ВЕЧНАЯ ХВАРОБА ІМПЭРЫІ ЗЛА

posted Mar 28, 2011, 8:31 AM by Адміністратар Навін   [ updated Mar 28, 2011, 8:32 AM ]
Класічны, гітлерскага кшталту рэжым у Расеі непазьбежны. Такую выснову робіць расейскі аналітык з Амэрыкі Андрэй Піянткоўскі. Пры гэтым ён спасылаецца на “істінно русскіе” фашызмы з маскоўскай гісторыі — апрычніну Івана Жахлівага і “рэфарматара” Пятра І. Тыя фашызмы былі нічым ня лепшымі за нямецкі фэномэн. Аўтар не хавае свайго зьдзіўленьня з палітычных “элітаў” (у якія ён, безумоўна, уключае і інтэлектуальныя эліты) Расеі, якія ўкленчылі перад лубянскімі гномамі, схілілі свае галовы і чакаюць, пакуль на іх апусьціцца “красным лучом карающий меч революции” (як гэта сфармулявалі камісары-дамкамаўцы з “Сабачага сэрца” Булгакава). Расея ў чарговы раз “стаіць перад выбарам”. Але на самой справе ў Імпэрыі Зла няма выбару, яна сьмяротна хворая і развальваецца. Беларусам трэба далей трымаца ад гэтага няшчасьця.

Публікуем артыкул А. Піянткоўскага з расейскага інтэрнэт-выданьня Грані.Ру.

Сын народа

Кожны дзень бягучы палітычны дыскурс вяршкоў расейскай “эліты” — юргенсаў і караганавых, рамчуковых і гурыевых, растоўскіх і паўлоўскіх — пацьвярджае дыягназ той сьмяротнай хваробы, сымптомы якой рэжым пачаў дэманстраваць каля двух гадоў таму:

“Гісторыя аўтарытарных рэжымаў, якія зьмяняюць адзін аднаго, дэманструе пэўную заканамернасьць: яны гінуць не ад зьнешніх удараў лёсу і не ад націску сваіх праціўнікаў. Яны, як правіла, нечакана паміраюць ад нейкай дзіўнай унутранай хваробы — ад непераадольнай экзістэнцыйнай агіды да самых сабе, ад уласнай вычарпанасьці і сартраўскіх ванітаў (la nausee) быцьця.

Сёньня на нашых вачах згасае ад той жа высокай хваробы і пуцінскі рэжым, які старанна заасфальтаваў вакол сябе ўсю палітычную прастору. Як сімулякр вялікага ідэалагічнага стылю, ён проста ня мог яе пазьбегнуць. Ніводзін з прыдворных публіцыстаў і тэлевізійных гаваркіх галоў, якія гадамі шакалілі (і як шакалілі!) у Крамлі, не наважваецца падвысіць голас у абарону нацыянальнага лідэра, чый сьветлы вобраз і чые славутыя дасягненьні апошняга дзесяцігоддзя штодня падзьвяргаюцца зьдзекам не на якіх-небудзь маргінальных апазыцыйных сайтах, а ў мэйнстрымаўскіх сродках масавай інфармацыі”.

Зразумець нарастаючае раздражненьне айчынных натабляў нецяжка. Альфа-самец, які выконваў вельмі важныя (пра гэта крыху ніжэй) для іхнага прайда функцыі, магчыма, і сам ахоплены той жа высокай хваробай, усё больш упадае ў страшную неадэкватнасьць — бязьмежны, ужо зусім іррацыянальны хапізм бліжняга кола, нястрыманы геданізм, клінічны эксгібіцыянізм, які штурхае пацыента на ўсё больш інфэрнальныя пэрформансы. Булгакаўскага балю ў сатаны дастойная “анкалагічная” Putin Music Party з зашмальцаванымі галівудскімі дзівамі абодвух палоў, за ўдзел у якой ім выплацілі мільёны даляраў, скрадзеных у канчатковым рахунку ў тых жа хворых дзяцей.

Здавалася б, вось-вось і каці андрэевы, машы сітэлі і белакурыя эрнсты пачнуць, перабіваючы адзін аднога на розных каналах, з непадробленым асабістым пафасам зачытваць нам экстрэннае паведамленьне ІТАР-ТАСС аб тым, што “оказался наш отец не отцом, а сукою”. Сапраўды, як ёмка было б моцным гэтага сьвету сьпісаць на рытуальнага абсучанага бацьку ўсе памылкі, правалы і злачынствы ня толькі апошніх 10, але і апошніх 20 гадоў. Так ужо не аднойчы ў нашай гісторыі вызваляўся прыступ ванітаў у “элітаў”. Ды й наагул гэты самы старажытны, характэрны для ўсіх архаічных культураў інструмант сацыяльнай стабілізацыі і ратацыі кіраўніцтва.

