АГЛЯД ЗАМЕЖНАГА ДРУКУ (14-15.I.2011)

posted Jan 15, 2011, 8:14 PM by Адміністратар Навін   [ updated Jan 15, 2011, 8:16 PM ]
Пра “польскі Асьвенцым”, “польскі рэжым” Ярузэльскага і “беларускі рэжым”.

14 студзеня 2011 г. Польская газэта “Gazeta Wyborcza” напісала пра артыкул у “Советской Белоруссіі”, у якім польскія і нямецкія спэцслужбы абвінавачваюцца ў “арганізацыі беспарадкаў 19 сьнежня”. МЗС Польшчы назваў гэтыя заявы беспадстаўнымі і абсурднымі.

Наш камэнтар: Заява польскага боку па сутнасьці слушная: антыбеларускі рэжым хлусьлівы і нецывілізаваны. Вось толькі беларусы даўно ўжо заўважылі, як польскія журналісты і палітыкі настойліва ўжываюць словазлучэньні “беларуская газэта”, “беларускі рэжым”, камэнтуючы дзеяньні антыбеларускай “русскоязычной” прапаганды і прамаскоўскага антыбеларускага рэжыму. Нагадаем, што ўсе польскія СМІ і палітычныя структуры, а таксама грамадзтва рэзка пратэстуюць, калі ў сьвеце нехта называе Асьвенцым “польскім лягерам сьмерці”. Беларусам падчас самаахвярнага змаганьня “Салідарнасьці” у галаву не прыходзіла называць хунту Ярузэльскага “польскім рэжымам”.

Юрка Марозаў


Згадка пра Летуву Буракявічуса

14 студзеня 2011 г. Летувіская газэта “Lietuvos Rytas” апублікавала артыкул пад тытулам “Беларусь абвінавачвае краіны ЭЗ у “спляценьні выбарчай змовы”. Газэта напісала: “Афіцыйная газэта адміністрацыі прэзыдэнта “Советская Белоруссія” напісала, што сакрэтныя службы Нямеччыны і Польшчы спляталі змову, а Варшава аплочвала актывістаў апазыцыі”.

Наш камэнтар: Дзякуй, што пазначылі пра “афіцыйную газэту”. А ўсяроўна не маглі пазьбегнуць дэфініцыі “Беларусь”, пішучы пра фальшывыя дзеяньні і заявы антыбеларускага рэжыму.

Прамінула роўна 20 гадоў з трагічных падзеяў у Вільні (13 студзеня 1991 г.). Тады беларусы нешта не называлі “Летувой” наймітаў Масквы Ермалавічуса і Буракявічуса, якія выступілі супраць свайго народа начале антыканстытуцыйнага “дзяржкамітэту ЛітССР”. Але ў некаторых “пішушчых” летувісаў аказалася кароткая памяць. Для іх рэжым Лукашэнкі — “Беларусь”.

Юрка Марозаў


“Пайшоў прэч!”

15 студзеня 2011 г. Угорская газэта “Nepszabadsag” паведаміла пра ўцёкі з Туніса прэзыдэнта Бэн Алі, які па-дыктатарску кіраваў краінай на працягу 24 гадоў. Часовым выканаўцам абавязкаў кіраўніка дзяржавы прызначаны старшыня парляманту. У некаторых месцах працягваюцца сутычкі дэманстрантаў з паліцыяй, але па ўсёй краіне мільёны людзей выйшлі на вуліцы і сьвяткуюць народную перамогу.

Наш камэнтар: Народныя выступы ў Тунісе праходзілі пад лёзунгам “Патрабуем выбараў!” (меліся на ўвазе, зразумела, дэмакратычныя і справядлівыя выбары, а не дыктатарскі фарс з падстаўнымі). У авангардзе была змагарная туніская моладзь, перш за ўсё студэнты і выпускнікі ўнівэрсітэтаў, для якіх рэжым стварыў невыносныя ўмовы існаваньня і немагчымасьць самарэалізацыі. У апошнія дні маладыя трымалі ў руках плякаты “Пайшоў прэч!” Змаганьне мае посьпех, таму што начале змагароў не псэўдаапазыцыя і не папы-гапоны, а сапраўдныя лідэры, якія не завялі маладых у тупік.

