АГЛЯД ЗАМЕЖНАГА ДРУКУ (01.03.2011)

posted Mar 4, 2011, 6:47 PM by Адміністратар Навін   [ updated Mar 4, 2011, 6:49 PM ]
Увага да народа, які змагаецца

1 сакавіка 2011 г. швайцарская газэта “Neue Zuercher Zeitung” апублікавала вялікі артыкул пра гісторыю Лівіі ў ХХ стагоддзі. У цэнтры апавяданьня — кароль Лівіі Ідрыс І, манархічную сістэму якога ліквідаваў у 1969 г. сваім путчам палкоўнік Кадафі. Распавядаецца, што Ідрыс паходзіў з самай уплывовай сям'і Ас-Санусі. Будучы эмірам Лівіі Ідрыс падтрымліваў народна-вызваленчую вайну лівійцаў супраць італьянскіх каланізатараў у 1920-30-я гады (хаця вымушаны быў жыць у эміграцыі ў Эгіпце). Апірышчам народнага паўстаньня супраць акупантаў пад кіраўніцтвам Умара Мухтара быў менавіта клан Ас-Санусі. Сёньняшнія змагары за вызваленьне Лівіі называюць сябе “унукамі Мухтара”. На загад эміра Ідрыса лівійскія плямёны аказалі вялікую дапамогу антыгітлераўскай кааліцыі падчас ІІ Сусьветнай вайны. І г.д.

Наш камэнтар: На фоне драматычных падзеяў у экзатычнай (да таго ж, шчыльна зачыненай) краіне многія СМІ сьвету знаёмяць грамадзтва ня толькі з перадгісторыяй цяперашняга канфлікту, але і з больш глыбокімі пластамі гісторыі і культуры Лівіі. Самымі папулярнымі ўдзельнікамі тэлепраграм і газэтных дыскусій становяцца людзі, якія былі ў Лівіі, вывучалі яе спадчыну, напісалі кнігі пра яе гісторыю.

Давайце параўнаем... Падчас падзеяў у Беларусі (ня толькі апошніх, але ўсіх) нічога падобнага мы не назіраем у рэакцыі замежжа на беларускую драму. СМІ ў лепшым выпадку перадрукоўваюць больш або менш фальшывыя паведамленьні зь Менску ад розных (больш або менш кантралюемых канторай) агенцый. Журналісты, якіх яны прысылаюць у Беларусь, нічога ня ведаюць пра нашу краіну. Вельмі часта іх суправаджаюць перакладчыкі з Масквы (!) — зразумела, канторскія “ребята”. Яны вядуць іх за ручку па адрасах псэўдаапазыцыі, якая наладжвае інфармацыйны канцэрт па заяўках. Потым у СМІ зьяўляюцца партрэты мілінкевічаў-вінцучкоў, “дэмакрата” Калякіна і інфармацыя аб тым, як “Лукашэнка перамог народ і апазыцыю на выбарах”.

Яшчэ можна зразумець, калі такую лухту пад дыктоўку лепяць рэпарцёры з далёкіх краін Эўропы і Амэрыкі. Але штораз і апошнім разам “во всей красе” прадэманстравала сябе польская журналістыка (летувіская і латвійская таксама). Апафэёзам быў жупел “наш Ярэк”, налеплены на кандыдата Раманчука (які “обмішурілся” ужо на наступны дзень пасьля галасаваньня), і поўны набор нізкаінтэлектуальных назіраньняў і ацэнак пра жыцьцё, настроі і пэрспэктывы беларусаў.