Але нешта спыняе ў апошні момант лепшых людзей горада. Максімальны бунт, на які яны аказваюцца здольнымі, — стаяць на каленях, з непакрытымі сівымі галовамі і з томікамі чарговай справаздачы ІНСОРа ў руках хорам угаворваць:

“Дарагі Уладзмір Уладзіміравіч, наш амаль ідэальны ўладар, дазвольце, калі ласка, нашаму Айфончыку пасядзець яшчэ шэсьць гадоў на ўскрайку Вашага трона. Гэты сьмелы Ваш крок разьвядзе амэрыканскіх лохаў, выб'е фальшывыя аргуманты з рук паклёпнікаў Расеі і, самае галоўнае, скрайне дабрадзейна адаб'ецца на бясьпецы нашых з Вамі авуараў на Захадзе. Ён дасьць таксама новыя спадзяваньні прыхільнікам паступовай, але няўхільнай мадэрнізацыі Расеі, што пазітыўна адаб'ецца на агульным псіхічным стане пацыентаў хоспіса ООО “Россія”. Зразумела, што Вы застанецеся пры гэтым у любой абранай Вамі фармальнай якасьці дэ-факта Галоўлекарам Хоспіса і ў любым выпадку да любога з нас зможаце прыслаць лекара”.

Іх спыняе не страх перад невысокім суровым чалавекам у строі ад Brioni. Іх спыняе антрапалагічны жах пэрспэктывы застацца сам на сам з пахмурным, бясконца ім чужым, дзікім у іхных уяўленьнях народам. Сам на сам, без геніяльна зачатага з тэлевізійнай прабіркі мэдыяпрадукта “Уладзімір Пуцін, сын народа”.

Постпятроўскі раскол на два цывілізацыйна чужых адзін адному этнасы — барына і мужыка — застаўся настолькі фундамэнтальным для расейскага соцыюма, што народжаная ім Кастрычніцкая рэвалюцыя, якая зьнішчыла спачатку барына, а праз дзесяць гадоў і мужыка, зноў аднавіла яго на прафанаванай генэтычнай аснове — намэнклятурнага люмпэн-барына. Вярхушачная прыватызацыйная рэвалюцыя пачатку 90-х не размыла, а наадварот, рэзка абвастрыла гэты антрапалагічны раскол.

Алігархічны люмпэн-барын, што расперазана паўраганіў у 90-я, сутыкнуўся пад канец стагоддзя з праблемай далейшай легітымізацыі вялізнай уладамаёмасьці, якая звалілася на яго. Легенда пра дэмакратычную рэвалюцыю і вяртаньне ў лона эўрапейскай цывілізацыі да таго часу ўжо канчаткова вычарпала сябе. Патрэбная была сьвежая дэбютная ідэя.

Адукаванцы з барскай абслугі знайшлі бліскучы ход. Злыя чачэнцы неяк вельмі сваечасова ўзарвалі некалькі мужыцкіх дамоў, а агаломшанаму мужыку быў прад'яўлены ў якасьці Збаўцы выцягнуты з барскага рукава суб'ект з ідэальнай сэмантычнай і паводзінавай ДНК “сапраўднай піцерскай шпаны”. “Наш”, — задаволена ўздыхнула жаночая душа Расеі, якая засумавала была па жорсткай вертыкалі.

Цудоўна зьлеплены з таго, што было, брэнд народнага абаронцы дазволіў люмпэн-алігархам яшчэ дзесяць гадоў трыюмфальна ўздымацца па прыступках сьпісаў “Форбса” і справаздачаў заходніх спэцслужбаў, якія кантралююць перасоўваньне крымінальна нажытых капіталаў. Афіцыйна гэта называлася “Устанем з каленяў!”, “Пераадольваем спадчыну праклятых 90-х!”, “Становімся Вялікай Энэргетычнай Дзяржавай!”, “Наносім сакрушальныя ўдары па амэрыканскай дыпляматыі!”.

Зразумела, наш прыблатнёны герой ня мог заставацца еўнухам у гэты храме насалодаў, і буржуазная раскоша няспынна ўсмоктвала абарзеўшага галернага раба. Паасобныя макары, якія нясьведама засумняваліся, нават пачалі задаваць нетактоўныя пытаньні пра структуру ягонай асабістай маёмасьці.

Але не выпадкова інсораўскія барыны з шанаваньнем укленчываюць перад гэтым мужыком, а ён шчыра куражыцца над іхнымі “лібэральнымі” бародкамі. У іх няма опцый, а ў яго ёсьць. Хаця ён усяго толькі іхны фігавы лісток. Але гэты лісток — апошняя пупавінка, што зьвязвае ў віртуальнай прасторы расейскі палітычны клас з сваім народам. