КРЫВАВАЯ НЯДЗЕЛЯ

posted Dec 28, 2010, 7:18 PM by Адміністратар Навін   [ updated Dec 28, 2010, 7:19 PM ]
У антыбеларускай дыктатуры ёсьць ужо ўсё, каб застацца ў гісторыі. Нават калі параўноўваць яе з, безумоўна, больш манумэнтальнай біяграфіяй позьнемаскоўскага царызму. У лукашызма ёсьць свая Хадынка (растаптаныя маладыя жыцьці на рэжымным “праздніке піва” у Менску ў траўні 1999 года), ёсьць разагнаная Дума (або Вярхоўны Савет Беларусі 13-га скліканьня, ліквідаваны дыктатарам у 1996 годзе). Цяпер ёсьць і свая Крывавая нядзеля.

У сталіцы адбыліся настолькі маштабныя падзеі, што ўсьведамленьне іх заняло ў грамадзтва некалькі дзён. 20 сьнежня людзі сустракаліся ў працоўных калектывах і абмяркоўвалі тое, што адбылося на выбарчым фарсе і пасьля яго. Беларусаў уразіла цынічнае нахабства выбарчых структураў і іх прадстаўнікоў усіх узроўняў. Сьведкі, (асабліва тыя, хто быў сябрам “выбарчых камісій”) распавядалі пра бессаромную падмену ўрнаў для галасаваньня, закідваньне ў урны пачакаў з сотняў фальшывых бюлетэняў на вачах ва ўсёй камісіі рукамі яе старшыні і іншыя крымінальныя падтасоўкі “народнага волевыяўленьня”.

Пра паліцэйскую атаку на мірнае шэсьце ўвечары 19 сьнежня спачатку гаварылі мала. Бо мала ведалі, агаломшаныя і заблытаныя рэжымнай гэбельсаўшчынай, якая трубіла пра “ламы і сякеры ў руках дэманстрантаў, што ламaліся ў Дом Ураду”.

Але з кожным днём вырысоўвалася ўсё больш страшная праўда пра трагедыю на плошчы Незалежнасьці. На сьвяткаваньне Нараджэньня Божага паводле каталіцкага календара зьбіраліся многія сваякі, сябры і знаёмыя. Але сьвяточнага настрою часьцей за ўсё не было. Так трывожна праходзілі Каталіцкія Каляды ў сьнежні 1981 года ў Польшчы, пасьля ўвядзеньня ваеннага становішча прамаскоўскай хунтай генэрала Ярузэльскага. Тады ў нашых суседзяў, а цяпер у нас мільёны людзей маліліся за несправядліва ўвязьненых, за параненых, за пакутнікаў народу.

Людзі размаўлялі паміж сабой, дзяліліся інфармацыяй аб трагедыі. І раптам высьветлілася, што падзеі 19 сьнежня брутальна закранулі амаль кожную сям'ю ў сталіцы і многія сем'і на правінцыі. Нехта сам быў на плошчы і цудам вырваўся з лапаў азьвярэлых янычараў Лукашэнкі. У некаторых сем'ях былі арыштаваныя і параненыя па два-тры чалавекі. Многія ведаюць удзельнікаў разгромленага мірнага маршу па працы і вучобе. Сярод ахвяраў рэжыму ёсьць сябры, сваякі і знаёмыя сотняў тысячаў людзей. Паступова грамадзтва пачынае разумець, што антынародны рэжым нанёс падступны ўдар практычна па ўсяму народу. Не выпадкова ўсе лукашыстоўскія структуры прымаюць захады, каб як мага больш лакалізаваць падзеі 19 сьнежня, зменшыць колькасьць удзельнікаў і ў цэлым дэзынфармаваць наша грамадзтва і міжнародную супольнасьць.

Рэжым і Масква, якая стаіць за ім, разумеюць, што дыктатар выкарыстаў апошнія рэзэрвы сваёй брутальнай і тупой сістэмы, апошні яе крывавы козыр. Абсалютная бальшыня грамадзтва спачувае пацярпелым людзям. Яшчэ больш паглыбляе спачувальныя адносіны той факт, што пацярпелыя — гэта ў асноўным маладыя і вельмі маладыя людзі.

Пра рэйтынг лукашызма ўжо нават не даводзіцца тэарэтызаваць. Рэйтынга ўжо няма, рэйтынг застаўся растаптаны на скрываўленым сьнезе сталічнай плошчы, на плошчы Крывавай нядзелі. Апошнім разам падобных маштабаў рэпрэсіі супраць беларусаў рэжым праводзіў у 1996 годзе. Але тады яшчэ многія з розных слаёў насельніцтва “верылі ў маладога прэзыдэнта” і апраўдвалі яго. Цяпер псіхалагічны стан нашага грамадзтва падобны на тое, што адбылося ў расейскай імпэрыі пасьля 9 Студзеня 1905 года, калі рэжым Міколкі ІІ Раманава кінуў паліцэйшчыну і войскі супраць мірнага шэсьця, якое ішло да царскага палаца. Пасьля той Крывавай нядзелі людзі ва ўсёй імпэрыі пачалі ідэнтыфікаваць царызм і Мікалая ІІ як абсалютнае зло, ад якога народы павінны пазбавіцца.

Адбыўся апошні акт дэсакралізацыі антычалавечай лукашыстоўскай сістэмы. У грамадзтва не засталося ілюзорных спадзяваньняў, што “неяк усё само наладзіцца” і ўдасца “неяк” перажыць гэтае ліха, скажам, “неяк” перамагчы яго на рэжымных выбарах. Рэжым і ягоны начальнік ня маюць ніякага апірышча ў беларускім народзе. Яны сталі аб'ектам чалавечага непрыняцьця і адмаўленьня. Бо прамаскоўскі рэжым канчаткова перакрочыў рысу і зрабіўся цалкам і абсалютна нелегітымным, крымінальным па сутнасьці. Прыхаваная акупацыя Беларусі з кожным днём набывае ўсё больш адкрытыя рысы. Дзікім актам 19 сьнежня антыбеларускі рэжым пачынае публічнае, на вачах у сяго сьвету здушэньне беларускай нацыі. І нашы людзі ўпершыню так масава і адзінадушна адчулі, што бяда закранае кожнага зь іх, нягледзячы на сацыяльнае становішча і ўзровень матэр'яльнага дабрабыту.

Многія, вельмі многія суайчыньнікі з яснасьцю разумеюць, што наперадзе ў рэжыму — поўны эканамічны правал і сацыяльны калапс. Дыскутаваць і меркаваць можна толькі аб тым, калі (праз колькі месяцаў) гэта адбудзецца. Пры ўсім стылістычным падабенстве з мікалаеўскай імпэрыяй лукашызм так і не дапяўся да свайго “1913-га году” (як расейскія гісторыкі і савецкія прапагандысты любілі вызначаць найвышэйшую планку разьвіцьця імпэрскай эканомікі). Рэжым бяздарных і неадукаваных постсавецкіх бюракратаў, кіруемых з Масквы, набліжаецца да свайго краху.

9 студзеня 1905 году пачалася першая дэмакратычная рэвалюцыя ў расейскай імпэрыі, гвалтоўныя падзеі якой ўразілі ўсё чалавецтва. У наш час у беларусаў застаецца магчымасьць захаваць негвалтоўны, мірны характар сваёй народнай рэвалюцыі ў змаганьні супраць антынацыянальнага акупацыйнага рэжыму. Выратавацца ад зла можна гуртуючыся ў Рух за новыя выбары без узурпатара Лукашэнкі. Гэта ёсьць рэальнае выйсьце з глухога тупіка для мільёнаў беларускіх людзей.

Юрка Марозаў