КРЫВАДУШНАЯ ЗАЯВА

posted Jan 10, 2011, 12:54 PM by Адміністратар Навін   [ updated Jan 10, 2011, 12:55 PM ]
Радыё Свабода амаль штодня дае слова “экс-кандыдату” Р. Кастусёву, які выступае па розных пытаньнях сучаснага жыцьця, духоўнасьці, палітычнай маралі, дае камэнтары нядаўнім падзеям. Ёсьць у гэтым нешта штучнае. Драматычныя падзеі 19 сьнежня і наступных дзён засьведчылі сапраўдныя палітычныя і грамадзянскія парамэтры гэтай асобы са Шклова: дробныя і хісткія.

7 студзеня сп. Кастусёў зрабіў заяву, ён зьвярнуўся да кіраўніка РПЦ ў РБ мітрапаліта Філарэта. Заява тычылася рэпрэсіяў, якія разгарнуліся ў краіне пасьля 19 сьнежня: “У гэтым годзе сьветлы дзень Раства ў Беларусі азмрочаны ўжо 20 днямі гвалту дзяржавы супраць грамадзянаў...” Цытуем далей, самае цікавае: “Упэўнены, што Вы, як пастыр, таксама падзяляеце гэтую занепакоенасьць, і таму я прашу Вас узьняць свой голас у абарону справядлівасьці і маральнасьці, заклікаць улады да вызваленьня ўсіх зьняволеных паводле палітычных матываў і да спыненьня ўсялякіх рэпрэсіяў”.

Да каго ж гэта ён зьвяртаецца? Нагадваем да каго. Мітрапаліт РПЦ Філарэт выступіў на неканстытуцыйным “всебелорусском народном собраніі”, якое адбылося 7 сьнежня 2010 г., і “благословіл” Лукашэнку “на новые свершенія”. Адным з першых Філарэт павіншаваў узурпатара прэзыдэнцкай улады з “перамогай на выбарах”. Цытуем ягоныя словы паводле афіцыйнага сайту “презідента РБ”: “Доверие избирателей, к нашей общей радости, стало закономерным следствием усилий государства, которые были предприняты под Вашим руководством в течение предыдущего периода президентского правления” (крыніца: http://www.president.gov.by/press27929.html#doc).

7 студзеня сёлета Філарэт сустрэўся з Лукашэнкам, пра што паведаміў афіцыйны сайт “нашей православной організаціі”, як называе Лукашэнка РПЦ у РБ. Цытуем з паведамленьня: “Президент Беларуси поблагодарил Митрополита Филарета и священнослужителей за сохранение духовного наследия. Митрополит Филарет благословил Александра Лукашенко на дальнейшее служение белорусскому народу” (крыніца: http://www.church.by/resource/Dir0301/Page3177.html).

Як кажуць у такіх выпадках дасьціпныя палякі: амэн і кропка. Філарэт “занепакоенасьць не падзяляе”, а свой голас узьнімае не за вызваленьне палітзьняволеных, а “к нашей обшчей радості” “благословляет” Лукашэнку “на дальнейшее служеніе”.

У штабе Янукевіча-Кастусёва ня ведаюць пра сапраўдную дзейнасьць РПЦ у нашай краіне, пра іхныя “вернападданьніцкія пачуцьці” у адносінах да антыбеларускага рэжыму? (Пэўна ведаюць?). Гэтыя “пачуцьці” і гэтая антыбеларуская палітыка РПЦ існуюць у нашым грамадзкім жыцьці ня першы год. Многія людзі адэкватна ацанілі такую пазыцыю РПЦ і даўно ўжо ня ходзяць туды. Многія з агідай адвярнуліся ад РПЦ пасьля 19 сьнежня, убачыўшы крывадушнасьць гэтых “пастыраў”. Шмат якія беларусы заяўляюць пра жаданьне пакінуць “православную організацію” і шукаць рэлігійнага і духоўнага жыцьця ў іншых хрысьціянскіх канфэсіях. Праўда, РПЦ гэта не хвалюе, для іх важней падтрымаць крывавую дыктатуру. Ім ня трэба слухаць голас людзей. І часта, калі да РПЦ зьвяртаюцца з заявамі, то ведаюць да каго, але ж разыгрываюць камэдыю.

Янка Базыль