Алесь Хадасевіч


Муміі мінуўшчыны супраць муміяў мінуўшчыны

15 студзеня 2011 г. Славацкая газэта “SME” напісала, што парлямант Малдовы выказаў давер новаму ўраду прэм'ера Улада Філата, складзенай з трох празаходніх партыяў. Камуністы байкатавалі галасаваньне. Іх няма ва ўрадзе.

Наш камэнтар: У Малдове працягваюцца палітычныя працэсы, сутнасьць якіх — ачышчэньне ад камуны, пазбаўленьне ад імпэрскага ўплыву Масквы і новая арыентацыя на дэмакратычныя эўрапейскія краіны. Гэтыя працэсы пачаліся ў красавіку 2009 года, калі змагарная моладзь штурмавала будынкі парляманта і прэзыдэнцкай адміністрацыі, якія былі апанаваныя агентамі Масквы — камуністамі. Прамаскоўская камуна кінула супраць моладзі азьвярэлую паліцэйшчыну, якая наладзіла дзікія рэпрэсіі. Але ўжо праз некалькі месяцаў народ, які адвярнуўся ад камуны, і патрыятычныя палітыкі пачалі выдаленьне камуністаў з кіраўніцтва краіны. З кожным месяцам камуна губляе свае пазыцыі ў Малдове. Гэта ёсьць лагічны шлях забесьпячэньня дэмакратыі і незалежнасьці дзяржавы.

А вось псэўдаапазыцыя ў Беларусі навязвае нашым людзям сярод іншага і рэанімацыю камуністычных мумій. Нават 19 сьнежня на пл. Незалежнасьці перад моладзю з-пад помніка Леніну прамаўляў (на мове маскоўскіх акупантаў) “про демократію” вядомы бальшавік Калякін. Ён вядзе рэй у створаным на сядзібе псэўда-БНФ у Менску “каардынацыйным камітэце” псэўдаапазыцыі (дзе сярод іншых камітэтчыкаў засядае і раскрыты гэбоўскі правакатар з “Говправду” Дзімітрыеў — пра гэта паведамляла Радыё Свабода). Цяпер Калякін езьдзіць па Заходняй Эўропе і распавядае заходнікам пра падзеі ў Беларусі. Ну пра што ён можа там распавесьці? Хто прыдумаў гэты абсурд? З муміямі мінуўшчыны грамадзкія пераўтварэньні ня робяцца.

Юрка Марозаў


Крывадушнікі ляпаюцца

15 студзеня 2011 г. Дацкая газэта “Information” пісала пра адказнасьць краінаў Эўразьвязу і перш за ўсё Францыі за сытуацыю, што склалася ў Тунісе. Пра гэта распавяла газэце Ула Хольм, дасьледчыца з Дацкага Інстытута Міжнародных Дасьледваньняў. Яе аналіз паказаў, што Эўразьвяз скрозь пальцы глядзеў на татальны прыгнёт у Тунісе, бо эўрапалітыкі баяліся, што альтэрнатывай рэжыму будзе ўлада ісламістаў.

Наш камэнтар: Яшчэ раз раскрылася крывадушная палітыка брусэльскага “савецкага саюзу”. Што ж, гэта ня першае і не апошняе фальшывае дзеяньне Парыжа і шэрагу іншых з эўракампаніі.

Зусім нядаўна яны запрашалі на “белы танец” Лукашэнку, запоўнілі эўрапейскія СМІ рэпартажамі пра “адлігу” і “прагрэс дэмакратыі” у Беларусі, пра “ўсенародную падрыхтоўку да выбараў” (“гэта ж як дэмакратычна — столькі дэмакратычных кандыдатаў!”). На папярэджаньні беларускіх патрыётаў аб падступным праекце электаральнага падману людзей яны не зьвярталі ўвагі. І ўжо зьбіраліся прызнаць легітымнымі ўшчэнт сфальшаваныя лукашыстоўскія “выбары”. Ды ўся скрыўленая “эўрамадэль” абвалілася...

Паўстае пытаньне: чаму эўрачыноўнікам так залежала на тым, каб у Беларусі захаваўся прамаскоўскі лукашызм? Ну, няма ў нашай краіне радыкальных ісламістаў, альтэрнатывы з боку якіх можа баяцца Берлін-Парыж. Мяркуем, што па дамоўленасьці гэтай публікі з Масквой Беларусь павінна заставацца прыгнечанай і залежнай краінай — абы праз гэтую тэрыторыю ішлі на Захад эўраплыні з сібірскага газу-нафты. Не выпадкова таксама, што гэтыя эўрапалітыкі падтрымліваюць палітычных імітатараў кшталту Мілінкевіча, якія сваімі фальшывымі расповедамі пра Беларусь тлумяць галаву заходнім грамадзтвам.

