Як вядома, лубянскія кадры ўсіх узроўняў ня толькі навучаны забіваць людзей і наносіць людзям шкоду. Яны любяць рабіць гэта “з вывертам”, цынічна, пад жарцікі і з усьмешачкай. Іхныя “выверты” тлумачацца іхнай упэўненасьцю ва ўласнай беспакаранасьці за зьдзейсьненыя злачынствы. Яны мяркуюць, што калі іх нават схопяць людзі, то яны змогуць патлумачыцца, што “выконвалі загад”. Пытаньне толькі ў тым, ці будуць людзі цярпліва слухаць іхныя тлумачэньні? Напрыклад, у Лівіі людзі іх ужо ня слухаюць, а адразу караюць за 42 гады зьдзекаў і паняверкі над народам. Апошнімі гадамі (пасьля “рэабілітацыі” РПЦ) у Крамлі-Лубянцы ўвайшла ў моду завядзёнка выстаўляцца ў якасьці сьвятошаў. Замест “Ленін жіл — Ленін жів...” яны цяпер гукаюць “акі-пакі, помолімся, братья і сестры...” і нават часам бяруць крыж у свае крывавыя рукі. Дзікая карціна маскоўскага блюзьнерства... Мы публікуем заяву расейскай арганізацыі “Мэмарыял”, зьмешчанай у інтэрнэт-выданьні Грані.Ру. Заява “Мэмарыяла” 22 сакавіка 2011 года прэм'ер-міністар Расеі Уладзімер Пуцін на прэс-канфэрэнцыі ў сталіцы Славеніі Любляне заявіў: “... мы зараз павінны думаць... пра ахвяры, колькасьць якіх расьце ў выніку грамадзянскай вайны, якая па сутнасьці цяпер ідзе ў Лівіі, і ў выніку нанясеньня ракетных і бомбавых удараў па тэрыторыі гэтай краіны. Мы ўсе павінны думаць менавіта пра гэта, перш за ўсё... Але, зразумела, пра гэта павінны ў першую чаргу думаць тыя, хто далучны да гэтай трагедыі. Думаць пра гэта і маліцца за збаўленьне сваёй душы”. Вернемся гадоў гэтак на адзінаццаць-дванаццаць ўстыч. Пуцін тады таксама быў прэм'ер-міністрам і выконваў абавязкі прэзыдэнта. 7 кастрычніка 1999 года пры бамбардоўцы сяла Элістанжы загінулі больш за 30 цывільных жыхароў, у тым ліку жанчыны і дзеці, дзесяткі былі паранены. 21 кастрычніка 1999 года ў выніку ракетнага ўдару па цэнтры Грознага загінулі больш за 100 чалавек, былі паранены больш за 200 чалавек. 29 кастрычніка 1999 года пры бамбардоўцы калёны ўцекачоў каля чачэнскага сяла Шаамі-Юрт згодна з афіцыйнымі дадзенымі (выразна заніжанымі) загінулі 16 і былі паранены 11 цывільных жыхароў. У той жа дзень артылерыйскаму абстрэлу падзьверглася калёна ўцекачоў, што рухалася ад сяла Петрапаўлаўскае да станіцы Гарачаісточнікаўскай. Загінулі ня менш за 23 чалавекі, яшчэ 7 пазьней памерлі ў шпіталі. 4-7 лютага 2000 года пры абстрэле сяла Катыр-Юрт загінулі больш за 100 чалавек. Толькі згодна з афіцыйнымі дадзенымі (выразна заніжанымі) загінулі 43 і былі паранены 53 цывільных жыхары. 5 лютага 2000 года падчас “зачысткі” сяла Новыя Алды і ў суседніх кварталах Грознага былі расстраляны 56 цывільных жыхары, уключна з жанчынамі, старымі і дзіцем. Гэта зафіксавана ў матар'ялах крымінальнай справы. Вось толькі некаторыя прыклады з вялізнага шэрагу злачынстваў супраць цывільнага насельніцтва Чачэнскай Рэспублікі. Выступаючы ў 2011 годзе ў Любляне, Пуцін, мабыць, зусім забыўся ня толькі аб тым, што адбывалася ў ягонай уласнай краіне, але аб сваёй далучнасьці да тых трагічных падзей. Можа прэм'ер-міністру варта спачатку памаліцца аб збаўленьні ўласнай душы? Управа Міжнароднага таварыства “Мэмарыял” Масква, 24 сакавіка 2011 г. Пераклад з расейскай В. Буйвала |
• Навіны - Галоўная > Навіны - Цалкам >