АКУПАЦЫЙНЫ РЭЖЫМ ЗАБАРАНЯЕ

posted Mar 24, 2011, 5:55 AM by Адміністратар Навін   [ updated Mar 24, 2011, 5:56 AM ]
Старэйшыя людзі памятаюць, што адным зь яркіх знакаў поўнага крызісу “сацыялістычнага лягеру” было рэзкае ўрываньне цэнзуры ў “самае сьвятое” — у маскоўскую прапаганду і гарбачоўскую “перастройку”. Увесну 1989 года ўлады падмаскоўскай ГДР раптам забаранілі распаўсюджаньне па краіне шэрагу маскоўскіх газэт і часопісаў (некаторыя зь іх выдаваліся ў Маскве на нямецкай мове). Рэжым Хонэкэра напалохаўся даволі нефармальнага стылю многіх публікацый, у якіх сапраўды разьбіваліся закарэлыя стэрэатыпы і паведамлялася пра многія гістарычныя факты, забароненыя для агучваньня раней (напр., псіхічная хвароба Леніна, дзікія злачынствы сталінізма, брэжнеўскі маразм і г.д.).

Нямецкім падпісчыкам нават вярнулі грошы за недастаўленую друкаваную прадукцыю, якая аказалася сьмяротна небясьпечнай для рэжыму. Усходнія немцы сьмяяліся з гэтага хонэкераўскага страху і актыўна пераключалі свае телевізары на заходне-нямецкія каналы. Сьмех сьмехам, а праз месяцаў прыкладна пяць, у кастрычніку таго ж 1989 года хонэкэраўскі напалоханы рэжым абваліўся пад мільённыя антыкамуністычныя дэманстрацыі ўсходніх немцаў. Нават Масква не магла выратаваць свайго васала.

Халуйскае загляданьне ў рот Маскве з любой нагоды — даўняя завядзёнка менскіх васалаў “белокаменной”. Яна не памянялася з часоў БССР, нягледзячы на некалькі “антымаскоўскіх” шоў з гіканьнем, праклёнамі і сьвістам, што наладзіў лукашызм за апошняе дзесяцігоддзе (але людзі разабраліся, што йдзецца пра фальшывыя спэктаклі, сцэнар якіх распрацоўваўся ў Крамлі). Праклёны “на публіку” хутка зьмяняліся рытуальнымі паклонамі, завярэньнямі, што “белоруссы готовы умірать за Россію”, і яшчэ больш бессаромнай здачай нашых нацыянальных багацьцяў маскоўскаму ворагу.

Раніцай 22 сакавіка беларусы сталіся сьведкамі неардынарнага прапаганд-эпізода ў хонэкэраўскім стылі. А 8.00 людзі ўключылі тэлевізары, каб паглядзець выпуск навінаў па расейскім канале РТР (па БТ нашы людзі навіны не глядзяць, там пра навіны не даведаешся — суцэльны звон рэжымных балалаек на тэму “народнага шчасьця”). Маскоўская дыктарка пачала распавядаць пра падзеі ў Лівіі, на экране ўзьніклі кадры з выявай наступстваў начной бамбардоўкі: “Сёньня ўначы авіяцыя хаўрусьнікаў працягвала авіяналёты на Трыпалі. Удары былі нанесены па будынку, дзе знаходзіцца офіс Кадафі...” І раптам на слове “Кадафі” і на выяве раскурочанай ракетамі 4-павярховай сядзібы дыктатара маскоўскае гаварэньне і паказваньне рэзка абарвалося. Уключылася рэклама, а пасьля яе на экране ўзьніклі сюжэты з БТ.

Тэхнічная непаладка? Наўрад-ці... У наяўнасьці гістэрычнае калачэньне з панічнай думкай пра непазьбежнасьць пакараньня за крымінальныя злачынствы ў маштабах акупаванай дзяржавы. Прыклад з учора яшчэ беспакараным нахабнікам-тэрарыстам, якога ўрэшце міжнародная супольнасьць пасадзіла на гарачую авіяпатэльню, аказаўся надта страшным для антыбеларускага рэжыму. Лукашысты кінуліся “засланяць посьцілкай” тэлеэкран, каб нашы людзі раптам не дадумаліся, што ў зьнішчальнікаў народаў канец заўсёды адзін — суровае пакараньне і сьметнік гісторыі. Сваю анучку лукашысты не пасаромеліся накінуць нават на тэлевыяву з Масквы, якая зусім без сімпатыі выказваецца пра народнае паўстаньне ў Лівіі і дэманструе падтрымку крываваму Кадафі.

Што ж, цалкам лагічна баяцца высокатэхналагічнай зброі дэмакратычных краінаў. Ад іх у Драздах не схаваешся. Але вось шэраг палітычных арганізацыяў, што падавалі заяўкі на правядзеньне сьвяточных мерапрыемстваў на Дзень Волі 25 Сакавіка, атрымалі рэжымнае накіраваньне на бангалорскі сабачнік. Наша Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыія — БНФ дык і зусім атрымала забарону на правядзеньне сьвяточнага мітынгу і канцэрту. Патрыёты вырашылі адзначыць Дзень Волі ўскладаньнем кветак да помнікаў вялікім беларусам, не зьвяртаючы ўвагі на рэжымную істэрыку. Аказалася, што рэжым баіцца нацыянальнага сьвята беларускага народу. Лукашысты баяцца беларусаў, якія зьбяруцца разам у гэты сьветлы і радасны дзень 93-х угодкаў абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай дзяржавы.

Калі б антыбеларускі рэжым быў магутным і непахісным, не было б такога страху і панікі. Рэжымная прапаганда ў чарговы раз пастаралася б выставіць патрыятычныя мерапрыемствы “сборішчем маргіналов” і заплявузгала б сьветлыя памкненьні людзей сваімі адпрацаванымі тэлеспосабамі. Але гэтым разам не атрымліваецца. А раптам на сьвяткаваньне сабраліся б 50 тысяч беларусаў, як гэта было ўвечары 19 сьнежня летась? А раптам яшчэ што-небудзь? І ў збачэнскай сьведамасьці дзяржаўных злачынцаў замільгалі вобразы народнага і міжнароднага гневу з лівійскай хронікі — ачышчальнага гневу справядлівасьці.

Янка Базыль