“КАЛІ ПАЧВАРЫ ЗАСТАНУЦЦА ВА ЎЛАДЗЕ...”

posted Feb 16, 2011, 9:11 PM by Адміністратар Навін   [ updated Feb 16, 2011, 9:15 PM ]
Андрэй Піянткоўскі пачынае свой чарговы фэльетон на крамлёўска-лубянскую тэму з пуцінскай тэмы, якая ўжо сталася класічнай — “мухі і катлеты”. Але расейскі аналітык з Амэрыкі абвастрае тэму ў сувязі з абвастрэньнем сытуацыі ў Расеі: мафійная эліта сьпяшаецца ўзбагаціцца, укласьці свае мафійныя грошы і па магчымасьці пасьпяхова для сябе правесьці фарс пад назовам “прэзыдэнцкія выбары” у 2012 годзе.

З усім можна пагадзіцца ў тэксьце Піянткоўскага, але невырашальным застаецца адно і самае галоўнае: нішто ня выратуе імпэрыю, нават запрапанаваны “масавы маральны байкот несправядлівай улады”. Народны байкот няздольнае зрабіць дэмаралізаванае і абалваненае імпэрыялізмам расейскае грамадзтва. Мільёны людзей можа выратаваць толькі адно: дэмантаж або хутчэй за ўсё стыхійны абвал Імпэрыі Зла.

Прапануем апошні артыкул А. Піянткоўскага, апублікаваны ў інтэрнэт-выданьні Грані.Ру.

Мухі ЦЦ

На раньняй стадыі захворваньня паразіт пранікае ў кроў,
а на позьняй — парушае цэнтральную нэрвовую сістэму,
што прыводзіць да сьмяротнага выніку.

З Вікіпэдыі

Чалавек, для якога ў жабрацкай краіне пабудаваны палац у Геленджыку, павінен сядзець у турме. Мяркуючы па тым, што нам на сёньня вядома. Хутчэй за ўсё гэта У.У. Пуцін, прэм'ер-міністар РФ. Калі гэта не Пуцін, правядзіце мяне да яго — я хачу ўбачыць гэтага чалавека! Знайсьці яго няцяжка. Падобным фінансавым рэсурсам валодаюць па-за Пуціным ўсяго толькі 5-6 істотаў: Медведев, Сечын, Абрамовіч, Дзярыпаска, Цімчанка... Усе як на падбор бліжэйшыя паплечнікі нацыянальнага лідэра.

Геленджык — далёка ня самае страшнае злачынства рэжыму. Але яно самае пэдагагічна відавочнае і самае, калі хочаце, кансэнсуснае.

Здушэньне газам закладнікаў “Норд-Оста”, спаленьне дзяцей у школе “Беслана” з захапленьнем віталіся ў свой час залатымі пёрамі айчыннай публіцыстыкі ад Праханава да Радзіхоўскага як трыюмф расейскай дзяржаўнасьці. Ператварэньне Паўночнага Каўказа ў плацдарм ісламісцкага фундамэнталізму, які вядзе тэрарыстычную вайну на зьнішчэньне Расеі, яшчэ не да канца ўсьведамлена грамадзтвам як заканамерны вынік каўказкай палітыкі Крамля.

Але Геленджык і тысячы меншых геленджычкоў па ўсёй краіне пераканалі дзясяткі мільёнаў, што намі кіруе банда злодзеяў-злачынцаў, якая даўно ўжо згубіла якую-кольвечы маральную і юрыдычную легітымнасьць. Адхіленьне яе ад улады ўсімі прадугледжанымі Канстытуцыяй сродкамі становіцца задачай нацыянальнага выжываньня.

Унутраная эвалюцыя гэтага рэжыму ў форме адлігаў або перабудоваў немагчымая. Ён, уласна, сам і ўяўляе сабой фінальную стадыю перабудовы: эвалюцыйны тупік драпежнай камуністычнай і гэбісцкай намэнклатуры, якая 25 гадоў таму сьвядома ўступіла на шлях беспрэцэдэнтнага ў сусьветнай гісторыі асабістага ўзбагачэньня шляхам “распілу” адной з дзьвюх звышдзяржаваў.

Перакамутацыя 8 траўня 2012 года ў той ці іншай форме яшчэ на 12 гадоў кіруючага тандэму Цахесаў-Цапкоў (ЦЦ) прывядзе да масавага зыходу з краіны таленавітай моладзі і прафэсіяналаў, якія яшчэ засталіся. Пра гэта кажуць апытаньні грамадзкай думкі. Бліжэйшыя некалькі месяцаў вырашальныя. Калі пачвары застануцца пры ўладзе — гэта сьмяротны прысуд Расеі.

Масавы маральны байкот несправядлівай улады, адмова ад абслугоўваньня яе выпраменьваючых вежаў, адмова ад запрашэньня на пакараньне сьмерцю сваёй краіны прывядзе да татальнай ізаляцыі плебейскіх нуворышаў — уладальнікаў палацаў, яхтаў і тэлеканалаў. І тады, як і Мубарака, іх ня выратуюць ніякія сэлігерскія казлы на верблюдах.

Андрэй Піянткоўскі


Пераклад з расейскай В. Буйвала