АГЛЯД ЗАМЕЖНАГА ДРУКУ

posted Dec 9, 2010, 7:40 PM by Адміністратар Навін   [ updated Dec 9, 2010, 7:41 PM ]
Румынская газэта “Adevarul”.

4 сьнежня 2010 г. Румынская газэта “Adevarul” спаслалася на газэту “Московскій комсомолец”, якой даў інтэрвію генсек камартыі Малдовы і былы прэзыдэнт гэтай краіны Ул. Варонін. Ён заявіў: “У Малдове 22% насельніцтва размаўляюць на расейскай мове. Расея ня можа быць раўнадушнай да таго, як разьвіваюцца справы ў нас. Расея павінна тут прысутнічаць, падабаецца гэта камусьці або не”. Варонін сказаў таксама, што “пад Кішынёвам стаяць румынскія танкі і, калі яны пайдуць на Малдову іх трэба спыняць гранатамі”.

Наш камэнтар: Вось і раскрыўся цалкам расейскі кліент-бальшавік. Вось такія бываюць постсавецкія прэзыдэнты. Нездарма ў красавіку 2009 г. малдаўская моладзь распачала рушаньне за вызваленьне радзімы ад хунты Вароніна. Ужо ўвосень 2009 г. хунта была адсунута ад улады.

Юрка Марозаў


Дацкая газэта “Berlingske Tidende”.

4 сьнежня 2010 г. Дацкая газэта “Berlingske Tidende” надрукавала артыкул пад тытулам “Дацкая паліцыя ўзбройваецца супраць крымінальнікаў з Усходу”. За пяць апошніх гадоў злачынстваў у Даніі стала ў два разы больш. Румыны, летувісы і палякі прыязджаюць у Данію адмыслова, каб зьдзяйсьняць крымінал.

Наш камэнтар: А папярэджвалі разумныя людзі, што нельга адмаўляцца ад нацыянальна-дзяржаўных межаў, што лібэралізмам пакарыстаюцць крымінальнікі. У той жа час для працавітых беларусаў межы Эўропы практычна зачыненыя. Абсурд...

Алесь Хадасевіч


Польская газэта “Gazeta Wyborcza”.

4 сьнежня 2010 г. Польская газэта “Gazeta Wyborcza” паведаміла, што спэцслужбы Вялікай Брытаніі арыштавалі і дапытваюць 25-гадовую расейку Кацю Затулівецер. Яна працавала асістэнткай дэпутата Палаты Абшчынаў Майка Хэнкака. Гэты Хэнкак — важнейшая фігура ў камісіі па абароне. Ён працуе ў парляманце ад акругі Портсмута, дзе знаходзіцца буйнейшая база ВМФ Брытаніі. Спэцслужбы апасаюцца паўтарэньня сітуацыі з маскоўскай агенткай Ганнай Чапмэн.

Наш камэнтар: Брытанскае кіраўніцтва заявіла на ўвесь сьвет, што “краіна знаходзіцца ў стане вайны з тэрарызмам”. У Аўганістане і Іраку ваююць і гінуць брытанскія вайскоўцы. А ў вайсковую камісію парляманта краіны бяруць на працу “русскую красавіцу”, якая мае доступ да сакрэтных дакумэнтаў. Фантастычна! Але ўрэшце хапіла розуму разабрацца з гэтым скандалам. Як і пасьля папярэдніх правалаў агентуры, расейскія СМІ зноў спрабуюць прадставіць праваленую агентку як “наіўную студэнтачку” і публікуюць яе фота з коскамі.

Юрка Марозаў


Аўстрыйская газэта “Der Standard”.

4 сьнежня 2010 г. Аўстрыйская газэта “Der Standard” апублікавала вытрымку з славутага цяпер сайта “WikiLeaks”. Старшыня Дэмакратычнай партыі Малдовы Мар'ян Лупу летась увосень паведаміў быў амбасадзе ЗША ў Малдове наступную інфармацыю. Да яго зьвярнуўся генсек кампартыі Варонін, які запрапанаваў яму 10 мільёнаў даляраў за паслугу: каб Лупу на бліжэйшых парляманцкіх выбарах стаў прэзыдэнтам, камуністка Зінаіда Грэчані — прэм'ер-міністрам, а сам Варонін — старшынёй парляманту. Лупу адмовіўся.

Наш камэнтар: Самае цікавае пытаньне: адкуль у Вароніна такія шалёныя грошы? Напэўна, з Масквы, якая спрабавала пакінуць маленькую краіну ў руках сваёй агентуры. Але не атрымалася. Калі б Лупу (нядаўні камуніст, што перайшоў у Дэмпартыю) нават узяў бы гэты хабар, то народны супраціў зламаў бы гэтую злачынную канструкцыю. Лупу пра гэта ведаў і хабар ня ўзяў. Ды яшчэ й амэрыканцам паскардзіўся. Бедная Масква!

Алесь Хадасевіч


Нарвэжская газэта “Dagbladet”.

7 сьнежня 2010 г. Нарвэжская газэта “Dagbladet” напісала, што бірманская хунта выказала жаданьне скупіць большасьць акцый знакамітай брытанскай футбольнай каманды “Манчэстэр Юнайтэд”. Гэта будзе каштаваць 6 мільярдаў даляраў. Людзі адразу ўспомнілі, як хунта пакінула ў бядзе мільёны бірманцаў пасьля тайфуна, які летась разбурыў палову краіны. Хунта нават не пускала міжнародную гуманітарную дапамогу ў Бірму. Гэта выклікала міжнародныя пратэсты.