І гэта рабілі прадстаўнікі-спэцы з суседніх з Беларусяй краін! Ніводзін зь іх не спытаўся ў Зянона Пазьняка аб ягоным поглядзе і пазыцыі Беларускага Нацыянальна-Вызвольнага Руху. Пра гэтую асобу і гэты Рух могуць, магчыма, ня ведаць у Партугаліі або на Мальце, але ў Польшчы ведаюць. Чаму было напісана-агучана столькі ідыятызму і, прадыктаванай ворагамі Беларусі, дэзы на тэму беларускай драмы? Можа камусьці выгадна прадставіць нас менавіта ў такім сьвятле? Вельмі дзіўная пазыцыя некаторых інфармацыяйных колаў з суседніх краін. Яны фактычна падманвалі свае грамадзтвы. Пра элемэнтарны аналіз гісторыі, культуры і традыцыяў беларусаў зусім ня йшлося, гэта ніхто не закранаў. Вядома, там ёсьць розныя сродкі масавай інфармацыі, але ўсё ж такі гэта Беларусь!

Можна запярэчыць, што, маўляў, у сьвеце “няма спэцоў па Беларусі” (па Лівіі, маўляў, яны ёсьць). Але гэта няпраўда. Пра гісторыю і культуру глыбака і пераканаўча маглі б распавесьці інтэлектуалы з беларускай эміграцыі ў ЗША, Вялікай Брытаніі І Францыі. Ёсьць кнігі на гэтую тэму на эўрапейскіх мовах. Паўстае пытаньне, чаму кнігі гэтыя былі апублікаваны малымі накладамі і іх няма ва ўнівэрсітэцкіх і акадэмічных цэнтрах цывілізаваных краін? Колькі яшчэ сьвет будзе поркацца ў прыцемках і не разумець, што адбываецца ў цэнтры Эўропы?

Што ж тут зьдзіўляцца, што дэмкраіны так і не разабраліся ў прычынах і характары нашай нацыянальнай драмы.

Юрка Марозаў


Інтэрнацыяналізм дыктатараў і забойцаў народаў

1 сакавіка 2011 г. нідэрляндская газэта “De Telegraaf” апублікавала зацемку пад тытулам “Кадафі ў Беларусь?” Службамі сачэньня за паветранай прасторай быў заўважаны прыватны самалёт Кадафі, які вылецеў 1 сакавіка з Трыпалі і ўзяў курс на Менск. Невядома, што за пасажыры і груз у гэтым самалёце.

Наш камэнтар: Інтэрнацыянал забойцаў народаў у дзеяньні?

Юрка Марозаў


Слушная заява

1 сакавіка 2011 г. бэльгійская газэта “De Standaard” паведаміла, што дзяржсакратар ЗША Гілары Клінтан заявіла пра неабходнасьць новага рассьледваньня справы Локрбі. 21 сьнежня 1988 г. над шатландскім мястэчкам Локрбі выбухнуў пасажырскі самалёт ЗША, загінулі 270 чалавек.

Наш камэнтар: Слушная заява. Трэба таксама будзе разьбірацца, хто і чаму састрэліў паветраны балён з цывільнымі амэрыканскімі грамадзянамі над тэрыторыяй Беларусі. Хто пастаўляў зброю тэрарыстычных арганізацыям і рэжымам? І г.д.

Алесь Хадасевіч


Калі народ змагаецца, яго шануюць

1 студзеня 2011 г. нарвэжская газэта “Aftenbladet” напісала, што падчас візыту ў Каір нарвэжскі міністар замежных справаў Юхан Гар Сьцёрэ наведаў плошчу Тахрыр (Свабоды), якая была цэнтрам народнай рэвалюцыі. Міністра прыязна сустрэлі тысячы эгіпцянаў, якія гукалі “Жыве Эгіпет!” Сьцёрэ зьвярнуўся да іх з павітальнай прамовай.

Наш камэнтар: Калі народ змагаецца супраць прыгнятальнікаў, яго шануюць і вітаюць, яму дапамагаюць народы і ўрады ў цэлым сьвеце.

Алесь Хадасевіч


Лукашысцкія талібы адкажуць за разбурэньне культуры

1 сакавіка 2011 г. швэдская газэта “Svenska Dagbladet” напісала, што нямецкія спэцыялісты зьбіраюцца адрэстаўраваць адну з дзьвюх старажытных статуй Будды, зьнішчаных талібамі ў 2001 г. у Аўганістане. Знойдзены фрагмэнты 38-мэтровай скульптуры. Праект прадстаўлены на канфэрэнцыі ЮНЕСКО ў Парыжы.

