ЗАМЕЖНЫ ДРУК (26-27.I.2011)

posted Jan 27, 2011, 6:28 PM by Адміністратар Навін   [ updated Jan 27, 2011, 6:30 PM ]
Ніякай жалобы не абвясьцілі

26 студзеня 2011 г. Швэдская газэта “Dagens Nyheter” пісала пра рэакцыю ў Расеі на тэракт у Дамадзедаве. Медведев і Пуцін абяцалі ўсіх злавіць і зьнішчыць. Расейскае тэлебачаньне паказала, як людзі ўскладаюць кветкі і запальваюць сьвечкі на месцы выбуха. Газэта напісала, што па ўсёй Расеі памінаюць ахвяраў тэракту.

Наш камэнтар: Швэдская газэта (і тысячы СМІ іншых краінаў) перабольшылі. На здымку ў газэце — сфатаграфаваныя буйным плянам некалькі чырвоных кветак. У іншых СМІ — буйным плянам некалькі маладых асобаў са сьвечкамі. Не выпадкова пляны буйныя. Бо людзей, кветак і сьвечак адзінкі, амаль няма. І ніякай жалобы ня тое што ў Расеі, а нават у Маскве не абвясьцілі. Расейскія аналітыкі зазначаюць, што калі адбыўся тэракт у Мадрыдзе, супраць тэрарызма дэманстравалі толькі ў сталіцы краіны 500 тысячаў чалавек. Салідарна, усе разам, нягледзячы на розьніцу палітычных поглядаў.

У цывілізаваных краінах ёсьць грамадзкая салідарнасьць. У Расеі нічога гэтага няма. Ёсьць толькі агульная грамадзкая нянавісьць, зайздрасьць і абсалютнай бальшыні “усё да фені”, як кажуць дорогіе москвічі.

Юрка Марозаў


Змагары за незалежнасьць

26 студзеня 2011 г. Славацкая газэта “Pravda” напісала, што расейская пракуратура ўжо некалькі гадоў патрабуе ад славацкага боку выдаць двух чачэнцаў: Алі Ібрагімава (34 гады) і Анзора Чанціева (28). Мужчыны ўцяклі ў Славакію праз мяжу з Украінай. Брата Ібрагімава застрэлілі расейскія жаўнеры, сам юнак уцёк у горы. Чанціеў страціў вока падчас бамбардоўкі роднай вёскі ў 2000 г. Абодва потым ваявалі ў паўстанцкай арміі супраць расейскай арміі. Славацкія ўлады адмаўляюцца выдаваць іх Расеі. Справа будзе разгледжана ў міжнародным судзе па правах чалавека ў Стразбурзе.

Наш камэнтар: Цывілізаваная краіна не выдае маскоўскім акупантам змагароў за незалежнасьць.

Юрка Марозаў


Дыктатара — пад суд

27 студзеня 2011 г. Бэльгійская газэта “Le Soir” напісала, што ўрад Туніса выдаў ордэр на міжнародны росшук і арышт былога прэзыдэнта Бэн Алі і яго жонкі. Вядома, што яны зараз хаваюцца ў Савудаўскай Аравіі.

Наш камэнтар: Так павінен дзенічаць урад у кожнай краіне, дзе народ зьвергнуў дыктатуру. Дыктатара — пад суд, дзе б ён ні знаходзіўся.

Алесь Хадасевіч


Навала

27 студзеня 2011 г. Дацкая газэта “Berlingske Tidende” напісала, што за апошнія 20 гадоў у Даніі падвоілася колькасьць мусульманаў. У Швэцыі і Нарвэгіі прырост яшчэ большы — на 200% і 166%. Назіраецца таксама выбуховы прырост мусульманаў у Францыі.

Наш камэнтар: Зразумела, што йдзецца не пра мясцовы люд, які раптам пачаў навяртацца ў іншую рэлігію. Йдзецца пра тысячы і тысячы чужынцаў, якія запаўняюць сабой эўрапейскія краіны хрысьціянскай культуры. Вядома, што большасьць зь іх успрымаюць усё эўрапейскае і хрысьціянскае як абсалютна чужое, многія жывуць з нянавісьцю. Ня дзіва, што ў Эўропе назіраецца ўздым папулярнасьці правых народных, хрысьціянскіх і кансэрватыўных партый, якія выступаюць за спыненьне гэтай навалы.

Юрка Марозаў


Куляшоў круціцца

27 студзеня 2011 г. Летувіская газэта “Kauno Diena” паведаміла пра заяву міністра ўнутраных справаў РБ Анатоля Куляшова на прэс-канфэрэнцыі ў Менску. Ён заявіў, што міліцыя не зьбівала кандыдата на прэзыдэнта Уладзімера Някляева: “Хто яго біў? Не супрацоўнікі міліцыі”.

Наш камэнтар: Вядома, што антыбеларуская дыктатура ня можа жыць без хлусьні, і што міліцыя ня любіць КГБ але калі не міліцыя, тады хто?

Алесь Хадасевіч


Галоўная ўмова існаваньня

27 студзеня 2011 г. Латвійская газэта “Diena”апублікавала артыкул пад тытулам “Экспэрты: тэракты дэманструюць правал Крамля на Каўказе”. Прыводзяцца высновы экспэртаў у розных краін, якія сьцьвярджаюць, што расейскія ўлады і інфраструктуры не даюць рады з тэрарызмам на Каўказе, а таксама што ворганы ўлады і ўсё грамадзтва раўнадушна ставяцца да бясьпекі людзей.

Наш камэнтар: У глыбакадумных разважаньнях заходніх экспэртаў (дзе часам зьяўляюцца адэкватныя думкі) няма галоўнага: Крэмль-Лубянка зацікаўленыя ў тым, каб у Расеі адбываліся тэракты, ішла вайна на Каўказе, каб гінулі людзі. Гэта ёсьць адна з галоўных умоваў існаваньня гэбоўскай імпэрыі.

Юрка Марозаў