АГЛЯД ЗАМЕЖНАГА ДРУКУ (08-09.03.2011)

posted Mar 10, 2011, 4:24 PM by Адміністратар Навін   [ updated Mar 10, 2011, 4:25 PM ]
Злачынная, тэрарыстычная структура

8 сакавіка 2011 г. польская газэта “Rzeczpospolita” напісала з Эгіпту. Пасьля нядаўняй рэвалюцыі ў сеціве пачалі зьяўляцца захопленыя паўстанцамі сакрэтныя дакуманты спэцслужбаў Мубарака. Грамадзтва ўражана адкрытымі фактамі пранікненьня спэцслужбаў у жыцьцё людзей. Гэбэшнікі сачылі за людзьмі, праслухоўвалі тэлефонныя размовы, утварылі па ўсёй краіне сістэму стукацтва. Стала таксама вядома, што менавіта спэцслужбы арганізавалі крывавы тэракт каля хрысьціянскага сабору ў Каіры 25 сьнежня летась (21 забіты, больш за 100 паранены). Народ патрабуе ліквідацыі мубарацкіх спэцслужбаў.

Наш камэнтар: Гэбэ — злачынная, тэрарыстычная структура пры кожнай дыктатуры.

Юрка Марозаў


Рашаючы крок

9 сакавіка 2011 г. бэльгійская газэта “Soir” паведаміла, што ўлады Туніса ліквідавалі спэцслужбы скінутага рэвалюцыяй рэжыму і ўсе зьвязаныя зь імі арганізацыі. МУС краіны заявіў, што “у краіне ліквідуецца палітычная паліцыя”.

Наш камэнтар: Ліквідацыя дыктатарскага гэбэ — рашаючы крок ліквідацыі дыктатуры.

Юрка Марозаў


“Далоў расейскі шавінізм!”

9 сакавіка 2011 г. польская газэта “Rzeczpospolita” паведаміла пра акцыі ўкраінскай нацыяналістычнай арганізацыі “Маладзёвая Рэфэрэнтура ОУН”. Арганізацыя зьмясьціла ў сеціве фільм, дзе яе актывісты разьбіваюць вітрыны дзьвюх люксусовых крамаў у Кіеве. Прычынай акцыі стала адмова адміністрацыі прымаць на працу ў крамы жанчын, якія размаўлялі па-украінску на сумоўі пры прыёме на працу. На гэтых крамах актывісты напісалі “Далоў расейскі шавінізм!”

Наш камэнтар: Барацьба за Украіну працягваецца.

Алесь Хадасевіч


“Спэцы-прахіндзеі”

9 сакавіка 2011 г. чэшская газэта “Ceske Noviny” напісала пра выступ драматурга і былога прэзыдэнта Вацлава Гавэла. Ён заявіў сярод іншага: “Ёсьць тысячы спэцыялістаў у міністэрствах, унівэрсітэтах, навуковых установах, якія спэцыялізуюцца на арабскім сьвеце. Аніводзін зь іх не прадказаў, што нешта падобнае можа адбыцца ў Лівіі. Экспэрты ня здолелі зразумець, які сапраўды настрой людзей. Улады адмаўляліся прыняць праўду пра сваіх кіраўнікоў”.

Наш камэнтар: Адэкватная крытыка “спэцоў” (тлуста аплочаных за сваё “арабазнаўства”). У прынцыпе, мы назіраем поўны правал усёй аходняй аналітыкі на тэму афрыканскай дыктатуры і яе пэрспэктываў. Мабыць, “спэцы” настойліва падказвалі заходнім істэблішмэнтам, каб яны мацней абдымаліся-цалаваліся з Кадафі — будзе нафта і стабільнасьць. Але народ нечакана перакуліў гэтыя калькуляцыі розных “тэарэтыкаў”.

