэньня горных зонаў адпачынку”. Арыгінальная заява. На Каўказе ідзе вайна народаў за вызваленьне ад прамаскоўскай мафіі і яе маскоўскіх гаспадароў. Бюджэтныя грошы раскрадаюцца мафіяй, выкрадаюць і забіваюць людзей. А гэтыя выступаюць з такім праекцікам.

Расейскія тэлеканалы неяк маўчаць пра сур’ёзны скандал у расейскай арміі. 7 лістапада, калі па ўсёй Маскве і Расеі адбываліся камуна-фашыстоўскія мітынгі і маршы, адзін мітынг адбыўся на Паклоннай гары ў імпэрскай сталіцы. Сабраліся асобы з Саюза расейскіх дэсантнікаў. Яны трымалі транспаранты з надпісам “Абаронім ВДВ, армію і флёт ад Сердзюкова!” На мітынг прыбылі таксама і выступалі вядомыя цемрашалы палкоўнік Квачкоў і былы дэпутат Дзярждумы Алксніс. У афіцэрска-генэральскім асяроддзі расьце незадаволенасьць гэбоўскім міністрам абароны Сердзюковым і рэформай, якую Крэмль пачынае ў арміі. Паўсюль гучаць галасы вайсковых спэцоў аб тым, што армія не баегатовая, развальваецца, няздольная і г.д. Зразумела, што вайскоўцам не па густу гаспадараньне ў арміі і на флёце гэбоўскай публікі. Многія ўспамінаюць восень 1953 года, калі ў Маскву ўвайшлі войскі і разграмілі структуры НКВД начале з Берыя, якія плянавалі канчатковы захоп улады ў свае рукі. Даўно было, а ўспомніць афіцэрам прыемна, як паганялі хаця б раз ненавісных лубянцаў, што катавалі і расстрэльвалі іх у 1936-39 гадах, а потым стралялі ім у плечы на фронце.

Новы мэр Масквы С. Сабянін “выразіл неудовольствіе” вялікай розьніцай у фінансаваньні аднаго навучэнца ў дзяржаўных адукацыйных установах Масквы. Ён заявіў, што ў Маскве “ёсьць школы, дзе на аднаго навучэнца выдаткоўваецца 63 тыс. бюджэтных рублёў штогод, а ёсьць такія, дзе 100, 120 і нават 200 тысячаў. Гэта элітныя школы, дзе вучацца элітныя дзеці элітных бацькоў. У выніку дзеці атрымліваюць розную адукацыю”. Сабянін запрапанаваў “паступова мяняць гэтую сістэму”. (Цікава, “паступова” — гэта колькі? 20 гадоў, 50 або 100?)

Заўважым яшчэ раз, што йдзецца пра дзяржаўныя агульнаадукацыйныя школы, якія тэарэтычна павінны быць роўнымі. Але ёсьць “яшчэ больш роўныя”. Каставасьць адукацыі — даўняя яшчэ савецкая традыцыя. Па ўсім СССР у асобных класах зьбіралі нашчадкаў афіцэраў, начальнікаў, інтэлігенцыі (як правіла, гэта быў клас “А”). У класах “Б”, “В” і г.д. зьбіралі дзяцей прапаршчыкаў, рабочых, сялян і падобных. Пры лукашызме гэтая каставая сістэма дзейнічае надалей. У Маскве вырашылі, як бачым, стварыць цэлыя школы пад грыфам “А”. Але ёсьць таксама пэўныя назіраньні. Дзеці некаторых беларускіх прадпрымальнікаў вучыліся “на выдатна” у платных элітных школах у Маскве, калі там рабілі капітал іхныя бацькі. Здаралася, што беларускі прадпрымальнік гінуў ад кілераў і сям’я вярталася ў Беларусь. Дык вось, патрапіўшы ў звычайную школу, такія навучэнцы адразу зьязджалі да двойкі-тройкі і дэманстравалі вельмі няякасныя веды. Можна зразумець, што элітныя маскоўскія настаўнікі не маглі дапусьціць, каб дзеці элітных бацькоў паказвалі нізкія вынікі і ў выніку адбывалася стварэньне фальшывай карціны навучальных посьпехаў. Там, дзе пануе фальш, ня можа быць сапраўднай адукацыі.

