АГЛЯД ЗАМЕЖНАГА ДРУКУ (18.02.2011)

posted Feb 20, 2011, 6:19 AM by Адміністратар Навін   [ updated Feb 20, 2011, 6:19 AM ]
“Ату іх, ату!”

18 лютага 2011 г. румынская газэта “Evenimentul Zilei” напісала аб працягу лужкоўскай справы ў Маскве. Дзяржаўныя ворганы правялі ператрус у адным банку ў Маскве і ў офісе “Інтэка” — фірмы нерухомасьці, якая належыць А. Батурынай, жонцы Ю. Лужкова. Батурыну называюць “найбагацейшай жанчынай Расеі”. Батурыну абвінавачваюць у атрыманьні крэдыта па падлогу на 318 тысячаў эўраў — і гэта толькі ў 2009 годзе. Яе маёмасьць вылічаецца ў суме 2,9 мільярда даляраў. У часы, калі Лужкоў быў мэрам Масквы, Батурына любіла займацца нерухомасьцю. Сярод іншага яна нават купіла сябе замак у Аўстрыі.

Наш камэнтар: Цікавыя падзеі, даўняя маскоўская забава... Імпэрская банда скідвае з крамлёўскага гаўбца ў натоўп “дорогіх россіян” аднаго з сваіх паханоў з паханіхай. Усе задаволеныя расправай і ў шырокім сьвеце гучыць “Ату іх, ату!” А крамлёўска-лубянская пачка пацірае ручкі ды працягвае сваю мафійную спэцапэрацыю пад крыптонімам “Русскій мір”.

Юрка Марозаў


Перамога пад народным сьцягам

18 лютага 2011 г. славацкая газэта “Novy Cas” напісала пра сьвяткаваньне народнай перамогі над дыктатурай у Каіры. Тысячы людзей сабраліся на плошчы Волі, якая была эпіцэнтрам дэманстрацыяў, што прывялі да зьвяржэньня прэзыдэнта Мубарака. Людзі прышлі на сьвята з нацыянальнымі сьцягамі. Жаўнеры арміі раздавалі людзям сьцягі меншага памеру. Гучалі егіпецкія музыка і сьпевы.

Наш камэнтар: Ужо вядома, што на сьвяткаваньні толькі на адной плошчы ў Каіры сабралася два мільёны людзей. Было мора нацыянальных сьцягоў. Яшчэ раз пацьверджана ісьціна, што народныя перамогі дасягаюцца пад народным сьцягам, пад сьвятой нацыянальнай сымволікай. Не пад джынсовай анучай і не пад сінімі ды лімонна-апэльсінавымі шматамі, якія паспрабавалі былі высунуць наперад маладыя і кіруемыя канторай дурачкі ў Менску. Як вядома, беларускі народ ня прыняў гэтую лухту.

Алесь Хадасевіч


Заваёвы трэба абараняць

18 лютага 2011 г. польская газэта “Gazeta Wyborcza” апублікавала артыкул пад тытулам “Не атрымаецца ашукаць Эгіпет”. Мусульманскае Брацтва заклікае да абароны заваёваў рэвалюцыі”. Газэта напісала: “Мусульманскае Брацтва, якое зьяўляецца найбольш арганізаванай палітычнай сілай у Эгіпце, заклікала эгіпцянаў, каб яны абаранялі заваёвы паўстаньня, якое абваліла прэзыдэнта Мубарака, ад тых, хто можа намагацца прысабечыць гэтыя заваёвы і выкарыстаць іх для ўласных мэтаў”.

Наш камэнтар: Слушнае папярэджаньне эгіпецкіх палітыкаў. Беларускі народ добра ведае, як выкрадаецца народная перамога. У 1991 годзе надта ж хутка ачомалася гэбоўская і ўся прамаскоўская цемра і пад камандай Крамля-Лубянкі пачала зноў душыць усё беларускае. Лекцыю беларусы прайшлі. Наступным разам антыбеларуская пачвара павінна быць раздушана раз і назаўсёды.

