АГЛЯД ЗАМЕЖНАГА ДРУКУ (12.02.2011)

posted Feb 14, 2011, 6:41 AM by Адміністратар Навін   [ updated Feb 14, 2011, 6:43 AM ]
Народ жыве духам

12 лютага 2011 г. французкая газэта “France Soir” напісала, што Мубарак уцёк з Каіра і падаў у адстаўку з пасады прэзыдэнта. У Каіры і ва ўсім Эгіпце людзі сьвяткуюць перамогу. Масавыя народныя дэманстрацыі салідарнасьці з эгіпецкім народам адбыліся ва ўсіх арабскіх краінах. Тысячы эгіпцян, алжырцаў і іншых арабаў сьвяткавалі перамогу над дыктатарам у цэнтры Парыжа. Такога яркага народнага сьвята французкая сталіца ня бачыла ўжо даўно.

Наш камэнтар: Беларускія тэлегледачы зьвярнуілі ўвагу на адмысловасьць народнай рэакцыі на перамогу над дыктатурай у Эгіпце. Вялікія масы людзей моляцца перад партрэтамі маладых людзей, што загінулі падчас народнай рэвалюцыі.

Там, дзе адбываюцца народныя сьвяткаваньні, эгіпцяне крычаць і кажуць у тэлекамэры: “Свабода! Мы вольныя! Родны Эгіпет вольны!” Яны ня згадваюць пра цэны, штодзённы камфорт. Для змагарнага народу важнае вызваленьне ад тыраніі, што азначае прагрэс у жыцьцёвым існаваньні, пэрспэктыву для дзяцей і ўнукаў. Такі народ будзе жыць вечна. Народ жыве духам (а не жыватом як хлусіць псэўдаапазыцыя ў Менску).

Алесь Хадасевіч


Народ жыве годнасьцю

12 лютага 2011 г. славацкая газэта “Hospodarske Noviny” напісала з Грэцыі. Прадстаўнік ураду Грэцыі Ёргас Пэталоцыс выступіў з рэзкай крытыкай інспэктараў Эўразьвязу і Міжнароднага валютнага фонду, якія наведалі Грэцыю. Пэталоцыс сказаў, што паводзіны інспэктараў на прэс-канфэрэнцыі былі непрыязныя, а місія перайшла ўсе межы. Місія патрабавала ад Грэцыі прыватызацыі шэрагу дзяржаўных прадпрыемстваў і заявіла, што дэманстрацыі пратэсту могуць “пазбавіць некаторыя групы іхных несправядлівых выгодаў і прывілеяў”. Пэталоцыс заявіў: “Мы маем свае патрэбы, але ёсьць і межы. І ні ў якім выпадку мы не прададзім наш гонар. Загады мы будзем прымаць толькі ад грэцкага грамадзтва”.

Наш камэнтар: Камісары ад брусэльскай бюракратыі наплявалі на нацыянальны гонар вялікага грэцкага народу. Якая б ні была грэшная геапалітычная эліта элінскага люду, яна ўступілася за нацыянальны гонар грэкаў. (Бо народ жыве годнасьцю, а не страўнікам як хлусіць псэўдаапазыцыя ў Менску.) Такі народ будзе жыць вечна нягледзячы на часовыя цяжкасьці і эўразьвязы.

Алесь Хадасевіч


Дыктатара трэба арыштаваць

12 лютага 2011 г. швэдская газэта “Dagens Nyheter” напісала, што Мубарак выкарыстаў 18 дзён народных пратэстаў для таго, каб схаваць свае капіталы, якія знаходзяцца ў замежных банках, акцыях і нерухомасьці ў Лёндане, Нью-Ёрку і Лос Анджэлесе. Першымі адрэагавалі ўлады Швайцарыі, якія замарозілі рахункі Мубарака ў мясцовых банках.

Наш камэнтар: Ну, вось і адкрылася, навошта дыктатару быў час да верасьня (нібыта для “рэформаў” і “пераходнага пэрыяду”), а на самой справе, для ўпарадкаваньня капіталаў, скрадзеных у народа. Выснова з гэтых падзеяў наступная: ня трэба выпускаць зьвергнутага дыктатара і ягоную хунту з краіны. Трэба арыштоўваць іх, каб у арышце яны распавядалі, дзе знаходзяцца скрадзеныя ў народа мільярды.

Юрка Марозаў


Антылюдзкі лібэралізм

12 лютага 2011 г. дацкая газэта “Berlingske Tidende” паведаміла, што невядомы вандалы пашкодзілі Елінгскі Камень — найвялікшую хрысьціянскую сьвятыню Даніі.

