90-Я ЎГОДКІ СЛУЦКАГА ЗБРОЙНАГА ЧЫНУ

posted Dec 5, 2010, 5:25 AM by Адміністратар Навін   [ updated Feb 15, 2011, 11:30 AM ]
Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя — БНФ правяла мэмарыяльныя мерапрыемствы ў гонар 90-х угодкаў Слуцкага Збройнага Чыну. 28 лістапада аўтобус зь менскімі сябрамі Партыі ад'ехаў на Случчыну. Сёлета ў грамадзе было шмат маладых людзей, якія ўпершыню былі на Случчыне і натхніліся гэтай старонкай нацыянальнай гісторыі. Патрыёты наведалі мясьціны, дзе адбываліся галоўныя падзеі Слуцкага Збройнага Чыну: вёскі Грозаў і Семежава, а таксама мястэчка Вызну (цяпер Чырвоная Слабада). У мерапрыемствах удзельнічалі фронтаўцы з Салігорска, Слуцка, Баранавічаў, Клецка. Людзі сьпявалі рэлігійныя і ваярскія гімны, гукалі “Слава героям!” і “Жыве Беларусь!” Мітынгі і шэсьці ў кожнай мясьціне адбываліся пад нацыянальнымі Бел-Чырвона-Белымі Сьцягамі і транспаратамі “Слуцкі Збройны Чын. 1920 год”, “Беларуская салідарнасьць — наш адказ на расейскую агрэсію”. Да Крыжоў, пастаўленых фронтаўцамі яшчэ ў 1990-я гады, былі ўскладзены кветкі. Людзі маліліся, запальвалі сьвечкі і зьнічкі.

На мітынгах у розных мясьцінах быў зачытаны зварот Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронта “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ — “Вялікая падзея — у нашай памяці” (публікуецца). Выступілі Юры Беленькі, выканаўца на Беларусі абавязкаў старшыні Фронту і Партыі, Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі, Алесь Чахольскі, адказны сакратар Управы Фронту і Партыі, Валеры Буйвал, сакратар Управы Фронту і Партыі.

Выступоўцы казалі пра подзьвіг Беларускай народнай арміі, якая нарадзілася і прыняла баявы хрост на Случчыне. Калі маскоўскія бальшавікі пачалі наступ на Беларусь, патрыёты-случакі доўга не тэарэтызавалі, ня ўзважвалі “за” і “супраць”. Яны бралі зброю і ўставалі ў шыхты народнай арміі, каб ваяваць, бараніць Айчыну ад чужынцаў. Случакі разграмілі першыя хвалі расейскага нашэсьця. Але сілы былі няроўнымі. Масква кінула супраць беларусаў палкі кітайскіх наймітаў, якія ў імя “маскоўскага інтэрнацыяналізму” нішчылі і палілі нашую зямлю і цывілізацыю. Гэта была сапраўдная трагедыя для нашага народу. Пасьля 1920 года Беларусь апынулася пад ярмом чырвонай Масквы, былі зьнішчаны і скалечаны мільёны беларускіх жыцьцяў, акупанты на працягу дзесяцігоддзяў разбуралі беларускую культуру.

Нават пасьля аднаўленьня дзяржаўнай незалежнасьці Беларусі ў 1991 годзе гэты зьнішчальны працэс працягваецца. Ён інтэнсіфікаваўся пасьля ўсталяваньня на нашай зямлі пачвары лукашызма, рэжыму ўнутранай прамаскоўскай акупацыі. Рэжым разбурыў беларускую эканоміку, душыць русіфікацыяй духоўнае жыцьцё беларусаў, вывозіць з краіны якасную харчовую прадукцыю, а нас прымушае харчавацца атручанымі радыяцыяй харчамі, што выраблены ў Чарнобыльскай зоне. Хварэюць і паміраюць дзеці, за апошніх 16 гадоў насельніцтва Беларусі зьменшылася на 760 тысячаў чалавек.

Пара спыняць гэтую дзікасьць, няхай сыходзіць прэч гэты антыбеларускі рэжым. Дыктатура абвясьціла фальшывыя “прэзыдэнцкія выбары”, разам з падстаўной прамаскоўскай псэўдаапазыцыяй яна заганяе-заваблівае людзей на падманнае галасаваньне, дзе ўжо ўсё вырашана рэжымнымі шулерамі. Нашым адказам на гэтае злачынства павінен быць салідарны Народны Байкот фальшывых выбараў. Байкот — гэта наш бой за Беларусь супраць акупантаў і гвалтаўнікоў. Ніхто на фальшывыя выбары дыктатуры!

Дэманстранты прайшлі шэсьцем праз цэнтар Слуцка. Перад гістарычным будынкам, дзе ў 1920 годзе адбыўся Зьезд Случчыны, быў праведзены мітынг. Да ўдзельнікаў шэсьця далучылася шмат мясцовых жыхароў. На ўсім шляху Слуцкага Збройнага Чыну гучаў гімн “Магутны Божа”.






Інфармацыйная камісія
Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”
і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ
28 лістапада 2010 г.