РЭЖЫМ ЗДАЕ АГЕНТУРУ

posted Jan 14, 2011, 2:37 PM by Адміністратар Навін   [ updated Jan 14, 2011, 2:38 PM ]
Часам карысна праглядаць прапагандысцкае гэбоўскае кіно, ведаючы іхныя манеры і прыёмы ілжы. Фільм “Плошча. Жалезам па шклу” увесь зроблены на прымітыўных штампах пра міфічных “баевікоў” беларускай апазыцыі, пра бомбы, гранаты, “заточкі”, аўтаматы (якія паказваюць у кадры), пляны захопу ўлады, пагромшчыкаў, экстрэмістаў і г. д.

Але ёсьць два цікавыя моманты. Гэбісты зразумелі, што ўліплі з правакатарамі і са спробай забойства Някляева. Сьпешна прыдумваюцца вэрсіі, каб выблытацца і зваліць віну на іншых.

Правакатараў журналісты зьнялі ва ўсіх ракурсах. Добра відаць іхняя правакацыйная “праца” і дзеяньні. Грамадзкія энтузіясты здабылі нават радыёперахваты іхных галасоў, даведаліся іхныя агентурныя клічкі і прозьвішчы. Гэбістам трэба было нешта рабіць у адказ, і яны пайшлі па стандартнай схеме (магчыма, нават узгодненай з выканаўцамі пагрому) — пачалі самы здаваць сваіх правакатараў, якія білі шыбы, маўляў, мы ведаем, хто яны такія, сьледзтва ўстанавіла — усім будзе па заслугах. Прытым і тэрміны адсідкі ім могуць даць сапраўдныя (звычайна, на правакацыйную ролю падбіраюць крымінальнікаў), папарядзяць яшчэ, каб ня рыпаліся, а то атрымаюць болей. Такіх за людзей там ня лічаць. Ды і сам іхны падпал Райхстагу і грандыёзнасьць злачынных плянаў патрабуюць ахвяр.

Такім чынам аўтары і заказчыкі фільма прызналіся да чатырох агентурных правакатараў і насамрэч іх здалі: Федаровіча Алега Ўладзімеравіча, Хамічэнку Ўладзімера Мікалаевіча, Ліхавіда Мікіту Юравіча, Парфянкова Васіля Пятровіча. Больш таго, стараючыся надаць праўдападобнасьць сваёй прапагандзе, гэбісты засьвяцілі шэраг іншых сваіх сексотаў у асяроддзі людзей (спадзеючыся, відаць, на наіўнасьць гледача і думаючы, што ніхто ні аб чым не здагадаецца). Але мінуў той час. Людзі “паразумнелі” за адзін вечар 19-га сьнежня. Вось прозьвішчы, якія стваральнікі кіно раскрылі: Антон Давыдзенка, Сяргей Лугоўскі, Ігар Мысьлівец, Мікіта Шапуроў, Ігар Нікіцін, Юры Панчук.

Сярод арыштаваных (тых, што сядзяць у турме КГБ) з цягам часу канторскія экзэмпляры раскрыюцца самы. Таму ня буду нічога казаць наперад, каб не бянтэжыць добрых людзей. Некаторыя, праўда, ужо адчыніліся цалкам. Яраслава Раманчука людзі, якія ня першы год у палітыцы, вылічылі адразу. Але падставаў для ацэнак ён не даваў. Выбарчая афёра (якую Раманчук увесь час “гжэчна” падтрымліваў) нечакана вылезла яму бокам і перакрэсьліла ўвесь яго гадамі леплены кшталт разумніка і знаўца эканомікі. (І зьявіўся, раптам, такі Мікіта Зносак.) Заява-данос, якую ён прачытаў на тэлебачаньні, называючы канкрэтныя асобы, скрозь складзена з дакладных фармулёвак артыкулаў Крымінальнага Кодэксу (і ён ня мог таго ня ведаць). Гэтая заява напісана для абвінавачваньня на судзе.

Пасьля заявы Раманчук зьезьдзіў за мяжу, як паведаміў журналістам, каб “зьняць напружаньне”.

Другі момант фільма мне добра вядомы. Схема яго такая: стварэньне канфлікту (альбо бачнасьці канфлікту) у арганізацыі, забойства лідэра (кіраўніка) і звальваньне забойства на канфліктуючы бок (на ўнутраныя “разборкі”).

Нагадаю, што КГБ — гэта арганізацыя антычалавечая, спраўца жахлівага генацыду і сьмерці мільёнаў людзей. У савецкім КГБ няма забароны на палітычныя забойствы, як гэта ёсьць у цывілізаваных краінах у дачыненьні да кодэксу спэцслужбаў. Іх вучаць забіваць, разбэшчваць, хлусіць. Агенты, якія выконваюць забойствы (альбо не выконваюць) таксама падлягаюць ліквідацыі (выразны прыклад — забойства Аляксандра Ліцьвіненкі). З гледзешча мэтафізікі духа, КГБ — гэта зьява шатанская, д'ябальская. З пазыцыяў сацыяльнага гуманізму і правоў людзей, савецкі КГБ ёсьць утварэньнем, якое ажыцьцяўляла злачынствы супроць чалавецтва. Грамадзтва ня зможа нармальна разьвівацца, не ліквідаваўшы КГБ і не асудзіўшы яго дзеяньняў і спраўцаў у рашэньнях права. Сёньня, як і даўней, КГБ нішчыць беларускую нацыю.

