Кіраўніцтва Беларусі папрасіла ў Расеі крэдыт 9 мільярдаў даляраў на будаўніцтва АЭС у Астраўцы. Пра гэта паведаміў журналістам першы віцэ-прэм'ер Ураду Уладзімер Сямашка.
Пагадненне з Расеяй пра ўсе пытанні будаўніцтва беларускай АЭС, паводле слоў Уладзімера Сямашкі, можа быць падпісанае 15 сакавіка.
На нарадзе з новым складам ураду. А. Лукашэнка паставіў дакладную задачу: “Асабліва зьвяртаю ўвагу міністра энэргетыкі і Ураду ў цэлым на тое, што ў бягучым пяцігодзьдзі неабходна ў поўным маштабе разгарнуць будаўніцтва беларускай АЭС. Вы зацягнулі гэты праект. З кім будзеце будаваць — кітайцамі, карэйцамі, расейцамі — мяне мала сёньня цікавіць. Працу ўжо трэба пачынаць”.
Толькі ня трэба хітраваць, спадары, адносна таго, “з кім збіраецеся будаваць”. Вядома ж не з тымі, хто гарантуе высокую якасьць і надзейную бясьпеку аб'екта, а з тымі, хто прымушае вас яго будаваць, і у каго вы для гэтага просіце крэдыт — з Расеяй, пра што ўжо выказаўся У. Сямашка.
Але ж лічбы і факты яскрава сьведчаць пра непатрэбнасьць і нават шкоднасьць пабудовы ў Астраўцы атамнай электрастанцыі. Ніжэй прывяду асноўныя крытэрыі ацэнкі.
1. Тэхніка-эканамічная мэтазгоднасьць з пункту гледжаньня забяспечэньня энэргетычнай бясьпекі краіны.
Устаноўленая магутнасьць усіх электрастанцый беларускай энэргасістэмы сёньня складае 8 300 МВт. У 2009 годзе найбольшае выкарыстаньне магутнасьці ў краіне склала 6 000 МВт.
Па дадзеных Мінэнерга зніжэнне магутнасьці пад час выкананьня рамонтых работ у апошнія гады складала каля 1000 МВт на працягу ўсяго года. Сумарнае абмежаваньне магутнасьці электрастанцый беларускай энэргасістэмы ў ацяпляльны пэрыяд складае прыкладна 400 МВт. Відавочна, што для надзейнага энэргазабяспечаньня спажыўцоў нават у выпадку не прагназуемага росту энэргаспажываньня, або аварыйнага адключэньня буйных генэрыруючых адзінак (~320 МВт) беларуская энэргасістэма мае неабходны запас магутнасьці.
Акрамя таго, канцэпцыяй энэргетычнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь да 2020 года прадугледжваецца мадэрнізацыя і рэканструкцыя магутнасьцяў на дзеючых энэргакрыніцах, у тым ліку ўкараненьне сучасных парагазавых тэхналогій магутнасьцю да 3 000 МВт, а таксама ўвод генерыруючых магутнасьцяў цеплавых электрастанцый на дровах і іншых мясцовых відах паліва — 265 МВт, стварэньне электрагенерыруючых магутнасьцяў на базе прамысловых і жыльлёва-камунальных крыніц цяпла, з давядзеньнем устаноўленай электрычнай магутнасьці на гэтых аб'ектах да ўзроўню не меньш 400 МВт.
Беларусь і Польшча падпісалі пагадненьне аб будаўніцтве ў 2011 годзе Зэльвенскай вугальнай электрастанцыі магутнасцю каля 900 МВт. Прыблізны кошт будаўніцтва гэтай станцыі складзе $1,2-1,3 млрд. Увядзенне ў эксплуатацыю запланавана на 2015 год.
Відавочна, што Беларусь мае надзейнае энэргазабесьпячэньне сваіх спажыўцоў.
Ніжэй прыведзены тэхніка-эканамічныя паказчыкі розных электрастанцый, прыведзеных да адной і той жа магутнасьці 1000 МВт. (“Энергия и менеджмент”. 2002. №3 (7).)
* 1000 МВт адпавядаюць 6500 ветраустановак магутнасцю 500 кВт кожная
** 1000 МВт адпавядаюць выпрацоўцы энергіі 22400 м2 сонечных батарэй
*** плюс 300 гадоў захоўвання
**** па тэрмінах эксплуатацыі без кансервацыі АЭС.
Аналіз дадзеных, прыведзеных у табліцы, паказвае, што ветраэнэргетычныя ўстаноўкі і малыя гідраэлектрастанцыі па сваіх тэхніка-эканамічных паказчыках не саступаюць электрастанцыям, якія працуюць на традыцыйных (выкапневых) відах паліва (газ, вугаль, мазут, дызельнае паліва), і значна пераўзыходзяць атамныя электрастанцыі. А з улікам невычарпальнасці і экалагічнай чысьціні, узнаўляемыя крыніцы энэргіі маюць бясспрэчную перавагу над усімі астатнімі.
Беларусь валодае вялікім патэнцыялам узнаўляемых крыніц энергіі (энергія ветра, геатэрмальная энэргія, малыя ГЭС, энэргія біамасы і інш.). Гэта і ёсць беларускі энэргетычны прыярытэт. Па ацэнках Інстытута энэргетыкі НАН Беларусі агульны патэнцыял узнаўляемых крыніц энэргіі Беларусі складае каля 3 000 МВт, што значна больш чым Астравецкая АЭС.
2. Месца для будаўніцтва АЭС прызначана, мякка кажучы, памылкова.
Па-першае, беларускія вучоныя ў галіне геалогіі адзначаюць, што прызначанае для будаўніцтва АЭС месца зьяўляецца сейсмічна неспакойным. У гэтым раёне ў 1908 годзе адбыўся моцны землятрус сілай каля 7 балаў, і няма ніякіх гарантый, што падобны землятрус не паўторыцца. Таму будаўніцтва АЭС у сейсмічна неспакойным месцы зьяўляецца рызыкоўным і надта небясьпечным мерапрыемствам.
Па-другое, сёньня гэта найбольш экалагічна чысты і прыгожы раён Беларусі. У ім трэба вырошчваць экалагічна чыстую сельскагаспадарчую прадукцыю, разьвіваць турызм, будаваць санаторыі і дамы адпачынку. Менавіта гэта адпавядае нацыянальным інтарэсам народа Беларусі, а не будаўніцтва экалагічна небясьпечнага аб'екта.
Па-трэцяе, надта ж сумніўная эканамічная мэтазгоднасць перадачы электраэнэргіі спажыўцам ад крыніцы, якая найбольш аддалена ад іх. Варта было б зірнуць на мапу.
Відавочна, што рашэнне аб будаўніцтве ў Астраўцы АЭС супярэчыць геалагічнай, экалагічнай і эканамічнай мэтазгоднасьці. Гэта ёсць рашэньне палітычнае. Яно прынятае насуперак нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь і яе еўрапейскіх суседзяў. Падобна на тое, што той, хто прымаў такое рашэньне, кіраваўся словамі вядомага расейскага паэта: “Отсель грозить мы будем шведу...”.
Думаю, што гэта той аб'ект і той момант, калі трэба як найхутчэй падумаць аб нацыянальных інтарэсах беларускага народа, пакуль яшчэ не надта позна. Трэба вырашыць гэтую праблему нават калі рашэньне яе запатрабуе кардынальных пераменаў у грамадзка-палітычным жыцьці краіны
Мікалай Крыжаноўскі |
• Навіны - Галоўная > Навіны - Цалкам >