ТРЭБА ВЫСЬВЕТЛІЦЬ МЭХАНІЗМ АНТЫБЕЛАРУСКІХ ДЗЕЯНЬНЯЎ

posted Jan 23, 2011, 5:13 PM by Адміністратар Навін   [ updated Jan 23, 2011, 5:13 PM ]
Прамінуў месяц з дня кульмінацыі падзеяў, якія вызначылі фінальны этап разьвіцьця лукашызма ў нашай краіне. Дагэтуль грамадзтва абмяркоўвае, тое, што адбылося падчас “выбарчай кампаніі”, у дзень фальшывых “выбараў” і пасьля ўсяго гэтага фарсу. Адкрываюцца новыя дэталі і рысы падзеяў.

Стала вядома, напрыклад, што ахвярамі рэпрэсій сталі ня толькі людзі, якія пайшлі за “кандыдатамі” на плошчу Незалежнасьці ўвечары 19 сьнежня. Пад крывавы пагром патрапілі нават тыя, “што ні сном ні духам”. Грамадзяне стаялі на прыпынках і мірна чакалі свае аўтобусы і тралейбусы ў цэнтры сталіцы. Раптам на прыпынках спыняліся аўтобусы без нумароў, адтуль вылятала паліцэйшчына, груба заштурхоўвала грамадзянаў у “транспартны спэцсродак” і адвозіла на “сьледства і суд”.

На судзілішчы дыктатуры мужчыны і жанчыны спрабавалі тлумачыцца, што ня маюць ніякага дачыненьня да падзеяў, “політікой не інтересуются”, нават на выбары не хадзілі і зьбіраліся зусім у іншых справах. Усім гэтым “пасажырам” па канвэеры выпісалі па 10-12-15 сутак, якія яны і адсядзелі на Акрэсьціна. У чарговы раз дыктатура нагадала нашым грамадзянам, што яна ўсюдыпрысутная, што ад яе не схаваешся і яна прымусіць сябе “шанаваць”. Што калі чалавек “не інтересуется політікой”, то сама палітыка нечакана ўрываецца ў ягонае жыцьцё і вельмі цікавіцца ім, гэтым чалавекам.

Яшчэ раз быў разьбіты распаўсюджаны стэрэатып, паводле якога можна ня проста ацалець, але даволі камфортна праіснаваць пад любым фашызмам, “абы нікуды ня ўлазіць”. Успомнім, што рэжым выразна тлумачыў сваімі спэцсродкамі беспадстаўнасьць гэтых уяўленьняў і раней: пасылаў дзяцей грамадзянаў пасьля сканчэньня ВНУ на “адпрацоўку” у атручаныя Чарнобылям раёны, ставіў на дарогах жывыя шчыты з аўтамабіляў, дзе грамадзяне сядзелі сем'ямі і з немаўлятамі на руках, зьневажаў чалавечую і нацыянальную годнасьць людзей і г.д. Усяго гэтага многім грамадзянам было “недастаткова”.

Яркім фактам асэнсаваньня (дакладней — пераасэнсаваньня) падзеяў 19 сьнежня стаўся дакумэнтальны фільм пад тытулам “Плошчадь 2010. Контрреволюція”, накручаны журналістамі БелаПАН і прадэманстраваны ў сеціве (сярод іншага на сайце Радыё Свабода) 21 студзеня сёлета. У фільме паказаны кадры і эпізоды падзеяў, з большага вядомыя. Але на тэму вядомых падзеяў аўтары фільма задаюць шэраг новых пытаньняў (праўда, на расейскай і вельмі кепскай па лексічных якасьцях мове). Напрыклад, аўтары задаюць пытаньне: навошта было весьці людзей да Дома Ураду, дзе нікога не было ў позьні час і дзе засела маса ОМОНа, чакаючы на людзей?

Далей: чаму рэжым фактычна паспрыяў праходу шэсьця да Дому Ураду, выставіўшы на праспэкце слабы ланцужок з даішнікаў? Хто быў зацікаўлены ў тым, каб дзесяткі тысячаў людзей апынуліся ў мяшку на плошчы Незалежнасьці ў атачэньні рэпрэсіўных сілаў дыктатуры? Аўтары фільма пацьвярджаюць, што дэманстранты ніякім чынам не хацелі штурмаваць Дом Ураду і не падтрымалі дзесятак правакатараў, якія білі шыбы і дзьверы афіцыйнага будынку. Чаму тады міліцыя не спыніла гэтых правакатараў на самым пачатку правакацыі? І г.д.

І самае галоўнае пытаньне: каму аказалася выгаднай уся драма на плошчы перад Домам Урада? Адказ адназначны: рэжыму, які разыграў усю масавую падзею, як па нотах. Беларусаў у чарговы раз зьбілі, прынізілі, растапталі, дыктатура прадэманстравала сваю сілу і рашучасьць у рэпрэсіях. На фоне ўсіх пытаньняў і тэлекадраў паказаны партрэты тых з апазыцыі, якія нібыта кіравалі пратэстамі ў гэты вечар. І задаецца пытаньне: дык якая роля гэтых асобаў?

Асэнсаваньне таго, што адбылося, павінна працягвацца. Нельга здаваць у архіў справу па фальшывых “выбарах” і пасьлявыбарчых рэпрэсіях, пакуль ня будзе высьветлены мэханізм усіх антыбеларускіх дзеяньняў з боку мясцовага рэжыму, Масквы, Захаду і псэўдаапазыцыі.

Янка Базыль