Увесь драматызм і няшчасьце народаў Усходняй Эўропы ў тым, што пасьля частковага распаду СССР і ліквідацыі ўлады КПСС у дзьвух краінах — Беларусі і Расеі — КГБ захапіў поўную і абсалютную ўладу ў дзяржаве. Розьніца паміж гэбізмам у Расеі і гэбізмам у Беларусі толькі ў схеме вярхоўнай улады. У Беларусі — антынацыянальны антыбеларускі аўтарытарызм, у Расеі — антынароднае карпаратыўнае праўленьне. Але гэта адзін і той жа рускі гэбізм. Абодва варыянты характарызуюцца рэпрэсіямі, карупцыяй, тэрарызмам супраць народа і паразітаваньнем на рэсурсах. (Нагадаю, што народ ёсьць галоўны рэсурс дзяржавы.)

Заходняя Эўропа, нажаль, ня ў стане зразумець (як некалі не разумела Гітлера), што за тып улады ўзьнік на Ўсходзе, дзе КГБ стаў і дзяржаўнай, і палітычнай сілай у адной опцыіі. КГБ тут і абсалютная ўлада, і палітычная супэрпартыя адначасна. Адсюль — кагэбізацыя грамадзтва, разгул агентуры, развал грамадзянскай супольнасьці, пастаянныя рэпрэсіі, поўнае ігнараваньне законаў, бяспраўе людзей. КГБ ажыцьцяўляе ўладу так, як умее і чаму навучаны. Іншай гэтая ўлада быць ня можа.

Цяпер вернемся да “другога моманту”. У 1995 годзе, калі я быў папярэджаны, што рыхтуецца маё забойства (пра тое ўжо ведаў нават Кебіч), было таксама адзначана, што сьмерць зваляць на ўнутраны канфлікт у Фронце і на помсту паплечнікаў. Канфлікту ў Фронце не было, але якраз у гэты час ён пачаў разыгрывацца неадэкватна і на пустым месцы. Падняла галаву нават “ляжачая агентура”.

Гэты плян (які рыхтавала спэцгрупа Лукашэнкі) ня ўдаўся.

Арсэнал прыёмаў і распрацовак савецкага КГБ у цяперашнім яго выглядзе не зьмяніўся (хутчэй, стаў гэбоўскай “клясікай”).

Мы бачым тую ж схему ў спробе забойства Някляева. Калі някляеўская група падтрымкі рушыла ад сядзібы на Нямізе, высьветлілася, што асноўную частку моцнай аховы Някляева яе кіраўнікі адаслалі на плошчу. Ахоўваць Някляева, фактычна, не было каму. Пасьля нападу спэцгрупы “Алмаз” Някляева знайшлі ў непрытомным стане пад машынай дарожнай міліцыі. Праз нейкі час кіраўнік выбарчага штабу Някляева Андрэй Дзімітрыеў, знаходзячыся пад арыштам у турме КГБ, робіць характэрную заяву, што баццам бы на Някляева напалі п'яныя хуліганы, “завязалась драка”, але міліцыя прагнала хуліганаў, і што “міліцыя не вінавата”(?).

Дзімітрыева, адпаведна, выпускаюць з турмы КГБ, як ён сказаў, “сам ня ведаю, чаму”. (Можа ён і ня ведае, але трэба ж некаму назіраць за “Говправдой”, каб не разьбеглася агентура і каб не прышлі туды “ня тыя людзі”.)

Цалкам гэтая прыдуманая вэрсія і заезджаны гэбісцкі плян былі агучаныя ў фільме “Плошча. Жалезам па шклу”. У фільме так і гаворыцца, што напад на Някляева рыхтавалі яго сябры-канкурэнты: Статкевіч, Саньнікаў і Рамашэўскі. На іх жа ў агучаным даносе паказвае і Раманчук.

Тупасьць гэтай гэбісцкай вэрсіі, вядома ж, уражвае і паказвае, на што здольныя іхныя разумовыя якасьці, каб пазьбегнуць адказнасьці за спробу забойства і потым за выкраданьне Някляева са шпіталю.

Зрабіўшы злачынства, рэжым агучвае цяпер сваю гёбельсаўшчыну і, на жаль, і тут навязаў сваю тактыку пацярпелым і сваю зладзейскую ініцыятыву.

У артыкуле “Другі падпал Райхстагу” (і раней) я ўжо пісаў, што неабходна рабіць: узбуджаць крымінальную справу супраць спраўцаў рэжыму за правакацыйнае біцьцё шыбаў у доме Ураду, за напад на дэманстрантаў і калецтва мірных людзей (у тым ліку, па артыкуле 127 Крымінальнага Кодэксу — генацыд).

Сваякі пабітых і захопленых у турму закладнікаў аб'ядналіся, дбаюць аб перадачах вязьням, аб спатканьнях, заклапочаныя высьвятленьнем стану іхняга здароўя і г. д. Вельмі добра, што сваякі гуртуюцца, але гэтага мала. На жаль, мушу канстатаваць, што вынікам толькі гуманітарнай пазыцыі ў дачыненьнях з антылюдзкім рэжымам можа стацца палітычная параза і наступнае сузіраньне гнюснага, хамскага, ілжывага суду, які гэбісты хочуць арганізаваць над невінаватымі людзьмі, дэманструючы ігнараваньне грамадзтва і міжнароднай супольнасьці. Сваякі якраз маглі б падаць ў суд на спраўцаў злачынства. Гуманізм, прыстойнасьць, мараль, справядлівасьць, закон — ўсё гэта невядома нішчыцелям нашага народа. Але яшчэ ёсьць магчымасьць ачуняць ад удараў і пачаць змагацца.

13 студзеня 2011 г.
Зянон ПАЗЬНЯК