Наш камэнтар: Аказваецца, што грошай у зьнішчальнікаў народу поўныя мяхі, дзяваць ня ведаюць куды. У гэтай сувязі мы ўспамінаем, як на працягу гадоў лукашысцкая хунта зьневажала, абкладала падаткамі і гнала прэч замежнікаў і міжнародныя арганізацыі, якія аказвалі гуманітарную дапамогу насельніцтву Беларусі. Урэшце абсалютная бальшыня гуманітарных праграмаў брутальна спынены і ліквідаваны. Ніхто не прыязджае ў Беларусь. А хунта ўзялася за “лядовыя палацы” і хакей з лыжамі. Хунты паводзяць сябе аднолькава.

Юрка Марозаў


Польская газэта “Gazeta Wyborcza”.

7 сьнежня 2010 г. Польская газэта “Gazeta Wyborcza” паведаміла з Угоршчыны. Там пад лёзунгам “Больш ніколі!” пачаўся шырокі распродаж на аўкцыёнах карцін, скульптураў і іншай прадукцыі камуністычнай эпохі. Грошы, атрыманыя за партрэты Леніна і іншае, арганізатары зьбіраюцца пералічыць на ліквідацыю наступстваў аварыі ў цэнтры краіны, дзе сёлета таксічным шламам былі залітыя гарады і паселішчы.

Наш камэнтар: Прапануем пад тым жа лёзунгам аказаць гуманітарную дапамогу угорцам. А заадно выдаліць з Беларусі мільёны сатанінскіх знакаў савецкай акупацыі. На Захадзе ёсьць людзі, якія калекцыянуюць савецкую экзотыку.

Алесь Хадасевіч


Бэльгійская газэта “Soir”.

8 сьнежня 2010 г. Бэльгійская газэта “Soir” апублікавала артыкул з нагоды 26-й гадавіны трагедыі ў індыйскім горадзе Бхапал. Рэжысёр Фрэдэрык Дэлёпэр стварыў дакумэнтальны фільм пра катастрофу, якая за адну ноч забіла больш за 5 тысячаў чалавек і сотні тысячаў зрабіла калекамі. У цэнтры вялікага індыйскага горада быў пабудаваны завод па вытворчасьці таксічных рэчываў. Падчас аварыі атруцілася ўсё насельніцтва горада.

Наш камэнтар: Нягледзячы на грамадзкія пратэсты антыбеларускі рэжым наладзіў Бхапал у беларускім горадзе Ліда. Тут распачалося будаўніцтва вельмі шкоднага для навакольнага асяроддзя і здароўя людзей хімічнага завода па цынкаваньню. Лукашызм не хвалюецца аб здароўі народа.

Алесь Хадасевіч


Партугальская газэта “Diario de Noticias”.

8 сьнежня 2010 г. Партугальская газэта “Diario de Noticias” прысьвяціла публікацыю 100-годдзю з дня сьмерці знакамітага амэрыканскага пісьменьніка Марка Твэна. Партугальскі літаратуразнаўца Марыа Авэлар распавядае пра жыцьцё і творчасьць пісьменьніка.

Наш камэнтар: У Партугаліі даўно існуе самастойная літаратуразнаўчая школа і традыцыя, творы Марка Твэна перакладзены на партугальскую мову яшчэ пры жыцьці пісьменьніка. У Беларусі, якая ўсё яшчэ ня можа пазбавіцца ад маскоўскай акупацыі, практычна не пераадолены правінцыйны стан літаратуразнаўчай навукі. Сваёй амэрыканістыкі няма, творы таго ж Марка Твэна не перакладзены на нашу мову (калі не лічыць экзэрцысаў апантаных аматараў, якія пераклалі некалькі апавяданьняў пісьменьніка). Трэба ратаваць нашае духоўнае жыцьцё ад русіфікатарскага маразма.

Юрка Марозаў


Іспанская газэта “АВС”.

8 сьнежня 2010 г. Іспанская газэта “АВС” напісала, што кітайскія ўлады не пускаюць на цырымонію ўручэньня Нобэлеўскай прэміі міру ў Осла яе лаўрэата Лю Сяобо (дысыдэнт сядзіць у кітайскай турме) і нікога зь ягонай сям'і. Апошні раз такое рабіла ў 1936 г. гітлерская Нямеччына, калі фашысты не пусьцілі ў Осла лаўрэата Прэміі міру Карла фон Асэцкага (ён памёр пасьля зьдзекаў у канцлягеры).

Наш камэнтар: Камуністычны рэжым Кітая зьдзяйсьняе тую ж антычалавечую палітыку. Але журналісты забыліся яшчэ эпізоды гвалту над лаўрэатамі. У 1960 г. маскоўскія ўлады цкавалі лаўрэата Нобэля па літаратуры Барыса Пастэрнака (ён вымушаны быў адмовіцца ад прэміі і ў хуткім часе памёр), а ў 1974 г. цкавалі лаўрэата Аляксандра Салжаніцына за кнігу “Архіпелаг ГУЛАГ” і прымусілі яго выехаць у эміграцыю.

Алесь Хадасевіч