ЗАМЕЖНЫ ДРУК (22.I.2011)

posted Jan 23, 2011, 5:14 PM by Адміністратар Навін   [ updated Jan 23, 2011, 5:16 PM ]
“А яны зноў за сваё”

22 студзеня 2011 г. Польская газэта “Gazeta Wyborcza” цытавала ацэнкі Каміля Клысінскага з варшаўскага Цэнтру Усходніх Дасьледваньняў: “Пакуль што Лукашэнка хоча канчаткова разграміць апазыцыю, выкарыстаць момант і рэканструяваць апазыцыйнае асяроддзе дзеля сваёй мэты і на сваю карысьць”. Газэта ў сваім аналізе сытуацыі ў Беларусі абапіраецца таксама на статыстыку зарэгістраванага ў Вільні Беларускага інстытута дасьледваньняў. Гэты інстытут сьцьвярджае, што за Лукашэнку прагаласаваў 51% выбаршчыкаў.

Наш камэнтар: На глыбакадумную аналітыку ў Варшаве можна зазначыць, што псэўдаапазыцыйнае асяроддзе было ўтворанае Гансам Вікам разам з КГБ РБ яшчэ ў канцы 1990-х гадоў і яно дзейнічае больш за 10 гадоў на карысьць антыбеларускага рэжыму. Дарэчы, гэтае “асяроддзе” актыўна дзейнічала ў гэтым рэчышчы (ратавала выбарчы фарс дыктатуры, заклікаючы да ўдзелу ў ім выбаршчыкаў і выстаўляючы сваіх “кандыдатаў”) і падчас апошніх “прэзыдэнцкіх выбараў”.

Ня трэба забывацца, што ў Польшчы дзеячы і дзеячыкі карыснай для антыбеларускай дыктатуры “оппозіціі” карысталіся вялікай (і штучна надзьмутай у польскіх СМІ) папулярнасьцю, выступалі ў ворганах улады, ладзілі канфэрэнцыі і г.д. Найбольш папулярным быў А. Мілінкевіч, якога прадстаўлялі з пэўнай помпай “лідэрам дэмсілаў і апазыцыі ў Беларусі”. Беларусы, якія канчаткова разабраліся з пустапарожнім Мілінкевічам і пачалі забывацца аб ім, са зьдзіўленьнем убачылі, што пасьля драматычных падзеяў 19 сьнежня 2010 г. у Польшчы (і ў Брусэлі) пайшла рэанімацыя гэтай нафталінавай постаці. Ён зноў пазіруе перад тэлекамэрамі, робіць нейкія заявы, “ратуе ўвязьненых кандыдатаў”. Адным словам, вярнуўся ў сваю стыхію — замежныя гастролі. Пры гэтым у Беларусі людзі сапраўды ўжо сьмяюцца з гэтага пэрсанажа.

Што да згаданага “інстытута”, зарэгістраванага ў Вільні, то нагадваем польскім аналітыкам: гэты інстытут створаны сп. Манаевым, вядомай “агентуркай”, і толькі зусім лянівы таго ня ведае. Вось і цяпер манаеўскі “інстытут” ратуе аўтарытэт лукашызма.

Усяму сьвету зразумела, што “перамога” дыктатара ў 80% сфальшаваная і нелігітымная. Вось манаеўшчына і нацягвае Лукашэнку крыху больш за 50% (каб выглядала верагодней) і ратавала б “легітымнасьць” узурпатара. Такое ў іх “заданіе родіны”, а іхная “родіна” — гэта Масква.

Сапраўдны аналіз паказвае, што на апошніх “выбарах” Лукашэнка атрымаў ня больш за 15-20%, да таго ж мільёны людзей байкатавалі выбарчы фарс. Пра гэта, на жаль, у польскай аналітыцы няма аніслова. Брусэльская Польшча ад пачатку не падтрымлівала палітыкі байкоту фальшывах выбараў у Беларусі і рыхтаваліся прызнаць выбарчы фарс. Цяпер, апынуўшыся ў лужы, куды іх усіх усадзіў Лукашэнка, яны зноў за сваё — глыбакадумна аналізуюць агентурную аналітыку. Да гэтага часу такія “аналітыкі” не зразумелі, што такое гэбізм і што за ўлада цяпер у Менску.

Юрка Марозаў


“Справа гаспадарская”

22 студзеня 2011 г. Польская газэта “Rzeczpospolita” апублікавала артыкул пад тытулам “Беларусь стварае ўласны задыяк?” Журналіст кансультуецца ў супрацоўніка НАН РБ Угліка пра выдадзены нядаўна задыякавы каляндар. Замест белага трусіка ў беларускім календары “год мядзьведзя”. Тлумачыцца фальклорная традыцыя і г.д.

Наш камэнтар: Пра наступствы драматычных падзеяў 19 сьнежня 2010 г. у газэце ўжо няма аніслова. “Аналітыкі” з буйнейшай польскай газэты ўжо каляндарык гартаюць. Гэта пры тым, што газэта так і не правяла элемэнтарнай аналітычнай працы па падзеях у суседняй з Польшчай краіне, абмежавалася траскатнёй у стылі “наш Ярэк” і афіцыйнымі статыстыкамі пра 80% за Лукашэнку.

І вось на старонках газэты зайграла мэлодыя “Всё хорошо, прекрасная маркіза”. Дарэчы, на наступны дзень пасьля “інаўгурацыі” узурпатара прэзыдэнцкай улады і ў той час, калі рэпрэсіі ў краіне працягваюцца. Нешта мы ня памятаем, каб сапраўдная міжнародная аналітыка праз месяц пасьля польскай драмы 13 сьнежня 1981 года (увядзеньне рэжыму хунты генэрала Ярузэльскага) пачала б распытваць польскіх навукоўцаў пра каляндарыкі і “прыўкрасную маркізу”. Але, як кажуць, справа гаспадарская.

