СЛАВА БЕЛАРУСІ, НАРОДУ СЛАВА!

posted Dec 20, 2010, 9:31 AM by Адміністратар Навін   [ updated Dec 20, 2010, 9:33 AM ]
(Выступ, агучаны 19 сьнежня, на плошчы Каліноўскага ў Менску)

Паважаныя спадарыні і спадары, дарагія землякі! Рэжымныя выбары, якія толькі што адбыліся, нельга лічыць нармальнымі і дэмакратычнымі. Быў гвалт над воляй і сумленьнем выбаршчыкаў і паўсюдны прымус да папярэдняга галасаваньня. Гэта ёсьць грубае парушэньне Закону і нормаў выбарчага права.

Чвэрць выбаршчыкаў (і нават больш) прымусілі прагаласаваць датэрмінова. Прытым не дазволілі назіральнікам кантраляваць наяўнасьць і захаванасьць выбарчых бюлетэняў. Зафіксаваны тысячы парушэньняў выбарчага заканадаўства. Парушэньні працягваліся сёньня.

Выснова такая: вынікі ганебных выбараў трэба ануляваць як цалкам не адпаведныя выбарчаму закону. Мусяць быць прызначаныя новыя выбары без Лукашэнкі, які даўно страціў права балатавацца на прэзыдэнта Беларусі.

Такая нашая выснова павінна быць адлюстравана ў рэзалюцыі нашага Народнага збору і даведзена да ведама грамадзянаў Беларусі, міжнародных арганізацыяў і назіральнікаў АБСЭ.

Фальшывыя выбары, якія сёньня адбыліся, — гэта ня толькі вызначэньне характару ўлады. Гэта ёсьць вызначэньне лёсу нашай краіны і нашай нацыі.

Нельга мірыцца з гвалтам і ашуканствам. Нельга мірыцца з руйнаваньнем нашай нацыянальнай культуры і працы, адукацыі і эканомікі. Нельга цярпець беззаконьне. Нельга трымаць над сабой уладу цемры.

Самае грубае беззаконьне, якое зафіксавана на выбарах і якое стала прычынай усяго беззаконьня і гвалту, — гэта ўдзел у іх Лукашэнкі. Ён ня мае права балатавацца на чацьверты тэрмін.

З беззаконьнем трэба змагацца. Прапаную падтрымаць ініцыятыву стварэньня Руху “За новыя выбары без Лукашэнкі”. Паважаныя сябры, дарагія землякі! Рух “За новыя выбары без Лукашэнкі”, які нам трэба пачаць, — гэта той выпадак, калі ўсё грамадзтва, якое дбае пра Беларусь і прагне пераменаў, можа аб'яднацца вакол адной канкрэтнай ідэі і канкрэтнай справы — змаганьня за новыя выбары без Лукашэнкі. Скарыстайма гэтую магчымасьць. Бярэм лёс Бацькаўшчыны і будучыню краіны ў свае рукі. Працуйма сьмела, упэўнена і канструктыўна. Пашырайма нашую ідэю. Змагаймася разумна. Гуртуемся ў суполкі, камітэты па месцы жыхарства і працы. Для кантактаў і кансультацыяў зьвяртайцеся па e-mail: zanbv11@gmail.com. Стварайма нашу НАРОДНУЮ СІЛУ. Будзьма салідарныя — і дасягнем мэты.

Слава Беларусі! Народу слава!

19 сьнежня 2010 г.

Зянон ПАЗЬНЯК

Беларуская Салідарнасьць заклікае беларусаў актыўна ўключыцца ў інфармаваньне грамадзтва аб справе стварэньня Руху “За новыя выбары без Лукашэнкі”.