РАСЕЙСКАЯ ІМПЭРЫЯ. ФАКТЫ І ПАДЗЕІ №19

posted Jan 10, 2011, 12:55 PM by Адміністратар Навін   [ updated Jan 10, 2011, 12:57 PM ]
4 студзеня адбыўся чарговы эпізод Каўказкай народнай вайны супраць маскоўскай імпэрыі. На выездзе з сталіцы Паўночнай Асэціі Уладзікаўказа ўзарваўся аўтамабіль нам. начальніка штаба вайсковай часткі А. Арлова. Бомбу да машыны Арлова каўказкія падпольшчыкі прымацавалі па месцы жыхарства афіцэра (мабыць падпалкоўніка або палкоўніка). Але служыць ён у суседняй рэспубліцы, у сталіцы Інгушэціі г. Назрані. Афіцэр быў цяжка паранены.

Цікава, што расейскія СМІ не паведамляюць, да якога роду войскаў належыць частка гэтага Арлова. Мяркуем, што гэтая частка вельмі вызначылася ў карніцкай дзейнасьці супраць цывільнага насельніцтва або займалася якімі-небудзь дывановымі бамбардоўкамі ўсяго жывога і нежывога на каўказкай зямлі.

Навіна (у прынцыпе банальная, на акупантаў у гэтым рэгіёне нападаюць штодня) дала яшчэ цікавую інфармацыю ў дадатак. Аказваецца, што сытуацыя ў Інгушэціі ўжо такая, што афіцэры расейскіх частак і, зразумела, іхныя сем'і пражываюць ужо ня там, а ў суседніх рэспубліках. Штораніцы афіцэры езьдзяць на службу на машынах. Але і ў суседніх рэспубліках яны і іхныя сем'і жывуць не сярод насельніцтва, а ў адмысловых ваенных паселішчах (“ваенных гарадках”), якія знаходзяцца пад моцнай аховай. Ёсьць, аднак, краіны, дзе расейскія афіцэры камфортна атабарыліся ў лепшых кварталах сталіц і цывілізаваных гарадоў. Толькі вось чамусьці на службу яны перасоўваюцца ў цывільных строях, не засьвечваюць сваёй прысутнасьці. Напрыклад, у нас у Беларусі.

Амэрыканскія авіякампаніі ўжо маюць досьвед з “загадочной русской душой”. І таму вельмі ўважліва прыглядаюцца да сваіх авіякліентаў. Маладзёвая зборная Расеі выйграла чэмпіянат сьвету па хакею для моладзі да 20 гадоў і 7 студзеня прыбыла ў аэрапорт амэрыканскага горада Бафала. “Чэмпіёны” ледзь трымаліся на нагах і паводзілі сябе агрэсіўна. Іх у самалёт не пусьцілі і вытурылі з аэрапорта. Трэнеры і суправаджаючая публіка спрабавалі тлумачыць, што ў Расеі можна выпіваць з 18 гадоў. Амэрыканцы спакойна адказалі, што ў іх гэта можна рабіць толькі з 21 года жыцьця. Усе памятаюць, як п'яныя расейцы ўшчыналі масавыя бойкі ў самалётах падчас міжнародных рэйсаў. Справа заканчвалася забітымі і параненымі.

Узбэкскія ўлады правялі дэмантаж 6-мэтровага (разам з пастамэнтам) помніка генэралу Рахімаву ў Ташкенце. Гэты Рахімаў быў адзіным генэралам-узбэкам у Чырвонай арміі падчас ІІ Сусьветнай вайны і загінуў у 1945 г. ў баях за Данцыг. Але ўзбэкі добра памятаюць пачатак ягонай кар'еры. Рахімаў служыў у Чырвонай арміі з 1922 года. Больш за 10 гадоў ён удзельнічаў у зьнішчальнай вайне супраць узбэкскіх паўстанцаў — басмачоў, якія змагаліся супраць маскоўскай акупацыі за незалежны Узбэкістан. Народы пазбаўляюцца ад помнікаў і знакаў, прысьвечаных здараднікам свайго народу.

У Эстоніі на пачатку студзеня праходзіць ваенна-спартовая гульня пад крыптонімам “Дэсант Утрыа”, прысьвечаная падзеям вайны эстонскага народу за незалежнасьць супраць бальшавіцкай Расеі. Гульня праводзіцца з 1999 года, сёлета ў ёй удзельнічаюць 23 каманды, складзеныя з аддзелаў Эстонскай арміі, паліцыі і паспалітага рушэньня Кайтсэлііт. Удзельнічае таксама і каманда з Фінляндыі. Удзельнікі пройдуць змагарным шляхам барацьбітоў за незалежнасьць. У студзені 1919 года 400 марскіх пехацінцаў Эстонскай арміі і 600 фінскіх дабраахвотнікаў высадзіліся з мора ў тыле Чырвонай арміі каля вёскі Утрыа. Большасьць эстонскіх жаўнераў былі маладыя мясцовыя хлопцы, якія цудоўна ведалі навакольле. Імклівай атакай яны пагналі перад сабой бальшавікоў, якія ў паніцы ўцяклі з Нарвы і горада Сіламяэ. У вызваленай ад акупацыі Беларусі падобныя мерапрыемствы будуць арганізоўвацца на Случчыне, Тураўшчыне і ў іншых месцах беларускага супраціву маскоўскай агрэсіі.