Юрка Марозаў


Выбары без Лукашэнкі

22 студзеня 2011 г. Славацкая газэта “SME” напісала: “Брусэль заклікаў Менск, каб выбары былі паўтораны, бо лічыць іх зманіпуляванымі. Эўразьвяз разглядае таксама магчымасьць прыняцьця новых санкцыяў у адносінах да краіны”. На фота ў газэце: Лукашэнка на трыбуне зачытвае “прысягу”, на фоне жаўнеры ў маскоўскіх фуражках-“патэльнях”.

Наш камэнтар: Цікавая лексіка Эўразьвязу. Яны, аказваецца, заклікаюць Лукашэнку правесьці яшчэ адны выбары. Ім не зразумела, што прамаскоўская дыктатура правядзе іх так жа сама (а тое і горш), чым папярэднія? Ад інфантыльнасьці брусэльскім чыноўнікам ніяк не пазбавіцца. Сапраўдныя, дэмакратычныя выбары ў Беларусі могуць быць толькі без удзелу Лукашэнкі і ягоных структураў, пад міжнародным пратэктаратам і ва ўмовах самаарганізацыі беларускага грамадзтва.

Алесь Хадасевіч


Падмочаная рэпутацыя

22 студзеня 2011 г. Летувіская газэта “Kauno Diena” напісала, што Вярхоўны суд РБ адмовіўся разглядаць справу па непрызнаньню прэзыдэнцкіх выбараў, якую падаваў Беларускі Гэльсінскі камітэт.

Наш камэнтар: І псэўда-БНФ і псэўда-БГК вельмі актыўна засьвяціліся падчас фальшывай “перадвыбарчай кампаніі”, заклікаючы і арганізуючы беларусаў на “выбарчыя ўчасткі” дыктатуры. Яны выканалі функцыі, якія супярэчаць самой сутнасьці існаваньня патрыятычных і дэмакратычных арганізацый. Яны паказалі сябе як падстаўныя і фальшывыя структуры псэўдаапазыцыі. І іхнае апэляваньне да законнасьці ў ворганах антызаконнай улады выглядае спробай направіць сваю падмочаную рэпутацыю.

Алесь Хадасевіч


Салідарнасьць і чалавечнасьць

22 студзеня 2011 г. Нарвэжская газэта “Aftenposten” апублікавала чарговае пытаньне ў рамках конкурсу “Нарвэгія падчас ІІ Сусьветнай вайны”. Газэта запыталася ў чытачоў: “Колькі расейскіх і польскіх ваеннапалонных загінула або было забіта ў Нарвэгіі ў 1941-45 гадах?”

Наш камэнтар: Добра, што газэта не дае новым пакаленьням забыцца на даўнюю трагедыю народаў. У нямецкіх лягярох на тэрыторыі Нарвэгіі пакутвалі дзесяткі тысячаў ваеннапалонных. Сярод іх былі тысячы беларусаў, якія служылі былі як у Войску Польскім, так і ў Чырвонай арміі. Як бачым, для нарвэжскай гісторыяграфіі яны “або палякі, або расейцы”. Перад беларускай гістарычнай навукай стаіць задача выправіць гэтую недарэчнасьць і сказаць праўду. Дарэчы, беларусы, што прайшлі праз палон у Нарвэгіі і здолелі вярнуцца на радзіму, распавядалі пра салідарнасьць, чалавечнасьць і дабрыню нарвэжскіх людзей, якія выратавалі шмат беларускіх жыцьцяў.

Валеры Буйвал


Мастацтва і праца мастацтвазнаўцаў

22 студзеня 2011 г. Румынская газэта “Evenimentul Zilei” апублікавала артыкул аб перадачы па румынскім тэлебачаньні пад тытулам “Сакрэт блакіта ў Варанцы”. Мастацтвазнаўцы і рэстаўратары распавядаюць у праграме пра шэдэўр румынскага мастацтва: размалёўкі царквы ў Варанецкім кляштары ў румынскай Букавіне. Яны тлумачаць сакрэт выдатнага стану размалёвак (у якіх дамінуе блакітны колер), якія знаходзяцца на зьнешніх сьцянах храма і ўжо 450 гадоў супрацьстаяць снегу, дажджу і сонцу, не губляючы сваёй чысьціні і прыгажосьці.

Наш камэнтар: Варанецкія размалёўкі называюць “румынскай Сіксцінскай капліцай”. Але і ў сьвеце і ў Беларусі мала ведаюць пра непаўторнае, глыбака нацыянальнае мастацтва румынскага народу. Чалавецтва з большага жыве стэрэатыпамі кшталту “французкая готыка”, “нямецкая гравюра”, “італьянскі Рэнесанс”, “пэрсідскія дываны”, “русскій художнік Шагал” і г.д.

Гісторыя мастацтва несправядліва падзелена на “вялікія культуры” і “малыя культуркі”. На апошнія зьвяртаюць сваю ўвагу ў асноўным вузкія спэцыялісты, для большасьці іншых людзей робіцца празрысты намёк аб маргінальнасьці “малых культур”. Сярод апошніх і беларуская культура. Ня ведаючы пра абразы Шарашоўскага майстра, пра нашы храмы-крэпасьці, пра гравюры Скарыны, чалавецтва бясконца абядняе сябе. Наперадзе вялікая праца нашых мастацтвазнаўцаў па запаўненьні гэтай абсурднай лакуны.

Валеры Буйвал