ЗАМЕЖНЫ ДРУК (5-6.I.2011)

posted Jan 7, 2011, 6:20 AM by Адміністратар Навін   [ updated Jan 7, 2011, 6:22 AM ]
Летувіская газэта “Lietuvos Rytas”

5 студзеня 2011 г. Летувіская газэта “Lietuvos Rytas” паведаміла, што прэзыдэнт Украіны Януковіч таемна павіншаваў Лукашэнку “з перамогай на выбарах”. Тэкст віншаваньня ня быў, аднак, зьмешчаны на афіцыйнай прэзыдэнцкай старонцы Януковіча. Але зьявіўся на старонцы Лукашэнкі. Пазьней МЗС Украіны выказаў занепакоенасьць “празмерным ужыцьцем сілы супраць дэманстрантаў”.

Наш камэнтар: Лукашэнка здаў яшчэ аднаго свайго сябра. Але сам па сабе цікавы факт. Прэзыдэнты ўжо саромяцца публічных віншаваньняў узурпатару.

Юрка Марозаў


Польская газэта “Gazeta Wyborcza”

5 студзеня 2011 г. Польская газэта “Gazeta Wyborcza” напісала пра тое, як Рымашэўскі і Дзімітрыеў адмовіліся выказвацца на тэму падзеяў 19 студзеня ў сувязі з “падпіскай”, якую далі ў КГБ. Далей газэта напісала: “Раней падобныя выказваньні на дзяржаўным тэлебачаньні або праз падпісаньне заяваў, у якіх яны адмаўляліся ад пратэстаў і скідвалі віну на іншых дзеячаў апазыцыі, дазволілі пазьбегнуць арыштаваньня іншым кандыдатам на прэзыдэнта Яраславу Раманчуку, Рыгору Костусеву і Дзімітрыю Вусаву. Улады такім чынам хочуць пасварыць лідэраў апазыцыі”.

Наш камэнтар: Арыгінальная выснова польскіх аналітыкаў, вельмі арыгінальная. Калі б у польскім змаганьні за дэмакратыю і вызваленьне ад маскоўскай акупацыі нехта рабіў такія заявы, як згаданыя “кандыдаты”, то іх ніхто не лічыў бы ўжо лідэрамі.

Алесь Хадасевіч


Польская газэта “Rzeczpospolita”

5 студзеня 2011 г. Польская газэта “Rzeczpospolita” апублікавала артыкул свайго карэспандэнта Анджэя Пісальніка. Аўтар напісаў пра гандаль Лукашэнкі з Захадам. Прадметам гандлю ёсьць палітзьняволеныя, сярод якіх ёсьць 5 былых кандыдатаў на нядаўніх недэмакратычных выбарах. Лукашэнка выпусьціў Рымашэўскага і Дзімітрыева, каб паказаць Захаду, што ён можа выпусьціць і астатніх, калі Захад пойдзе на саступкі.

Наш камэнтар: Гэта той самы Пісальнік, які прыдумаў тэрмін “наш Ярэк” у сваёй одзе пра Раманчука. Тады (да 19 сьнежня) гэты Пісальнік чамусьці не называў лукашыстоўскі фарс нелегітымнымі выбарамі. Цяпер чамусьці называе. Якая эвалюцыя на працягу некалькіх дзён! Толькі трэба было б публічна прызнацца ў сваіх памылках (ці як гэта назваць?). Таму што такія пісальнікі сваім пісаньнем тлумілі галаву польскім чытачам і многіх мясцовых людзей заблыталі. Пра байкот у пісальнікаў нешта аніслова не было. А цяпер “паразумнелі”. Вось якая аналітыка...

Алесь Хадасевіч


Славацкая газэта “Pravda”

5 студзеня 2011 г. Славацкая газэта “Pravda” напісала пра выступы дзеячаў краін Эўразьвязу. Міністар замежных справаў Швэцыі Більдт паведаміў пра ўнясеньне імя Лукашэнкі ў сьпіс з 40 асобаў з Беларусі, якім забаронена наведваць заходнія краіны. Але Більдт зазначыў, што фінансавая дапамога Беларусі ў памеры трох мільярдаў эўра цяпер не абмяркоўваецца. Эўразьвяз патрабуе вызваліць усіх арыштаваных удзельнікаў падзеяў 19 сьнежня.

Наш камэнтар: Газэта ўпэўнена называе выбары сфальшаванымі. Гэты бясспрэчны факт прызнаны ўжо паўсюдна (ажно праз два тыдні пасля відавочна сфальшаваных выбараў). Але грошы дыктатуры Захад усяроўна зьбіраецца даваць. Здушэньне прамаскоўскім рэжымам беларускай моладзі, беларускай мовы і культуры Эўразьвяз не хвалюе. Для іх гэта не аргумант.

Юрка Марозаў


Чэшская газэта “Mlada Fronta Dnes”

5 студзеня 2011 г. Чэшская газэта “Mlada Fronta Dnes” называе Рамзана Кадырава найвялікшым падлізам. Чачэнскі “прзыдэнт” сказаў у адным інтэрв'ю: “Мой ідал — Пуцін! Ён чачэнец і расеец. Даў нам усё на гэтай зямлі”.

Наш камэнтар: Маналогі халуёў Масквы аднолькавыя па стылю і зьместу, ці яны гучаць у Менску, ці ў Грозным.

Алесь Хадасевіч


Швайцарская газэта “Neue Zuercher Zeitung”

6 студзеня 2011 г. Швайцарская газэта “Neue Zuercher Zeitung” паведаміла пра “нікчэмны ўзровень даверу” і “рост крытыкі” у адрас міністра замежных справаў ФРГ Вэстэрвэле. Міністар, аднак, “не зьбіраецца здавацца” і будзе бараніць сябе на зьезьдзе лібэралаў у Штутгардзе.

Наш камэнтар: Пра гэта паведамляюць многія СМІ. Гэтага Вэстэрвэле называюць найгоршым міністрам МЗС ва ўсёй гісторыі ФРГ. Адным з самых правальных эпізодаў называюць ягоныя шашні з Лукашэнкам.

Алесь Хадасевіч


Нідэрляндская газэта “De Telegaaf”

6 студзеня 2011 г. Нідэрляндская газэта “De Telegaaf” напісала пра зьнішчэньне выбухам помніка Сталіну ва ўкраінскім Запарожжы. Улады кваліфікавалі ўчынак як “тэракт”.

Наш камэнтар: Улада, якая бароніць Сталіна, ёсьць спадчыньніцай ягонай пачварнай сістэмы.

Юрка Марозаў