Што ўжо казаць пра нашу Беларусь. На Захадзе нават не парупіліся стварыць элемэнтарныя аналітычныя цэнтры з адукаванымі асобамі, якія б ведалі нашу краіну, гісторыю, культуру і г.д. (зрэшты, а што ім — нафты ж няма). Прайдзісьветы кшталту Ганса Віка на фоне гэтага “бязрыб'я” могуць на працягу гадоў выстаўляцца “беларусазнаўцамі” ды тлуміць галовы эўрапейцам і амэрыканцам сваёй лухтой, якую яны зьляпілі разам з Лубянкай. І няма нават каму запярэчыць ім. А потым заходнікі зьдзіўляюцца, калі яны трапляюць у ганебныя і сьмешныя сытуацыі з Лукашэнкам, дыктатурай і беларускім народам, які ня хоча ісьці пад расейскую акупацыю.

Алесь Хадасевіч


Цягнула за ногі павешанага

9 сакавіка 2011 г. нарвэжская газэта “Dagbladet” апублікавала артыкул пад тытулам “Кат на службе Кадафі”. Артыкул прысьвечаны Гудзе Бэн Амір, якая зрабіла кар'еру пры дыктатары. 27 гадоў таму яна пачала кар'еру. Падчас публічнага пакараньня сьмерцю маладога апазыцыянэра з натоўпу да шыбеніцы выскачыла маладая кабета і цягнула ахвяру за ногі, дапамагала забіць чалавека. Яе прыкмеціў дыктатар. З часам яна стала мэрам другога па значэньню горада краіны Бэнгазі і самай багатай і ўплывовай жанчынай краіны. Людзі настолькі ненавідзелі яе, што пасьля яе ўцёкаў з Бэнгазі спалілі тры яе раскошныя вілы. Гуда цяпер стаіць побач з Кадафі на ўсіх ягоных прапагандысцкіх відэаздымках і дэманструе падтрымку свайму гаспадару.

Наш камэнтар: У кожнага антынароднага рэжыму ёсьць свае батурыны і пяткевічыхі.

Алесь Хадасевіч


“Ад такіх “спэцоў” усяго можна чакаць”

9 сакавіка 2011 г. летувіская газэта “Kauno Diena” апублікавала артыкул пад тытулам “Нарвэгія лічыць становішча ў Беларусі горшым, чым у Расеі”. У Калінінградзе (Каралеўцу) і Вільні быў з візытам і выказваўся міністар замежных справаў Нарвэгіі Юхан Гар Стурэ. Сярод іншага казаў і пра Беларусь. Цытуем: “Я мяркую, што паміж Расеяй і Беларусьсю ёсьць грунтоўная розьніца. У Беларусі ўжо шмат гадоў ёсьць той самы кіраўнік, там відавочна маніпулюцца выбары, душыцца апазыцыя. У Расеі працягваецца пераходны працэс. Мяркую, што ў Расеі назіраецца тэндэнцыя прыстасаваньня да стандартаў Эўрапейская Рады, імкненьне ўступіць у Міжнародную Гандлёвую арганізацыю... А. Лукашэнка ідзе ў адваротным накірунку. Вось якая розьніца”.

Наш камэнтар: Вось які “спэц” па беларусазнаўству. Нават не здагадваецца (або робіць выгляд), што антыбеларускі рэжым ёсьць формай унутранай расейскай акупацыі нашай краіны. Гэтыя “міністры-капіталісты” перад 19 сьнежня летась нахвальвалі Лукашэнку за “прагрэс у дэмакратыі”. Яны рабілі тое ж у адносінах да Кадафі да 17 лютага сёлета. Пасьля згаданых датаў (калі пачаліся народныя драмы) яны нават не пачырванелі і не папрасілі прабачэньня ў сваіх грамадзтваў за сваю балбатню і хлусьню пра дыктатуры.

Цяпер яны сьпяваюць камплімэнты “пераходнаму пэрыяду” ў Расеі. І нават не сумеюцца. Поўны эўрамаразм, заснаваны, аднак, на выгадніцкіх (як ім здаецца) гэшэфтах з Масквой. Гэшэфты вельмі ўсхвалявалі прыбалтыйскія краіны, якія баяцца, што Эўропа можа расплаціцца “за стабільнасьць” бясьпекай малых дзяржаваў Балтыі. Яны слушна баяцца. Ад такіх “спэцоў” усяго можна чакаць.

Алесь Хадасевіч