ЗАМЕЖНЫ ДРУК (24.02.2011)

posted Feb 26, 2011, 11:31 AM by Адміністратар Навін   [ updated Feb 26, 2011, 11:32 AM ]
Чорныя наёмнікі

24 лютага 2011 г. нямецкая газэта “Sueddeutsche Zeitung” напісала пра наёмнікаў, якія бароняць рэжым Кадафі. Гэта грамадзяне Судана, Лібэрыі, Чада, Нігера, Малі, Нігерыі і іншых краін Афрыкі. Лівійцы называюць іх “чорнымі” або “замежнікамі”. Яны размаўляюць па-французку і на іншых афрыканскіх мовах. Яны забіваюць усіх без разбору, страляюць па дэманстрантах з дахаў дамоў. Наёмнікі хаваюцца ў машыны хуткай дапамогі, уязджаюць пасярод дэманстрантаў і забіваюць людзей зьнянацку. Многіх зь іх паўстанцы ўжо ўзялі ў палон.

Наш камэнтар: Калі дыктатура пачынае абараняць сябе ад уласнага народу нейкімі АДКБ і замежнікамі, то зразумела, што яна ня мае пэрспэктывы. Такая дыктатура і такі дыктатар зьнішчаюцца народам.

Дарэчы, яшчэ адна лекцыя рэвалюцыі: паўстанцы павінны кантраляваць дахі дамоў у сваіх гарадах.

Юрка Марозаў


Падзеі ў Бэнгазі

24 лютага 2011 г. ангельская газэта “Guardian” паведаміла з Бэнгазі, другога па велічыні горада Лівіі, вызваленага паўстанцамі. У цэнтральным урадавым будынку сабраліся прадстаўнікі мясцовай інтэлігенцыі: настаўнікі, юрысты, інжынэры. Яны наладжваюць нармалізацыю жыцьця ў Бэнгазі і правінцыі. Яны кажуць, што не чакалі такога хуткага падзеньня дыктатуры ў горадзе. Усе ў радасным шоку, але трывожацца за людзей у сталіцы краіны Трыпалі.

Наш камэнтар: На вызваленых ад дыктатуры тэрыторыях мясцовыя аўтарытэтныя людзі арганізоўвацюь народныя камітэты самакіраваньня. Рэвалюцыянэры наладжваюць кантроль на дарогах і ахову дзяржаўнай мяжы.

Рэвалюцыя бярэ на сябе адказнасьць за краіну.

Юрка Марозаў


Пуцін у Брусэлі

24 лютага 2011 г. чэшская газэта “Ceske Noviny” напісала пра візыт Пуціна ў Брусэль. Там расейскі прэм'ер удзельнічаў у паседжаньні Эўракамісіі. Ён скардзіўся на новую энэргетычную палітыку Эўразьвязу, які вырашыў лібэралізаваць і аб'яднаць эўрапейскі рынак газа і такім чынам зьнізіць залежнасьць Эўразьвязу ад паставак газу з Расеі. Масква апасаецца, што гэта можа зьнізіць удзел Газпрому ў эўрапейскім рынку.

Наш камэнтар: Масква слушна апасаецца. Даскакалася Масква з ультыматумамі і газавымі войнамі пасярод эўрапейскіх зімаў. Урэшце Эўропа пачала паціху выбаўляцца ад абсалютнай залежнасьці ад усходняга малоха.

Алесь Хадасевіч


Вывезьлі аўстрыйцаў

24 лютага 2011 г. аўстрыйская газэта “Kurier” напісала пра акцыю элітнай часткі аўстрыйскага спэцназу “Кобра”. Аўстрыйскія камандосы таемна праніклі на тэрыторыю Лівіі і апэратыўна вывезьлі на радзіму 15 аўстрыйскіх грамадзянаў.

Наш камэнтар: Аўстрыйскія СМІ паведамляюць таксама пра былое шчыльнае супрацоўніцтва Аўстрыі з рэжымам Кадафі. З эўрапейскіх краінаў больш шчыльнай была ўзаемазалежнасьць з Лівіяй толькі ў Італіі.

Некаторым варта памятаць гэты досьвед і не гуляцца ва ўзаемазалежнасьць з антынароднымі дыктатурамі ні ў Афрыцы, ні ў Беларусі. Каб потым не вызваляць сваіх грамадзянаў з дапамогай спэцназу.

Алесь Хадасевіч


Табрук вольны

24 лютага 2011 г. швайцарская газэта апублікавала матэр'ялы і фота пад тытулам “Табрук сьвяткуе вызваленьне”. На будынках дамоў бачныя сьляды баёў. Узброеныя паўстанцы радасна ўздымаюць нацыянальна-дзяржаўны сьцяг, забаронены рэжымам Кадафі. Людзі нішчаць партрэты і брашуры пяра дыктатара, дэманструюць карыкатурны плякат: Лівія дае высьпетка пад зад гному-Кадафі.

Наш камэнтар: Над вызваленымі гарадымі і вёскамі людзі ўсталёўваюць забароненую антынародным рэжымам нацыянальную сымволіку — прыкмета адраджэньня і волі.

Табрук — памятнае месца нашай гісторыі. У 1941-42 гадах тут ваявалі супраць нямецкіх і італьянскіх фашыстаў беларускія жаўнеры і афіцэры ў складзе Войска Польскага. Праславілася абарона Табрука. Мясцовы люд захоўвае магілы і помнікі героям.

Алесь Хадасевіч


“Ён тэрарызуе ўласны народ”

24 лютага 2011 г. славацкая газэта “SME” апублікавала артыкул пад тытулам “Нямецкі прэзыдэнт назваў Кадафі “псіхапатам”. Нямецкі прэзыдэнт Хрысьціян Вульф сказаў: “Ён тэрарызуе ўласны народ. Гэта ёсьць тэрарызм, які робіць дзяржава: такія паводзіны можна назваць псіхапатычнымі”. Вульф рабіў выступ на прыканцы перамоваў з італьянскім прэзыдэнтам Джорджа Напалетана, які прыехаў у Нямеччыну. Напалетана запярэчыў, што Італія наклала вэта на санкцыі Эўразьвязу супраць Кадафі. Ён заявіў, што Рым падтрымаў сумесную і цэльную праграму на падтрымку дэмакратыі ў арабскіх краінах.

Наш камэнтар: Кур'ёзна назіраць, як заходнія палітыкі навыперадкі называюць Кадафі псіхапатам, злачынцам і г.д. Вобразна кажучы, яшчэ заўчора ён быў для іх і іхных гэшэфтаў зусім нармальным, яму выбачалі нават тэракты і масавыя забойствы, абы нафту ў Эўропу пампаваў. А як народ пачаў перакульваць ненавісную хунту, то адразу і дыягназ зьмяніўся. Эўралідэры спрачаюцца між сабой, хто больш падтрымліваў антынародны рэжым.

Усё гэта вельмі нагадвае падзеі ў лістападзе і сьнежні 2010 г. у Беларусі: тусоўшчыкаў ад эўрапалітыкі, якія кланяліся перад Лукашэнкам, казалі камплімэнты ягонай “лібэралізацыі” і зьбіраліся прызнаць ягоны выбарчы фарс. Ды толькі народныя пратэсты і наступныя рэпрэсіі перакулілі падступны праект эўрапрызнаньня антыбеларускай дыктатуры. Ня трэба мець ілюзіяў што да лібэральнай, цынічнай Брусэль-Эўропы. Трэба сваімі нацыянальнымі сіламі вызваляць радзіму.

Алесь Хадасевіч