Разгромленая навука Рэжымная тэлегэбельсаўшчына 29 студзеня “парадавала” беларусаў “аптымістычнымі” навінамі. У вечаровым выпуску навінаў БТ узурпатар Лукашэнка адзначаў “дзень навукі”. Цытуем ягоную віншаванку навукоўцам, зачытаную з экрана тэлевядучым: “Мы законно гордимся интеллектуальным потенциалом Беларуси, тем, что отечественные научные школы и коллективы, их разработки широко известны во всём мире. С помощью новых идей и их практического воплощения наша страна сможет выйти на принципиально новый уровень социально-экономического развития...” Напісана (як кажуць падлеткі, “накатана”) гладка. Але ў кожным слове фальш і прафанацыя. Сярод іншых зьнішчальных справаў антыбеларускага рэжыму выразна выдзяляецца пагром беларускай навукі, які разгортваецца ў нашай акупаванай краіне ўжо 17-ты год. Нацыянальны бюджэт падарваны бяздарным савецкім гаспадараньнем і злачыннымі экспэрымэнтамі ў вобласьці фізкультуры: маюцца на ўвазе фараонскія лядовыя палацы і велатрэкі, якія каштавалі нашаму народу мільярды, а цяпер гніюць і іржавеюць пустымі. Жлобскі рэжым па вызначэньню ня можа любіць і шанаваць навуку і адукацыю. Але да гэтага натуральнага стану антынацыянальнай дыктатуры дадаецца таксама практычны аргумант: проста не хапае грошай пасьля таго, як лукашызм выдаткоўвае каласальныя сумы на паліцэйшчыну і гэбоўшчыну, што ахоўваюць яго і душаць народ. Інтэлектуальны патэнцыял Беларусі ратуецца як можа. Лепшыя навукоўцы ўсіх пакаленьняў выязджаюць на Захад або наймаюцца парабкамі ад навукі ў Маскву. Айчынныя навуковыя школы і калектывы разгромлены і даведзены да ручкі, ніхто ня чуе пра іхныя распрацоўкі. Новых ідэй няма і быць ня можа пад прыгнётам калгаснай тыраніі. Адзіная праўда ў крывадушнай віншаванцы начальніка рэжыму — гэта пра “прынцыпова новы узровень разьвіцьця”. Сапраўды, такога нізкага, прыдушанага ўзроўню ў беларускай навуцы не было нават пад саветамі. Русіфікатары ў Старых Дарогах Наступным сюжэтам БТ падало акцыю “Построім храм вместе” у Старых Дарогах. Цікава было паслухаць пра адно з найстаражытнейшых мястэчак нашай краіны: “В райцентре никогда не было полноценного храма...” Мабыць, паводле БТ, “полноценным” можа быць толькі будынак РПЦ. Ды і цяпер пакуль яшчэ нічога не пабудавалі, але ўжо празьвінелі па тэлебачаньні, што мясцовы райвыканкам разам з рэжымным БРСМ будуць “помогать в фінансірованіі”. БРСМ нават наладзіў “небольшой благотворітельный концерт с участіем звёзд эстрады”. Сам “канцэрт”, “звёзд” і нават бэрэсэмаў БТ не паказала. Але паказала маналог мясцовага русскоязычного бацюшкі, які аж трымцеў ад захапленьня ад дзейнасьці БРСМ (правапераемніка бязбожнага ВЛКСМ). Запрасілі бандыта ў сьвятое месца Яны спаборнічаюць адзін перад адным у прафанацыі: прамаскоўскі рэжым і псэўдаапазыцыя. У той жа дзень 29 студзеня ў Курапаты прышла групка асобаў ад груповачак з гучнымі назовамі “Малады фронт”, “Разам” (добра вядомы правакатар Сіўчык) і “Эўрапейская моладзь”. Перад імі выступіла “грамадзкая актывістка” (як гэта падала Радыё Свабода) Ганна Шапуцька, запатрабавала выпусьціць палітзьняволеных. Далей цытуем пасаж з Радыё Свабоды: “Яна таксама запрасіла Аляксандра Лукашэнку наведаць Курапаты, “каб болей не было палітзьняволеных і не было новых Курапатаў”. Трэба нагадаць гэтым імітатарам, што выступалі Курапатах: няма што рабіць у Курапатах Лукашэнку, рабільшчыку дарогі па магілах расстраляных, зьнішчальніку беларускага народу і спадчыньніку савецка-гэбоўскага рэжыму, ахвяры якога ляжаць у Курапатах. Наўрад ці сама “актывістка” Шапуцька і іншыя імітатары дадумаліся да такога. Ім гэта, відаць, “параілі” кантралёры. Гэта адчувае беларуская патрыятычная моладзь і не далучаецца да прафанатараў, што ў сваёй “філасофіі” недалёка пайшлі ад рэжыму. Сапраўды, далучацца трэба да патрыятычных сілаў народнага змаганьня, да сапраўднага нацыянальнага лідэра Зянона Пазьняка. Янка Базыль |
• Навіны - Галоўная > Навіны - Цалкам >