Вядомы маскоўскі публіцыст Віктар Шандаровіч 6 студзеня выступіў у прэсе з “вынікамі года”. Знаёмім вас з фрагмэнтам ягонага артыкула “Пад паханом”:

“Гэта азначае, што дзяржавы ў Расеі — няма. Таму што дзяржава — любая! — дэмакратычная ці савецкая, рэлігійная, фашыстоўская — як мінімум, шануе свае законы і не дазваляе ім ператварыцца ў публічнае пасьмешышча.

А вось так, з нахабнаватай усьмешачкай і дэманстрацыйнай непавагай да закону, паводзіць сябе злодзейская маліна, што дарвалася да ўлады.

Члены гэтай маліны не зьвязаныя ніякай ідэалогіяй, акрамя вернасьці пахану, які забясьпечвае ім магчымасьцьц смактаць і пілаваць у асабліва буйных памерах. Пахан, у мінулым дробны савецкі афіцэр і непрыкметны дэмакратычны чыноўнік, ужо даўно зьехаў з глузду і не стрымлівае сябе ні ў прамовах, ні ва ўчынках...

Страх перад паханом і ягонымі крымінальнымі магчымасьцямі — адзіная рэчаіснасьць, якая змацоўвае сёньня жыцьцё на прасторах, дзе трыццаць гадоў таму яшчэ спрабавалі будаваць камунізм, а дваццаць гадоў таму вырашылі паспрабаваць жыць паводле правілаў, прынятых у Эўропе.

Нічога не атрымалася, нічога.

Сёньняшняя Расея — гэта прастора, якая не ўкладаецца ў розум, прастора паміж Эўропай і Кітаем, запоўненая вуглевадародамі і напханае “ваенкай” — малакарыснай для вядзеньня сучаснай вайны, але цалкам прыдатнай для геапалітычнага шантажу. Ядзерная Нігерыя з правам вэта ў Радзе Бясьпекі ААН...

Блатны, крымінальны характар улады ў апошні месяц быў адкрыты нам, здаецца, цалкам дэманстрацыйна, — каб пазбавіць ад ілюзіяў нашага лібэральнага брата, які заплутаў, сотні тысячаў тых, хто апошнія два гады зажмурыліся і спрабавалі галюцыніраваць і ў думках вырошчваць Медведева да памераў Гарбачова.

Будзем шчырымі — гэтага памеру са складоў матухны-гісторыі нам гэтым разам не завезьлі. І чым хутчэй мы забудзем гэтую недарэчнасьць, тым хутчэй ачуняем, тым больш у нас шанцаў сустрэць будучую рэчаіснасьць прынамсі ўзброенымі мужнасьцю”.

Позьні Вавілон. Расейскія СМІ пачынаюць падводіць першыя вынікі каронных зімовых сьвятаў. Канцэртныя агенцыі агучылі пэўныя лічбы на тэму сьвяточных канцэртаў у Маскве. Зазначаецца, што сёлета значна зьменшылася плынь заходніх сьпевакоў, якая раней “біла фантанам”. У Маскву прыязджала выступаць з заходніх зорак толькі Эмі Увайнхаўз, якая зарабіла 1,5 мільёна даляраў, пасьпяваўшы адзін вечар на сьвяце ў аднаго расейскага нафтавага барона.

Далей пазначаны кошты, за якія давалі свае канцэртныя нумары прыкметныя твары расейскай эстрады (папсы). Філіп Кіркораў напярэдадні сьвятаў агучыў свае расцэнкі — 120-150 тысячаў эўра за вечар. У выніку Кікорава ніхто не запрасіў на свае тусоўкі. У лідэрах, якіх запрасілі на сьпевы, былі Грыгоры Лепс (80 тысячаў эўра за 40 хвілінаў выступу), Стас Міхайлаў (50 тысячаў эўра, у навагоднюю ноч — 100 тыс. эўра), Алена Ваенга (30 тыс. эўра, у навагоднюю ноч — ад 60 тыс. эўра). Паводле прыкладных падлікаў, кожны зь іх зарабіў з 15 сьнежня па 1 студзеня каля 2 мільёнаў эўра. Ад 25 тысячаў эўра і вышэй каштуюць выступы на “карпаратывах” такіх маскоўскіх зорак-папсоўцаў як Валерыя, Лайма Вайкуле, Лаліта, Дзімы Білан, Крыстына Арбакайтэ, Ларыса Доліна. Мясцовыя СМІ згадалі пра папсоўцаў РБ. Тут стаўкі на парадак ніжэйшыя: ад 1 тысячы эўра да дзьвюх.

Усё гэта адбываецца ў Расеі на фоне мільёнаў беспрытульных дзяцей, мільёнаў наркаманаў, дзесяткаў мільёнаў грамадзянаў, даведзеных да атчаю галечай і сацыяльнай несправядлівасьцю. Маскоўскі гэбізм гуляе... Так было ў позьнім Рыме, позьнім Вавілоне. Потым гнілыя калосы абрыналіся ў нішто.

(Паводле матэр'ялаў з расейскіх СМІ)
Янка Базыль