ЗЬВЕСТКІ З ЗАМЕЖНЫХ ГАЗЭТ (18-21.03.2011)

posted Mar 24, 2011, 5:54 AM by Адміністратар Навін   [ updated Mar 24, 2011, 5:55 AM ]
Розныя падыходы

18 сакавіка 2011 г. польская газэта “Rzeczpospolita” апублікавала інтэрвію з польскай япаністкай Агнешкай Казырай. Яна распавяла пра мэнтальнасьць японцаў, дала ацэнкі апошнім трагічным падзеям у далёкай краіне.

Наш камэнтар: Ва ўсім сьвеце СМІ актыўна карыстаюцца паслугамі спэцыялістаў па краіназнаўству, культуры, палітыкі, гісторыі і г.д. краін, якія апынуліся ў цэнтры ўвагі ў сувязі з апошнімі драматычнымі падзеямі. Спэцы па Японіі і Лівіі не зьнікаюць з экранаў тэлевізараў і старонак газэт. На тэлеканалах некаторых краін яны бязвылазна сядзяць цэлымі днямі ў студыі і камэнтуюць апошнія падзеі. Журналісты бяруць інтэрв'ю ў лівійцаў, якія пражываюць у іхных краінах.

Афіцыёз РБ барабаніць пад капірку маскоўскую “прапаганду і агітацыю” — нармальнаму чалавеку такое глядзець-чытаць ня хочацца. Не найлепш і ў малалікіх дэмакратычных СМІ. Напрыклад, Радыё Свабода зьмясьціла інтэрв'ю з С. Адамовічам, якое ён даў з сваёй нарвэжскай эміграцыі. Ён камэнтаваў не скандынаўскія справы, а падзеі ў Лівіі. Сказаў, што “паўстаньне паднялі дарэмна, пасьля Кадафі жыць будзе яшчэ горш, чым было”. Японскую драму пракамэнтавала на той жа Свабодзе нейкая сакратарачка-сьвістулечка з лукашыстоўскай амбасады РБ у Токіа. Не выразна, аднак, яно выглядае.

Алесь Хадасевіч


“Мы хочам змагацца!”

21 сакавіка 2011 г. румынская газэта “Adevarul” публікуе шмат фота і паведамленьняў зь Лівіі. Хаўрусныя войскі бамбардуюць і абстрэльваюць вайсковыя і адміністрацыйныя аб'екты рэжыму Кадафі. Магчыма цяжка паранены або забіты адзін з сямёх сыноў дыктатара Кадафі. Маладзён камандаваў элітнай вайсковай спэцчасткай.

Наш камэнтар: Пасьля авіяўдараў па наступаючых рэжымных войсках спыніўся наступ Кадафі на горад Бэнгазі. СМІ дэманструюць разьбітыя і спаленыя танкі, грузавікі і гарматы. Сімпатыю і салідарнасьць усіх вольналюбівых людзей сьвету выклікае рэакцыя на падзеі лівійскіх паўстанцаў. Яны зьвярнуліся да хаўрусьнікаў з заклікам: “У нас мала зброі і амуніцыі. Дайце нам зброю! Мы хочам змагацца!”

Алесь Хадасевіч


Генэралы-патрыёты

21 сакавіка 2011 г. аўстрыйская газэта “Der Standard” паведаміла з Емэна, што два высокапастаўленыя генэралы емэнскай арміі Алі Махсэн аль-Ахмар і Алі Мухсін перайшлі на бок народа, які змагаецца супраць дыктатарскага рэжыму. Яны прынялі гэта рашэньне пасьля крывавай паліцэйскай расправы над мірнымі дэманстрантамі, што адбылася заўчора (52 забітых, сотні параненых).

Наш камэнтар: Сярод камандзёраў нацыянальнай арміі заўсёды знаходзяцца сапраўдныя патрыёты, якія не пакідаюць народ на беспакараную расправу дыктатару. Пасьля перамогі рэвалюцыі менавіта яны становяцца начале ўзброеных сілаў. Ім давярае народ.

