Дарагія землякі, дарагія беларусы! Віншую нас ўсіх з Новым годам! Няхай гэты надыходзячы Новы год прынясе нам сьвятло нацыянальнага абуджэньня, відушчасьць і разуменьне, хай удыхне змагарны дух у нашыя сэрцы, каб мы са сьцягамі і песьняй прынесьлі сабе свабоду. Мы спатыкаем гэты новы год у цяжкіх умовах абразы і зьневажэньня нашага народа, ва ўмовах паўторнага “падпалу рэйхстага”, калі цёмная гісторыя чужой мінуласьці паўтараецца ў нашай краіне, калі па ўсёй Беларусі групы савецкага КГБ хапаюць людзей, робяць ператрусы, рабуюць маёмасьць, а непавінныя і вядомыя людзі кінутыя ў турму як ахвяры антыбеларускай палітыкі. Такая ёсьць улада хама, якога мы самы над сабой паставілі. І будзе нам навука на ўсе пакаленьні. Хрысьціяне і вернікі, людзі добрай волі, у гэты дзень, у гэты час, на Новы год суцішым нашу радасьць, скажам малітву за тых, хто ў вязьніцы, за волю і нашу Айчыну. Хай гэты новы год стане годам сьветлай Беларусі, перамогай сьветлага духа і нашага Адраджэньня. Зянон Пазьняк |
• Навіны - Галоўная > Навіны - Цалкам >