Наш камэнтар: У блізкай будучыні беларускія спэцыялісты будуць аднаўляць помнікі беларускай культуры, разгромленыя маскоўскімі і лукашыстоўскімі талібамі. Пасьля падзеньня антыбеларускага рэжыму першым чынам будзе спынена злачынная практыка зьнішчальнай “рэстаўрацыі”, якую робіць дзяржфірма “Белрэстаўрацыя” і яе структуры. Яркім прыкладам такой “рэстаўрацыі” толькі ў апошні час зьяўляецца поўнае зьнішчэньне аўтэнтычнай хаты ў вёсцы Бычкі, якая належыць сям'і Васіля Быкава. “Рэстаўратары” разьбілі і спалілі дом, а на ягоным месцы паставілі буду-навароб, дзе разгарнулі экспазыцыю. За такое судзяць.

Янка Базыль


Аб'яднаньне войска

1 сакавіка 2011 г. славацкая газэта “Hospodarske Noviny” напісала: “Лівійскія вайсковыя часткі, якія паўсталі супраць Муамару Кадафі, арганізоўваюцца пад агульным камандваньнем з мэтай атакаваць сілы, якія яшчэ лаяльныя лівійскаму лідэру. “Усе ваенныя рады вольнай Лівіі сустрэліся, каб утварыць адзіную ваенную раду для плянаваньня наступу на аддзелы бясьпекі, апалчэньне і жаўнераў Кадафі”. — сказаў капітан Фарыс Зувай журналістам на ваеннай базе ва ўсходне-лівійскім горадзе Адждабія”.

Наш камэнтар: Важны крок рэвалюцыі: фармуецца адзіная вайсковая сіла пад цэнтральным камандваньнем для канчатковага разгрому дыктатуры.

Алесь Хадасевіч


“Воруют-с...”

1 сакавіка 2011 г. польская газэта “Gazeta Wyborcza” апубікавала артыкул пад тытулам “Усё вышэйшы хабар у Расеі”. Віцэ-старшыня дэпартаманту эканамічнай бясьпекі МУС А. Назараў сказаў, што раней рэкордным аднаразовым хабарам былі 23 тысячы рублёў. Сёлета зарэгістраваны новы рэкорд у 61 тысячу рублёў. Газэта напісала: “Карупцыя ў Расеі — гэта зьява ўсеагульная на ўсіх узроўнях улады. Пра гэта ведаюць бізнэсоўцы і турысты, якія езьдзяць па Расеі ў машынах з замежнымі нумарамі. У 2010 г. у сьпісе па распаўсюджаньню карупцыі, прадстаўленым “Transparancy International”, Расея заняла 154-е месца з 178. Горай сытуацыя толькі паміж іншымі ў Папуа-Новай Гвінэі, Таджыкістане і Конга”.

Наш камэнтар: Старадаўні інтэлігенцкі дыягназ: “Воруют, сударь, воруют...”

Алесь Хадасевіч


Плянуюць новую дэпартацыю

1 сакавіка 2011 г. польская газэта “Rzeczpospolita” напісала пра пляны расейскіх уладаў перасяліць беспрацоўных з Каўказа ў Сібір, дзе яны павінны будуць працаваць. Ініцыятарам ідэі ёсьць прадстаўнік прэзыдэнта Медведева ў Паўночна-Каўказкай фэдэральнай акрузе А. Хлапонін. Блогеры, якія зьбіраюць подпісы супраць гэтай ініцыятывы, напісалі ў сеціве: “Улады хочуць перасяліць патэнцыйных тэрарыстаў як мага далей ад Масквы. Але дзе ўпэўненасьць у тым, што акурат там яны будуць працаваць, а не падрываць у паветра будынкі?”

Наш камэнтар: Крамлёўскі маразм нараджае пачвараў (што Хлапонін, што камэнтатары). Нічога новага ня можа прыдумаць Крэмль-Лубянка, ідуць па старых, залітых крывёй народаў дарожках.

Юрка Марозаў