АГЛЯД ЗАМЕЖНАГА ДРУКУ (17.I.2011)

posted Jan 19, 2011, 9:25 AM by Адміністратар Навін   [ updated Jan 19, 2011, 9:26 AM ]
Уцякла з золатам

17 студзеня 2011 г. Дацкая газэта “Information” паведаміла, што жонка дыктатара Бэн Алі ўцякла на самалёце з Туніса і зьвезла з сабой 1,5 тоны залатых зьліткаў на 45 мільёнаў эўра. Народ заўсёды ненавідзеў яе і яе мафійную сям'ю. Падчас паўстаньня людзі ўварваліся ў вілу, якая належаць сям'і, разграмілі і спалілі яе. Пад рукі паўстанцам патрапіў сваяк згаданай Лэйлы Бэн Алі, якога забілі.

Наш камэнтар: Шмат што залежыць, зразумела, ад эмоцыяў. А ім ня трэба паддавацца падчас рэвалюцыйных дзеяньняў, пра што сьведчыць гістарычны досьвед. Тунісцам трэба было не паліць дыктатарскую маёмасьць (з першага дня рэвалюцыі гэта ўжо народная маёмасьць) і не ганяцца за ягонымі сваякамі (іх трэба ратаваць ад народнай помсты і пазьней судзіць, калі яны правініліся). Лепш было ўзяць пад рэвалюцыйную ахову і кантроль банкі ды зачыніць межы. Гэта ёсьць лекцыя для ўсіх паняволеных народаў.

Алесь Хадасевіч


Шукае прытулку

17 студзеня 2011 г. Славацкая газэта “SME” паведаміла, што адстаўны мэр Масквы Лужкоў просіцца на жыхарства ў Латвію. Міністар унутраных справаў Латвіі Лында Мурніецэ заявіла, што ў “яго мала шансаў на дазвол”. Латвійскія ўлады зрабілі афіцыйны запыт у Маскву наконт паходжаньня 285 тысячаў эўра, якія Лужкоў трымае ў латвійскім банку. Раней аналітыкі меркавалі, што мафійная сям'я Лужкова будзе шукаць прытулку ў Аўстрыі, дзе ў іх ёсьць маёмасьць і капіталы.

Наш камэнтар: Мітусіцца нядаўна яшчэ ўсемагутны крамлёўскі мафіёза. Апярэдзім аналітыкаў і выкажам меркаваньне, што можа адбыцца яшчэ адна мэтамарфоза. Сьледам за агульнарасейскім мафіёзай экс-прэм'ерам Касьянавым сталічны пахан Лужкаў можа падацца ў “дэмапазыцыю” і разам зь Лімонавым-Нямцовым пачаць “змагацца за правы чалавека”. Чаму б і не?

Алесь Хадасевіч


Падзеі ў Тунісе

17 студзеня 2011 г. Чэшская газэта “Mlada Fronta Dnes” напісала, што туніская армія змагаецца з прэзыдэнцкай гвардыяй паваленага дыктатара Бэн Алі. Пасьля перастрэлкі жаўнеры захапілі камандзёра прэзыдэнцкай гвардыі Алі Сэрыяці.

Наш камэнтар: Кожная дыктатура баіцца нацыянальнай арміі і ніколі не давярае ёй. Не выпадкова, бо там служаць сыны народу. А вось ва ўсякіх тыранскіх “гвардыях” ды “аховах” традыцыйна падбіраецца розная азьвярэлая публіка, якая гатовая нішчыць народ. Армія разам з народам павінна ліквідоўваць гэтыя злачынныя структуры.

Юрка Марозаў


“Бяз вестак прапаўшыя”

17 студзеня 2011 г. Швэдская газэта “Dagens Nyheter” напісала пра рашэньне ўладаў ЗША перадаць В'етнаму 1 мільён даляраў на пошукі парэшткаў паўночна-в'етнамскіх вайскоўцаў, якія загінулі падчас вайны ў 1960-70-я гады. Раней В'етнам дапамагаў шукаць парэшткі амэрыканскіх жаўнераў. Трэба знайсьці 300 тысячаў парэшткаў в'етнамскіх жаўнераў.

