ЗЛАЧЫННЫЯ СТРУКТУРЫ РЭЖЫМУ

posted Feb 2, 2011, 4:20 AM by Адміністратар Навін   [ updated Feb 2, 2011, 4:21 AM ]
Шыла ў мяшку не схаваеш... Тым больш, што “яны” і ня крыюцца. Ім весела пасьля “элегантнай перамогі” антыбеларускай дыктатуры на крыві нашага народу. Яны пацьвельваюцца, цынічна сьмяюцца беларусам у твар. Яны ўпэўнены, што іх ніколі не пакараюць за іхныя злачынствы.

Маюцца на ўвазе непасрэдныя выканаўцы злачынных загадаў антыбеларускай хунты па здушэньню мірнага пратэсту людзей 19 сьнежня. На выпадак чаго у іх (як ім здаецца) застаецца “аргумант”, якім у свой час карысталіся ўсе зьвяругі, што патрапілі пад народны суд пасьля правалу тэрарыстычных рэжымаў: эсэсаўцы, гестапаўцы, рознага кшталту паліцаі, татон-макуты, “гвардзейцы”, “прэтарыянцы” і “ахоўнікі”. Яны прыкідваліся авечкамі і казалі, што гэта іхныя камандзёры і начальнікі вінаватыя, а яны, маўляў, толькі выконвалі іхныя загады — “а в душе мы всегда былі с народом!..”

З самага пачатку лукашыстоўскай дыктатуры беларусам ня верылася, што рэжымныя так званыя “сілавыя” структуры неахвотна падпарадкоўваюцца злачынным загадам дыктатуры. Потым наш народ пазбавіўся ад гэтай ілюзіі. Стала вядома, што з “сілавых” структур даволі хутка звольніліся-паўцякалі лепшыя спэцыялісты па крыміналістыцы, людзі з рэшткамі сумленьня і чалавечнасьці ў душы.

Рэжымны малох на працягу 16-ці гадоў актыўна, з ужываньнем сучасных мэтадаў апрацоўвае псіхіку маладых людзей, што пайшлі да яго на службу. Займаюцца антыбеларускім замбаваньнем з большага людзі маскоўскія або прадстаўнікі розных экзатычных аўтаномій, што ў складзе РФ. Вынік вядомы: ня толькі агульнае чалавеканенавісьніцтва, але і канкрэтная нянавісьць да ўсяго беларускага — мовы, культуры, сымволікі, дзяржавы, людзей.

Антыбеларуская нянавісьць даўно ўжо сталася ўмовай для камфортнага існаваньня гэтай пароды істотаў і для іхнага прасоўваньня па службовай драбіне. Адмоўны адбор ёсьць законам фармаваньня рэпрэсіўных структураў антынацыянальнага рэжыму. Такога нідзе ў Эўропе больш няма. Такое бывае толькі ў акупацыйным рэжыме.

Яны ўжо звыкліся з думкай, што вельмі лёгка біць, калечыць, разганяць моладзь і беларусаў іншых пакаленьняў, што пратэстуюць пад Бел-Чырвона-Белым Сьцягам. Ім весела. Ім здаецца, што весела будзе заўсёды. Вядома, што на падзеі 19 сьнежня яны зьбіраліся, як на забаву. Бралі ня ўсіх. Многія ўшчыналі крык і спрэчкі, даведаўшыся, што за адзін вечар можна “срубіть 200 тысяч рублей” (столькі плаціла дыктатура за абарону рэжыму пасьля сканчэньня выбарчага фарсу). Старэйшыя шумелі: “Почему взялі салаг, мы тоже хотім подзаработать, со шчітом побегать!..”

Зразумела, што такая публіка ў душы не з народам. Гэтых носьбітаў цёмнай і скалечанай душы наш народ называў выразнай фармулёўкай — зьвяруга-паліцай. Гэта значыць, ня немец, не маскаль, нібыта з сваіх, але янычар горшы за любога чужынца. Яму падабаецца душыць свой народ.

Усё падрыхтавала дыктатура ўвечары Крывавай нядзелі: шыхты сваіх зьвяругаў, правакатараў з псэўдаапазыцыі, пастку перад Домам Урада. І спадзявалася як па нотах разыграць увесь крывавы спэктакль. Але не прадугледзела адной вельмі важнай дэталі: што ўсё, абсалютна ўсё будзе зафіксавана на відэа- і фотаапаратуру (на двары 21-е стагоддзе). У сеціве распаўсюдзілася безьліч сьведчаньняў (“вешчдокаў”), партрэты правакатараў, паліцэйшчыны і гэбоўшчыны. Дакладна вядома, хто што рабіў, хто што казаў і як дзейнічаў.

У інфармацыйным пляне ў дыктатуры ёсьць поўны правал. Не выпадкова раз за разам начальнікі ў пагонах і без вымушаны тлумачыцца, абвяргаць і апраўдвацца на БТ. 31 студзеня міліцэйскі чын нават прызнаў, што міліцыя зрабіла захоп людзей на прыпынку грамадзкага транспарта далёка ад пл. Незалежнасьці. Ён сказаў, што так затрымалі толькі аднаго чалавека і потым, маўляў, папрасілі прабачэньня і выпусьцілі яго. Але яны ўжо ня могуць схаваць маштабаў антыбеларускіх рэпрэсіяў у сталіцы.

З грукатам правалілася яшчэ адна “качка” рэжымнай тэлегэбельсаўшчыны. БТ сто разоў ужо паказала нейкі гараж, у якім спэцслужбы нібыта знайшлі падрыхтаваныя апазыцыяй зброю і амуніцыю “для захопу ўлады”. Людзі, некалькі разоў прагледзеўшы гэтыя кадры, урэшце пазналі і гукнулі: “Дык гэта ж гараж у нашым гаражным каапэратыве ў Малінаўцы!” Аўтааматары нават прывялі журналістаў на тое месца і паказалі гараж, услаўлены тэлевяшчаньнем. Дэталі супалі, гэта быў той гараж. Цікава, што належыць ён аўтааматару, які працуе ў “адміністраціі презідента”...

Ёсьць ужо дастаткова сьведчаньняў крымінальных дзеяньняў рэжымных структураў і канкрэтных службовых асобаў увечары 19 сьнежня 2010 года. Усяго гэтага ўжо дастаткова для суда, які абавязкава адбудзецца. Меру пакараньня будзе вырашаць суд у адпаведнасьці з Законам. Але адно вядома дакладна ўжо цяпер: у вызваленай Беларусі такія структуры, як КГБ, ОМОН і “адміністрація презідента” будуць абвешчаны антычалавечымі арганізацыямі і забаронены (як у свой час зрабіў Нюрнбэргскі працэс з СС і гестапа).

Алесь Хадасевіч