Юрка Марозаў


Беларусам цяжэй

18 лютага 2011 г. польская газэта “Rzeczpospolita” напісала: “Вярхоўны шыіцкі духоўны гэрарх Бахрэйну шэйх Іса Касам назваў “разьнёй” нядаўнюю акцыю паліцыі і войска супраць дэманстрантаў у сталіцы краіны Манамі. Вернікам, якія прышлі на малітву ў мячэць у паўночным прадмесьці Манамы ён заявіў, што ўрад “ляснуў дзьвярыма і ня хоча дыялогу”. Некалькі тысячаў бахрэйнскіх шыітаў ўзялі ўдзел у той жа дзень у вёсцы Сітра ў пахаваньні трох ахвяраў гэтых сутычак. “Народ хоча ўпадку гэтага рэжыму!” — скандавалі людзі”.

Калі паліцыя і армія ўначы напалі на намётавы лягер пратэстуючых на цэнтральнай плошчы і жорстка расправіліся з людзьмі (5 забітых, 200 параненых), апазыцыя ў парляманце краіны ў знак пратэсту пакінула палату прадстаўнікоў і заклікала ўрад сысьці ў адстаўку.

Наш камэнтар: У Бахрэйне ёсьць парляманцкая апазыцыя, ёсьць сапраўдныя рэлігійныя лідэры. У Беларусі рэжым зьнішчыў парлямэнтарызм, утварыў свае “палаткі”. Вярхушка РПЦ фактычна вітала “перамогу” рэжыму над народам на выбарчым фарсе. У беларусаў больш цяжкая барацьба за вызваленьне.

Алесь Хадасевіч


Народная рэвалюцыя вызваліць з турмаў

18 лютага 2011 г. аўстрыйская газэта “Der Standard” напісала, што ўлады Туніса выдалі дэкрэт аб вызваленьні з турмаў усіх палітычных вязьняў (300-500 асобаў). Пасьля падзеньня дыктатарскага рэжыму з турмаў ужо вызвалілі 3 тысячы вязьняў.

Наш камэнтар: Пры дыктатуры ў вязьніцах і лягярох знаходзіцца вельмі шмат людзей, якія атрымалі жорсткія прысуды “за мех бульбы” і маглі б выплаціць штраф або адбываць умоўнае пакараньне. Але дыктатуры важна, каб яе баяліся ўсе пагалоўна. Ня кажам ужо пра палітычных праціўнікаў рэжыму, якіх часта вязьняць па сфабрыкаваных абвінавачваньнях.

Народная рэвалюцыя павінна вызваліць з турмаў невінаватых людзей і тых, хто не заслужыў жорсткага пакараньня. Павінны вызваліцца месцы для бонзаў антынароднага рэжыму, старшыняў “выбарчых камісіяў” выбарчых фарсаў дыктатуры і іншых, хто абрабоўваў і нішчыў свой народ.

Юрка Марозаў


Бароняцца ад гэб'я

18 лютага 2011 г. латвійская газэта “Diena” напісала: “Прэм'ер-міністар Эстоніі Андрус Савісар заявіў, што прадугледжаны на суботу візыт у Эстонію прэзыдэнта Расейскіх чыгунак Уладзімера Якуніна выклікае падазрэньні наконт яго сапраўдных мэтаў, а таксама паказвае, што кожны, хто сустракаецца з былым афіцэрам КГБ У. Якуніным, сам на сябе кідае цень недаверу, напісала Postimees.ru.

Імя У. Якуніна шчыльна зьвязана з мэрам Таліна Эдгарам Савісарам. На прыканцы мінулага года ў СМІ прасачылася інфармацыя аб тым, што мэр прасіў кіраўніка Расейскіх чыгунак 1,5 мільёна эўраў (1,2 мільёна латаў) для перадвыбарчай кампаніі сваёй Партыі Цэнтру, замаскіраваўшы гэта пад ахвяраваньне для пабудовы праваслаўнай царквы. Многія палітыкі паказалі на небясьпеку, якую такі хаўрус нясе дэмакратыі ў дзяржаве”.

Алесь Хадасевіч