АГЛЯД ЗАМЕЖНАГА ДРУКУ (2-3.02.2011)

posted Feb 5, 2011, 2:15 PM by Адміністратар Навін   [ updated Feb 5, 2011, 2:17 PM ]
Канец імпэрыяў

2 лютага 2011 г. славацкая газэта “SME” апублікавала артыкул, прысьвечаны 110-м угодкам з дня сьмерці брытанскай каралевы Вікторыі (1901 г.). 82-гадовая манархіня пакінула пасьля сябе каласальную Брытанскую імпэрыю. За часы яе 63-гадовага цараваньня колькасьць насельніцтва ў імпэрыі вырасла ў два разы. Брытанцы дагэтуль называюць той пэрыяд “Віктарыянскай эпохай”.

Наш камэнтар: “Веліч” імпэрыі пратрымалася, аднак, нядоўга. Усяго праз паўстагоддзя калос захістаўся і рассыпаўся пад ударамі народаў, якія імкнуліся да свабоды і незалежнасьці. Марнымі аказаліся намаганьні, загубленыя жыцьці, імпэрская дэмагогія і хлусьня. Гэта ёсьць лёс кожнай імпэрыі. Брытанцы яшчэ сваечасова зразумелі, што пара ратаваць ногі і ўцякаць з калоній. Да Масквы гэта яшчэ не дайшло.

Алесь Хадасевіч


Левыя халяўшчыкі

2 лютага 2011 г. нарвэжская газэта “Dagbladet” напісала пра нарвэжскіх левых сацыялістаў і камуністаў, якія на працягу дзесяцігоддзяў пасьля ІІ Сусьветнай вайны ўсхвалялі савецкі і іншыя сацыялістычныя рэжымы. Яны езьдзілі ў СССР, ГДР, КНДР, Кітай і г.д. У прэсе і на камуністычных мітынгах яны называлі Берлінскі мур “магутным бастыёнам на савецкай мяжы”, выхвалялі будаўніцтва жыльля ў П. Карэі, мэталургічныя заводы ў Румыніі і г.д. Яны не заўважалі пакутаў і гібелі мільёнаў людзей пад уладай камуністаў.

Наш камэнтар: Гэтыя халяўшчыкі, шчодра аплочаныя з савецкай казны (кішэняў нашых людзей), пачуваліся вельмі камфортна і навучыліся выраблена хлусіць. У рэтраспэктыве часу яны вельмі ж падобныя (проста ідэнтыкум!) на мясцовых апа-прагтатыкаў — вечныя “барцы” на чужых ганарарах і правальшчыкі адпаведна.

Алесь Хадасевіч


Адлоўлівалі крымінальнікаў і гэб'ё

3 лютага 2011 г. швэдская газэта “Dagens Nyheter” пісала пра падзеі ў Эгіпце. Мірны мітынг на цэнтральнай плошчы Каіра атакавалі натоўпы прыхільнікаў Мубарака. Адбыліся сутычкі з выкарыстаньнем каменьняў, а часам і агнястрэльнай зброі. За адзін дзень загінула 10 чалавек, паранены каля тысячы. На здымку ў газэце — дабраахвотнікі, — маладыя дзяўчаты, — апякуюцца параненымі.

Наш камэнтар: Людзі апазналі сярод прарэжымнага натоўпу шмат пераапранутых агентаў і афіцэраў паліцыі і мубаракскага гэбэ. Ім вельмі залежыць на абароне рэжыму. Гэта яны ў масках уварваліся ў турмы і выпусьцілі дзясяткі тысячаў крымнальных вязьняў, якія далучыліся да іхных пагромных атрадаў. Людзі на плошчы Тахрыр мужна абараняліся ад крымінальнікаў і гэб'я. З усіх канцоў гораду да іх ішлі падмацаваньні. Дабраахвотнікі наладжвалі шпіталі ў мячэцях, дзе працавалі мэдыкі і простыя людзі. Абаронцы наладзілі дружыну, якая адлоўлівала мубаракскіх правакатараў і здавала іх арміі або разьбіралася на месцы. Рэвалюцыя дэманструе народную салідарнасьць у змаганьні.

Дарэчы, ці можна сабе ўявіць, каб у акупанцкіх будынках РПЦ нехта апекаваўся пацярпелымі ад лукашэнкаўскіх дзяржымордаў?

Юрка Марозаў


Крадуць

3 лютага 2011 г. славацкая газэта “Hospodarske Noviny” апублікавала артыкул пад тытулам “У Маскве скралі мільярды эўраў”. Праверкі высьветлілі, што з казны маскоўскай мэрыі зьнікла сума ў 5,5 мільярдаў эўраў за часы кіраваньня мэра Лужкова. Паводле дакумантаў, пабудова аднаго кілёмэтра мэтро каштавала 200 мільёнаў эўраў, аднаго кілёмэтра аўтастрады 120 мільёнаў эўраў. У сьвеце гэта каштуе ў два разы таньней. Шмат грошай выдаткавана на кватэры, кабінэты і службовы транспарт супрацоўнікаў мэрыі. Кошты на шэраг закупаемых праз мэрыю тавараў перавышалі часам у 20 разоў звычайныя цэны. Мяркуецца, што ў аснове гэтага ляжала карупцыя.

Наш камэнтар: Карупцыя, адкаты, мафійная герархія — справа банды пахана Лужкова. Колькі ж разоў пахан куражыўся на афіцыйных лукашэнкаўскіх шоў у нашай сталіцы і іншых месцах! Цяпер да рэжыму на кураж будзе езьдзіць наступны маскоўскі пахан.

Алесь Хадасевіч


Дурное заразнае

3 лютага 2011 г. польская газэта “Rzeczpospolita” напісала, што палітычнае напружаньне ў Эгіпце расьце. Газэта заклікала польскіх турыстаў устрымацца ад паездак у гэтую краіну.

Наш камэнтар: Нягледзячы на папярэджаньні на эгіпецкія курорты адлятаюць самалёты з пляжнікамі і з Польшчы і з іншых эўрапейскіх краінаў. Аднак, найбольш цяпер у Эгіпце “дорогіх россіян”, ажно 40 тысячаў. Расейскія тэлеканалы паказалі, як яны сьмяюцца, куляюцца ў марскіх хвалях, “пьют водочку”... Не так часта, але возяць пляжнікаў і самалёты з Менску. Здавалася б, ну і што? На курортах ціха, да Каіра і Александрыі далёка, вакол пустыня.

Па-першае, гэта покуль што ціха... Здаралася ўжо “дорогім россіянам” з некаторых краін уцякаць у піжамах і камбінацыях пад абстрэлам. Зь імі ўсё зразумела. Пытаньне ўзьнікае зь беларусамі, якія бяруць у маскоўцаў моду на цынізм. Чалавек разумны і сумленны, з Хрыстом у душы ніколі ня стаў бы сьмяяцца і баляваць пасярод (няхай сябе і чужой) народнай драмы. Але дурное заразнае, навучыліся гэтаму ў акупантаў на нашай зямлі.

Алесь Хадасевіч


Моцны і патрэбны закон

3 лютага 2011 г. чэшская газэта “Pravo” напісала, што парлямант Славакіі зьмякчыў Закон аб дзяржаўнай мове. Раней за парушэньне Закону аб дзяржмове (зразумела, што славацкай) накладаўся штраф у памеры 5000 эўраў. Цяпер будзе штраф у 2500 эўраў.

Наш камэнтар: Закон, аднак, застаецца ў сіле. Вельмі адэкватны і моцны закон па абароне роднай мовы на тэрыторыі нацыянальнай дзяржавы.

Алесь Хадасевіч