Наш камэнтар: Акты вандалізму здараюцца ня толькі на месцах пакутніцтва беларускага народу. Такое здараецца і ў цывілізаваных эўрапейскіх краінах. У іх гэта ёсьць вынікам разбуральнага і дэмаралізуючага лібэралізму, які па дэструктыўнай сіле богапраціўнасьці ня меншы за бальшавізм.

Зазначым, што такіх паведамленьняў ніколі не паступае з краінаў вялікай рэлігійнай і духоўнай традыцыі, якая ёсьць вызначальнай для такой дзяржавы. Калі б нехта надумаў блюзьнерыць у мусульманскіх сьвятынях у Саўдаўскай Аравіі або Пакістане, у індуісцкіх сьвятынях Індыі або Нэпалу, у будыйскіх сьвятынях Тайланда або Лавоса, то паліцыя не пасьпела б выратаваць вандалаў з рук раз'юшаных вернікаў.

А ў лібэральнай эўра-Эўропе “усё можна”... Колькі яшчэ будзе працягвацца гэты антылюдзкі маразм?

Юрка Марозаў


“Як не падобныя...”

12 лютага 2011 г. чэшская газэта “Сeske Noviny” напісала пра вызваленьне кубінскімі ўладамі з турмы дысідэнта Гэктара Масэды Гуцьерэса. Гуцьерэс заявіў журналістам, што яго выдалілі з турмы прымусова. Ён адмаўляўся пакідаць турму, патрабуючы, каб разам зь ім вызвалілі ўсіх палітычных вязьняў.

Наш камэнтар: Як не падобныя кубінскія змагары на падстаўных “герояў” кшталту Раманчука-Рымашэўскага. Кубінскія змагары ня пішуць дыктатару “вернападданніцкіх лістоў”, не круцяць хвастом. Іхныя паводзіны — сапраўднае змаганьне за свой народ.

Алесь Хадавсевіч


У Егіпце

12 лютага 2011 г. польская газэта “Gazeta Wyborcza” паведаміла, што ў Каіры была ўтворана Рада абароны рэвалюцыі, якая патрабуе пачатку перамоваў з эгіпецкай арміяй, што ўзяла на сябе адказнасьць за кіраваньне краінай у пераходны пэрыяд. У Раду ўвайшлі лідэры народных выступаў, якія прывялі да зьвяржэньня прэзыдэнта Мубарака.

Наш камэнтар: Пераможны народ павінен не дапусьціць у народную крэпасьць чужынцаў ад антынароднага рэжыму. Сапраўдныя народныя лідэры адразу павінны займацца нармалізацыяй нацыянальна-дзяржаўнага жыцьця.

Алесь Хадасевіч


Няхай немцы не выстаўляюцца ахвярай

12 лютага 2011 г. нямецкая газэта “Sueddeutsche Zeitung” напісала пра падрыхтоўку нэанацыстоўскага шэсьця ў Дрэздэне з нагоды чарговай гадавіны бамбардоўкі горада альянцкай авіяцыяй ўноч на 13 лютага 1945 года. Раней штогод тысячы людзей прыходзілі ў цэнтар горада з кветкамі і сьвечкамі. У апошнія гады нэанацысты выкарыстоўваюць гэтую гадавіну для брутальных выступаў.

Наш камэнтар: У разбомбленым Дрэздэне загінулі пад англа-амэрыканскімі бомбамі дзясяткі тысячаў немцаў, якія ўцякалі ад вайны ў гарады, аддаленыя ад лініі фронту. Гэта была вялікая гуманітарная трагедыя. Але апошнія публікацыі эўрапейскіх гісторыкаў прадэманстравалі, што адбывалася ў апошнія месяцы і тыдні вайны на нямецкіх тэрыторыях. Па ўсіх дарогах гітлерскага Райху эсэсаўскія канвоі гналі калёны вязьняў з гітлерскіх канцлягераў. Гэтыя шляхі былі засеяныя трупамі забітых вязьняў (паводле навукоўцаў, да 250 тысячаў ахвяраў, сярод іх тысячы беларусаў). Бездапаможных людзей забівалі ня толькі канвойныя эсэсаўцы, але і жаўнеры вэрмахта і азьвярэлае цывільнае насельніцтва. Няхай немцы не выстаўляюцца ў якасьці галоўнай ахвяры ІІ Сусьветнай вайны, якую немцы разьвязалі разам з хаўруснай Масквой.

Алесь Хадасевіч