СТУДЗЕНЬСКІ СОЙМ

posted Jan 10, 2011, 1:00 PM by Адміністратар Навін   [ updated Jan 12, 2011, 9:51 AM ]
9 студзеня сёлета, у Менску, адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Сойм заслухаў даклад сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Партыі і Фронту — “Другі падпал Райхстагу”. З дакладамі выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Фронту і Партыі, і сп. Сяргей Папкоў, намесьнік старшыні Фронту і Партыі.

Драматычныя падзеі апошняга месяца дагэтуль застаюцца важнейшай тэмай у нашым жыцьці. Людзі перажываюць і абмяркоўваюць тое, што адбылося, многія робяць высновы. Рэжым на поўніцу прадэманстраваў сваю антынародную, агрэсіўную сутнасьць. Дыктатура паказала, як яна ставіцца да беларусаў — зьняважліва, зь нянавісьцю. Так ставіцца да народа чужы, акупацыйны рэжым, які захапіў пэўную тэрыторыю і зрабіў закладнікам сваёй злачыннай палітыкі ўвесь народ. Многія людзі, што жылі ў ілюзіях, разгубленыя, ня ведаюць, што рабіць. Многія пытаюцца, як пазбавіцца ад зла, якое запанавала ў краіне.

Наша задача цяпер — кансалідаваць усё грамадзтва, растлумачыць людзям, што ёсьць выйсьце. Самае важнае, каб людзі зразумелі цяпер, што Лукашэнка ня быў абраны законна, што, сфальшаваўшы вынікі выбараў, ён зьяўляецца захопнікам, узурпатарам прэзыдэнцкай улады. Выйсьцем з гэтай сытуацыі ёсьць новыя выбары без удзелу ўзурпатара Лукашэнкі. А гэта значыць, што новымі выбарамі ня маюць права кіраваць усе тыя асобы, якія зрабілі крымінальныя дзеяньні па фальсіфікацыі апошніх выбараў. Трэба па ўсёй краіне ўтвараць суполкі Руху за новыя выбары. Мабілізаваць на гэтае рушаньне ўсё грамадзтва.

Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны распавялі пра злачынную дзейнасьць мясцовых дзеячаў псэўдаапазыцыі, якія агучвалі заклікі падстаўных “кандыдатаў” і цягнулі людзей на фальшывыя выбары, арганізаваныя дыктатурай. Гэтая публіка здолела падмануць многіх людзей. Вынікам стала расчараваньне і адчуваньне паразы.

Беларусаў па ўсёй краіне ўразілі дзікія дзеяньні рэпрэсіўнай машыны дыктатуры, якая жорстка расправілася з удзельнікамі мірных прытэстаў у сталіцы. Многія называюць гэта сапраўдным фашызмам і разумеюць, што за зьнішчальнікамі нашага народу і нашай культуры стаіць імпэрская Масква. Трэба тлумачыць людзям, што, размаўляючы па-беларуску і баронячы сваю нацыянальную культуру, мы такім чынам абараняем сябе і сваю будучыню. Таму што русіфікацыя ёсьць адным з галоўных спосабаў паняволеньня і зьнішчэньня Беларусі расейскімі імпэрскімі сіламі.

Менавіта родная мова і культура, нашы агульныя нацыянальныя інтарэсы павінны быць асновай для кансалідацыі беларускага грамадзтва. Актывісты нашай Партыі тлумачаць цяпер людзям па ўсёй краіне, што нельга хадзіць у тупікі за папамі-гапонамі, якія крывадушна абяцалі лёгкі шлях пазбаўленьня ад лукашызма. Псэўдаапазыцыя канчаткова дэскрыдытавала сябе. Грамадзтва ўбачыла, што псэўдаапазыцыя зьяўляецца арганічнай часткай прамаскоўскага рэжыму і кіруецца варожымі Беларусі сіламі. Супраціў акупацыі і дыктатуры павінен быць сапраўды нацыянальным і салідарным.

Сойм абмеркаваў мепраемствы па разгортваньню ў краіне Руху за новыя выбары.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ
9 студзеня 2011 г.