ВЫКАЗВАНЬНІ ПРА ГЭБІЗМ У РАСЕІ

posted Feb 15, 2011, 7:02 PM by Адміністратар Навін   [ updated Feb 15, 2011, 7:04 PM ]
І расейскі аналітык Андрэй Піянткоўскі, і амэрыканскі сэнатар Джон Маккэйн аналізуюць падзеі ў расейскіх вярхах. Яны робяць высновы аб крымінальным характары расейскіх дзяржэлітаў, аб унутранай барацьбе ўнутры гэтых “элітаў” і непазьбежным краху гэтай гнілой сістэмы.

Зазначым, што такія глыбокія назіраньні за гэбізмам праводзяць амаль выключна асобы, якія знаходзяцца ў Амэрыцы, падалей ад межаў Расеі. Тыя, хто разважае “над лёсамі Расеі” у самой Расеі, добра разумеюць правіла, уведзенае ў імпэрыі гэбоўскай уладай: дастаткова сказаць пра іх праўду — і яны абвесьцяць цябе тэрарыстам.

Прапануем два фрагмэнты публікацыяў з расейскага інтэрнэт-выданьня Грані.РУ.

Медведев і пуцінскія

У верхнім эшалоне кіруючай клептакратыі сапраўды нарастае канфлікт. Але Медведев у прынцыпе ня можа быць яго суб'ектам. Букет псіхасаматычных праблем гэтага маладога чалавека выклікаў бы толькі гуманітарнае спачуваньне, калі б ён не апашляў сваёй блазнаўскай прысутнасьцю вышэйшы інстытут расейскай улады. Ён усяго толькі пасаджаны на акрайчык трону магчымы інструмэнт у руках бакоў, што супрацьстаяць адзін адному.

Абодва зь іх горшыя. Адзін — Пуцін і ягоны чэкісцкі бункер. Другі — бальшыня “эліты”, у асноўным мільярдэры і мультымільянэры яшчэ ельцынскага памёту.

Часам іх называюць адпаведна “партыяй крыві” і “партыяй бабла”, што мэтадалагічна не зусім слушна. Партыя крыві яшчэ як не чужая Вялікаму Баблу. А партыя бабла (ПБ), у сваю чаргу, ніколі не спынялася перад палітычна мэтазгодным праліцьцём крыві.

Уласна, самая буйная спэцапэрацыя ПБ — прывод за руку ва ўладу ў 1999 годзе Пуціна зь ягонай брыгадай у якасьці сваіх, як ім тады чамусьці здавалася, паслухмяных ахоўнікаў — каштавала і каштуе Расеі вялізнай крыві: другой чачэнскай вайны, страты Паўночнага Каўказу і цяпер ужо бясконцай вайны з укарэненым там ісламісцкім фундамэнталізмам.

Падзяляюць гэтыя дзьве партыі не нейкія там ідэалагічныя або сьветапоглядныя супярэчнасьці, а чыста канкрэтнае шкурнае пытаньне: застаецца Пуцін Царком усея Русі яшчэ гадоў на дванаццаць-васемнаццаць ці сыходзіць з палітычнай сцэны?

Пуцін, зразумела, сыходзіць катэгарычна ня хоча. Ён надта добра ўяўляе, куды яго “уйдут”.

Партыю ж бабла даўно ўжо дастала нахрапістая рэйдэрская актыўнасьць пуцінскай брыгады. Іх палохае пэрспэктыва яшчэ большай асабістай улады альфа-самца, які будзе здольны па сваму капрызу ператварыць любога ў лягерны пыл.

І ўрэшце, яны разумеюць, што без класічнага рэбрэндзінга (“оказался наш отец...”) рэжым, што імкліва губляе адэкватнасьць, можа проста абрынуцца ў любы момант, не пакінуўшы ім нават опцыі “воровской пароход”.

Але стаўка на Айфончыка, якую яны асьцярожна выношвалі на працягу трох гадоў, канчаткова завяла нават у іхных вачах з прычыны відавочнай нікчэмнасьці кліента.

Андрэй Піянткоўскі


Маккэйн: Зьвяржэньне Мубарака — гэта перасьцярога Пуціну

Зьвяржэньне прэзыдэнта Эгіпта Хосні Мубарака павінна стаць перасьцярогай прэм'ер-міністру Расеі Уладзімеру Пуціну. Як перадае Газета.РУ, пра гэта ў інтэрв'ю тэлекампаніі CBS заявіў экс-кандыдат на прэзыдэнта ЗША Джон Маккэйн. “Я ня думаю, што ўсе гэтыя падзеі абмежаваны Блізкім Усходам. Гэты вецер пераменаў дзьме і разносіцца. І калі б я быў Уладзімерам Пуціным, то паводзіў бы сябе крыху менш самаўпэўнена, знаходзячыся ў Крамлі з сваёй клікай з КГБ”, — сказаў Маккэйн.

“І я пачуваўся б у меншай бясьпецы, адпачываючы на курорце, дзе знаходзяцца прэзыдэнт Ху і яшчэ некалькі чалавек, што кіруюць Кітаем і вырашаюць лёс 1,3 млрд жыхароў гэтай краіны”, — зазначыў сэнатар ад Арызоны.


Пераклад з расейскай В. Буйвала