Супэрмафіёзы ўцякаюць з месца злачынства. Расейскія інтэрнэт-выданьні паведамілі пра тое, пра што маўчаць дзяржаўныя СМІ РФ. Увечары 7 лістапада жонка былога мэра Масквы Лужкова Алена Батурына была затрымана брытанскай паліцыяй пасьля праходжаньня мытнага кантролю ў лёнданскім аэрапорце. Яе трымалі пад вартай у паліцэйскім пастарунку ўсю ноч да раніцы. Батурына прыляцела ў Лёндан нібыта для правядзеньня дзелавых перамоваў. Але тут ужо знаходзяцца дзьве дачкі супэрмафіёзаў, якія былі вывезены з Масквы ў Лёндан у верасьні сёлета. Лужкоў прызнаўся быў, што трывожыцца за бясьпеку дачок, пакуль яны знаходзяцца ў Маскве (“Мы пабаяліся пакідаць іх тут, у Расеі”). Некаторы час таму прадпрыймальнік Аляксандр Лебедзеў, засноўваючыся на паказаньнях Шалвы Чыгірынскага, запатрабаваў ад уладаў Вялікай Брытаніі правесьці антыкарупцыйнае рассьледваньне ў адносінах да Лужкова і ягонай Батурынай. Чыгірынскі ёсьць адной з шматлікіх ахвяраў злачынных фінансавых афёраў і вымагальніцтва мафійнай сям’і Лужкова. А яшчэ нядаўна (да адстаўкі Лужкова) некаторым людзям ня верылася, што Масквой кіруе мафійная банда.

16 лістапада асоба, якую ў расейскіх СМІ называюць “россійскій предпрініматель Віктор Бут” быў вывезены з Тайланда ў ЗША на амэрыканскім самалёце пад аховай шасьцёх афіцэраў спэцслужбаў ЗША. Такім чынам, тайскія ўлады ўрэшце перадалі Бута амэрыканцам, якія даўно дамагаліся гэтага. Справа ў тым, што ўлады ЗША абвінавачваюць гэтага “предпрінімателя” ў незаконным гандлі зброяй. Бут быў арыштаваны ў Тайландзе ў сакавіку 2008 г. падчас адной з ваенна-гандлярскіх апэрацый. Яго трымалі ў тайскай турме, а ЗША патрабавалі выдаць яго ім. Масква з свайго боку арганізоўвала публічныя сцэны “прошчанія славянкі” — у Бангкок прыязджала жонка гандляра зброяй і наладжвала “плач Ярославны”. Па схаваных каналах Масква спрабавала выратаваць свайго агента, каб ён нікому не распавёў чым займаўся. Выдача Бута — гэта чарговы вельмі сур’ёзны правал Крамля-Лубянкі. Бут — адна з ключавых фігур незаконнага гандлю расейскай зброяй у зоны ваенных канфліктаў і дыктатарскім рэжымам. Цяпер ён будзе распавядаць пра гэта сьледчым у амэрыканскай турме.

Супраць кіраўніцтва Расейскай фэдэрацыі баскетбола днямі была ўзбуджана крымінальная справа па факце нанясеньня вялікай шкоды баскетбольным клюбам. Паводле пастановы сьледчых, адзін з клюбаў пералічыў фэдэрацыі грошы на выпуск спартовага часопіса, але сродкі патрапілі па іншым адрасе (“в какую-то другую організацію”, як пішуць сьледчыя). Грошы ад іншага клюба, укладзеныя ім у падтрымку дзіцяча-юнацакага баскетбола, таксама не дайшлі да адрасата. Старшыня баскетбольнай фэдэрацыі Чарноў даўно вядомы як бессаромны мафіёза і хабарнік. Пра ягоныя справы ўжо пісалі СМІ. 12 лістапада Чарноў урэшце пайшоў у адстаўку.

Янка Базыль