КОШТ “РАЗАБЛАЧЭНЬНЯЎ”

posted Mar 10, 2011, 6:02 AM by Адміністратар Навін   [ updated Mar 10, 2011, 6:02 AM ]
Шэраг апошніх дзён даюць у інфармацыйную прастору над Беларусяй столькі яркіх і шумных пасланьняў, што ўсё гэта нагадвае нейкі фаервэрк. У людзей стракаціць у вачах і зьвініць у вушах — столькі новага, надзвычайнага даведваюцца яны пасярод бурапеннай хвалі ў афіцыйных і “незалежна-дэмакратычных” СМІ. Складваецца ўражаньне, што ўсе спаборнічаюць між сабой у “разаблачэньнях” — КГБ РБ, былыя “кандыдаты”, шэфрэдактары і прочая і прочая. Адзін кажа, што другі даваў яму сто тысячаў даляраў, каб ён зьняў сваю кандыдатуру з “выбарчай гонкі” (і пры гэтым прызнаецца: “думаў, што ў зале няма журналістаў”). Іншыя напісалі “пакаянныя лісты” на імя дыктатара і цяпер высьвятляюць, хто зрабіў гэта першым. КГБ публікуе факсіміле аднаго з “пакаянных лістоў”. “Кандыдат” папікае шэфрэдактара за тое, што той патрабаваў зь яго заплаціць грошай, “і тады мы надрукуем, што захочаш”. Шэфрэдактар абразіўся на гэтую заяву і абяцае судзіцца за паклёп, ягоная намесьніца інтэлігентна называе кандыдата вульгарным вулічным словам (і друкуе такое). “Дэмакраты” Гомеля сабраліся і “разаблачылі самых сябе” — заявілі, што заклікаюць да байкоту “парляманцкіх выбараў 2012 года”. І гэтак далей.

Адкуль усё ўзялося? Чаму раптам цяпер арганізавалася гэтая эпідэмія “разаблачэньняў”? Які кошт павінна заплаціць наша грамадзтва за гэтую “шматаблічную праўду”?

Кошт высокі. За публікацыямі і ўзаемнымі шумнымі абвінавачваньнямі асобаў, якія ўсімі сіламі імкнуліся сарваць Народны Байкот выбарчага фарсу, стаіць іхняя чарговая справа — затлуміць галовы людзей і дэзарыентаваць грамадзтва, зноў сарваць байкот нелегітымнага рэжыму, якому яны сьведама ці ня сьведама пракладалі дарогу да несапраўднай “элегантнай перамогі” на “выбарах”. Ад гэтых асобаў можна пачуць што-заўгодна, нават што “КГБ — гэта гестапа”. За шумнымі заявамі зьнікае самае галоўнае, тое, пра што ў першую чаргу павінны казаць усяму народу сапраўдныя палітыкі. А менавіта — Лукашэнка не зьяўляецца прэзыдэнтам Беларусі, ён — узурпатар прэзыдэнцкай улады і зьдзейсьніў крымінальнае злачынства. Ягоны рэжым нелегітымны і грамадзтва мае легітымнае права не выконваць загады і распараджэньні гэтага рэжыму. У такіх умовах ня можа быць ніякіх размоваў пра нейкія выбары пад гэтым рэжымам. Выбары могуць праводзіцца толькі без удзелу ўзурпатара Лукашэнкі і пад міжнародным патранажам (як гэта было, напрыклад, у Косаве або Паўднёвым Судане).

Але пра гэта маўчаць “разаблачальшчыкі”. І будуць маўчаць да канца (да свайго канца). Яшчэ раз раскрываецца сутнасьць падстаўной псэўдаапазыцыі, якая зьяўляецца інтэгральнай часткай антыбеларускага рэжыму і агучвае ўсё, што патрэбна для выжываньня гэтага рэжыму.

Сваё слова павінна ўрэшце сказаць само беларускае грамадзтва: “Новыя выбары без Лукашэнкі!” Трэба каб па ўсёй краіне паўсталі суполкі Руху за такія выбары. І тады цяжка будзе замуціць галоўную праблему нашага жыцьця — праблему вызваленьня краіны ад лукашыстоўскай акупацыі.

Янка Базыль