БТ — акупанцкі “русскоязычный” тэлеканал антыбеларускага рэжыму — паведаміў 17 лютага, цытуем: “Правительство приняло решение провести юбилейные мероприятия к 120-летию со дня рождения классика белорусской литературы Максима Богдановича, которое будет отмечаться 9 декабря этого года”. “Правітельство” паабяцала паставіць адзін помнік паэту, арганізаваць сустрэчы “с белорусскімі літераторамі”, выдаць энцыклапэдыю “М. Богдановіча”. Хамская, нелегітымная ўлада будзе з грэблівай усьмешачкай паказваць грамадзтву, як яна “чітает стіхі Васілія Быкова” (гэты выверт “шклоўскага ідала” стаў ужо дэвізам антыбеларускага блюзьнерства хунты). Ненавісьнікі ўсяго сьвятога і нацыянальнага мабілізуюць сваю кліентуру, кшталту згаданага БТ, і будуць удаваць сьвятошаў і нават “прыхільнікаў роднага слова”. У шчырасьць іх ніхто ня верыць. Яшчэ паглядзім як палачны рэжым праявіць сябе супраць культурных ініцыятываў людзей у час юбілею. Беларускае грамадзтва, безумоўна, рыхтуецца да юбілейных сьвяткаваньняў. Але ў культуры ёсьць свой закон гігіены: не злучацца з цемрай і тады захаваеш здароўе. Трэба незалежна ад рэжыму годна і ў адпаведнасьці з нашымі нацыянальнымі традыцыямі адзначыць 120-годдзе з дня нараджэньня вялікага песьняра. Пачуем ягоныя словы, каб жыць па праўдзе: Досі ўжо, браты, чужынцам мы служылі, Досі ўжо пашаны ім прыдбалі; Не сваю — чужую долю баранілі, Пад чужымі сьцягамі ўміралі. (1917 г.) Янка Базыль |
• Навіны - Галоўная > Навіны - Цалкам >