Наш камэнтар: Вядома, што в'етнамскія генэралы падчас той вайны ўражвалі амэрыканскіх калег цынічнымі выказваньнямі наконт жыцьцяў сваіх падначаленых. Яны па-азіяцку не лічыліся з памерамі стратаў. Але вось прамінулі гады і дзяржава прыкладае намаганьні, каб высьветліць лёсы і дастойна пахаваць целы палеглых.

На другім канцы вялікай Азіі ёсьць маскоўская імпэрыя, якая таксама заўсёды ваявала па-азіяцку і не лічылася з жаўнерскімі жыцьцямі. З 1945 года там аніразу не парупіліся, каб на дзяржаўным узроўні правесьці пошукі і пахаваньне парэшткаў мільёнаў жаўнераў. Вэтэраны і гісторыкі сьведчаць, што ў вайну спэцатрады НКВД ішлі сьледам за атакуючымі войскамі і зьбіралі з трупаў жаўнерскія мэдальёны і ўсе дакумэнты (якія зьнішчалі). Потым мільёны палеглых раптам аказаліся “бяз вестак прапаўшымі”.

Злачынная імпэрыя стварала тут сваю арыфмэтыку.

Алесь Хадасевіч


У Маскве гавораць

17 студзеня 2011 г. Нарвэжская газэта “Aftenposten” пісала пра маскоўскага апазыцыянэра Нямцова. Нямцоў мяркуе, што “расейская апазыцыя павінна вучыцца на прыкладзе Туніса ў сваёй барацьбе супраць маскоўскага рэжыму”. Далей газэта зазначыла, што Нямцоў і іншыя апазыцыянэры зьбіраюцца выстаўляцца кандыдатамі на прэзыдэнцкіх выбарах у 2012 годзе.

Наш камэнтар: Але хітруны, хватка блытаюць людзей, ня горш за менскіх псэўдаапазыцыянэраў. Нямцову трэба нагадаць, што тунісцы не хадзілі на фальшывыя выбары мясцовай дыктатуры, не спрабавалі ліквідаваць яе на арганізаваных ёю ж “выбарах”. Узялі і пагналі прэч дыктатара.

Алесь Хадасевіч


Кур'ёзы інсургентаў

17 студзеня 2011 г. Швайцарская газэта “Tribune de Geneve” апублікавала архіўныя паштоўкі і фотаздымкі ў рамках тэмы “Даўняя Швайцарыя”. Газэта рэгулярна публікуе не навейшыя за 50 гадоў здымкі, што прысылаюць у рэдакцыю чытачы з сваіх сямейных архіваў. На здымках ціхія мястэчкі і ўпарадкаваныя вёскі, старамодныя трамваі... Адным словам, жыцьцё, якога ўжо няма.

Наш камэнтар: Глядзіш на гэтыя фотаопусы і нараджаецца беларуская рэфлексія. У беларускіх рэвалюцыянэраў, якія здолелі вырвацца з лапаў царскай “Охраны” і дабіраліся да Швайцарыі, была кур'ёзная завядзёнка. Яны пасылалі тэлеграмы і паштоўкі на адрас паліцэйскіх і ахоўных аддзелаў у Менску, Горадні, Гомлі з жартоўнымі прывітаньнямі і зычэньнямі.

Юрка Марозаў


“Тут дэ Ніра ня дасьць рады”

17 студзеня 2011 г. Партугальская газэта “Jornal de Noticias” пісала пра ўручэньне прэстыжовых узнагародаў “Залаты Глобус” дзеячам кінамастацтва. Сярод іншых ўзнагароду атрымаў амэрыканскі актор Робэрт дэ Ніра, у намінацыі “за дасягненьні ўсяго творчага шляху”.

Наш камэнтар: Бліскучая кар'ера дэ Ніра пачалася рольлю пахана-мафіёзы ў знакамітым фільме “Хросны бацька” 40 гадоў таму. Потым ён шэраг разоў увасобліваў мафійныя кінапартрэты ў розных фільмах.

Цяперашняя антыбеларуская дыктатура, на наш пагляд, вельмі няпросты матэр'ял для кінематаграфістаў. Гэта ж якія твары, якія павадкі! Адзін начальнік чаго варты (тут дэ Ніра ня дасьць рады)! Дзе там розным Карлеёнэ з Барзіні! Трэба будзе падбіраць лепшых характарных актораў для кінаўвасабленьня нашага цёмнага часу і менавіта з беларускіх сцэнічных талентаў.

Алесь Хадасевіч