Юрка Марозаў


Падзеі ў Сірыі

21 сакавіка 2011 г. ангельская газэта “Independent” напісала пра народныя пратэсты ў Сірыі. Магутныя дэманстрацыі супраць дыктатуры Башара Асада каторы дзень адбываюцца ў паўднёвым горадзе Дэра. Дэманстранты атакавалі і спалілі офісы прэзыдэнцкай партыі Баас і мясцовы трыбунал. Разгромлены і спалены таксама дзьве фірмы. Адна зь іх належыць швагру прэзыдэнта Асада. Адзін з дэманстрантаў сказаў журналістам: “Яны спалілі сымвалы прыгнёту і карупцыі. Банкі, што знаходзяцца побач, ніхто не чапаў”.

Наш камэнтар: Калі народ займае і нішчыць сымвалы дыктатуры і бярэ пад кантроль аб'екты дзяржаўнай гаспадаркі — гэта ёсьць рэвалюцыя.

Юрка Марозаў


Усплыў прадажны Севярын

21 сакавіка 2011 г. румынская газэта “Evenimentul Zilei” напісала пра вядомага румынскага эўрадэпутата Адрыяна Севярына. Севярын прыпыніў сваё сяброўства і віцэ-старшынства ў Сацыял-дэмакратычнай партыі Румыніі ў сувязі з публікацыяй у ангельскай газэце “Sundy Times”. Газэта назвала Севярына карупцыянэрам, які браў грошы за ўнясеньне зьменаў у заканадаўства Эўразьвязу.

Наш камэнтар: Севярын вылецеў у Брусэль разьбірацца з эўраначальствам. У карупцыйным скандале фігуруе яшчэ адзін славенскі эўрадэпутат. Але нам больш цікавы наш даўні знаёмы А. Севярын, які столькі разоў прыязджаў быў у Беларусь у якасьці спэцдакладчыка Эўразьвязу па нашай краіне. Дзесяць гадоў таму мы пісалі на інтэрнэт-старонцы Беларускага Народнага Фронту, што гэты Севярын выглядае на хітрага румынскага селяніна, які любіць красьці кукурузу з калгаснага поля. І як у ваду глядзелі!.. А па Беларусі гэты Севярын рабіў такія “справаздачы”, якія ўмацоўвалі лукашыстоўскі рэжым і ягоную псэўдаапазыцыю. Ужо тады было зразумела, што ўсё ў Брусэлі згніло і прадалося. Цяпер, падобна, гэта раскрываецца.

Алесь Хадасевіч


Розны стан разуменьня

21 сакавіка 2011 г. польская газэта “Gazeta Wyborcza” паведаміла, што італьянскія ўлады паставілі паліцыю і войскі ў паўднёвай Італіі ў стан гатоўнасьці. Пад кантролем паліцыі знаходзяцца таксама мячэці і месцы, дзе пражываюць і зьбіраюцца лівійцы — праціўнікі рэжыму Кадафі.

Наш камэнтар: Адэкватная рэакцыя ўладаў на пагрозу з боку шалёнага дыктатара з суседняй краіны.

А вось шклоўскага шаленца, падобна, “ніхто не баіцца”. Суседзі ня слухаюць папярэджаньняў нашых патрыётаў аб міжнароднай небясьпецы прамаскоўскага акупацыйнага рэжыму РБ, пра падпарадкаванасьць арміі і спэцслужбаў РБ Крамлю-Лубянцы. Іх мабыць не хвалюе, што Беларусь становіцца тэрыторыяй, падначаленай маскоўскім мілітарыстам. Калі б іх гэта хвалявала, то суседзі не вадзілі б палітычныя карагоды з лукашэнкаўскай псэўдаапазцыяй і не падманвалі б свае грамадзтвы маласур'ёзнымі і слабаінтэлектуальнымі ацэнкамі беларускага жыцьця.

Юрка Марозаў