Разумеючы ўсё гэта, беларусам ня трэба апускаць рукі. Барані Божа, каб лёс Беларусі вырашаўся ў брусэльскіх або маскоўскіх кабінэтах. Ня трэба слухаць крывадушных, вызваленьне нашай краіны — выключная справа нашага народу.

Юрка Марозаў


За новыя выбары

15 студзеня 2011 г. Швэдская газэта “Svenska Dagbladet” зрабіла агляд драматычных падзеяў у Тунісе. Усё пачалося з інцыдэнта, які адбыўся ў сьнежні 2010 г. 26-гадовы Магамэд Буазізі, выпускнік унівэрсітэта, вымушаны быў працаваць зеляніўшчыкам. Але паліцыя канфіскавала ягоны перасоўны шапік. Даведзены да адчаю маладзён падпаліў сябе перад паліцэйскім участкам і пазьней памёр у шпіталі. У наступныя дні ў Тунісе паднялася моладзь, якая мае тыя ж праблемы, што і Магамэд. Праз некалькі тыдняў уцёк з краіны прэзыдэнт-дыктатар, захістаўся і пайшоў на саступкі рэжым.

Наш камэнтар: Вельмі важна, каб беларуская моладзь не ўпадала ў адчай і не рабіла такіх трагічных крокаў. У нашага народу ёсьць магчымасьць без самагубстваў і гвалту вызваліць Радзіму ад акупанцкага рэжыму. Ёсьць шлях дасягненьня гэтай мэты — салідарны Рух за новыя выбары без Лукашэнкі.

Алесь Хадасевіч


А раней яна такое нагаварыла...

15 студзеня 2011 г. Летувіская газэта “Lietuvos Rytas” пісала пра дыскусіі ў Эўразьвязе наконт прыняцьця санкцыяў у дачыненьні да рэжыму ў Беларусі. Вядома, што з усіх краінаў прыняцьцю санкцыяў супраціўляецца Італія. Журналіст лёнданскай газэты “Economist” Эдвард Лукас паведаміў таксама, што ходзяць трывожныя чуткі аб спробах кіраўніцтва Летувы не дапусьціць прыняцьця санкцыяў. У Лукаса ўзяла інтэрвію на гэтую тэму летувіская агенцыя “Elta”. Пасьля гэтага выступіў прэс-сакратар прэзыдэнта Летувы Грыбаўскайтэ Лінас Балсіс і заявіў, што такія чуткі беспадстаўныя.

Наш камэнтар: Беларусы, аднак, памятаюць дзьве рэчы. Першае, як паводзіла сябе да 19 сьнежня 2010 г. пані Грыбаўскайтэ і што яна нагаварыла пра лукашыстоўскі “прагрэс”. Другое, як паводзіў сябе Эдвард Лукас, гераічны журналіст і мужны чалавек. У Беларусь яго ўжо не пускаюць, але ён уважліва назірае за падзеямі ў нашай краіне і вакол яе, праводзіць глыбокі аналіз і робіць адэкватныя высновы (у адрозьненьні ад безьлічы іншых журналістаў-балалаечнікаў).

Эдвард Лукас быў у Беларусі ў сакавіку 2006 года на папярэдніх, так сама сфальшаваных “выбарах” дыктатуры. Ён заўсёды знаходзіўся ў самым цэнтры падзеяў і пасылаў у Лёндан праўдзівыя рэпартажы пра працэсы ў нашай краіне. Падчас гэбоўска-паліцэйскага нападу на намётавы лягер моладзі на пл. Каліноўскага ў Менску ўноч на 25 сакавіка гарылы моцна зьбілі Лукаса, паламалі яму рэбры. На наступны дзень ён зноў быў на плошчы і выконваў свае абавязкі. Прызнаўся патрыётам, што вымушаны прымаць моцныя лекі, каб заглушыць нясьцерпны боль. І зноў пісаў праўду пра Беларусь і пра імпэрскую Маскву. Замітусілася афіцыйная Вільня пасьля заяваў аўтарытэтнага чалавека. Як жа ўсё гэта непрыгожа...

Юрка Марозаў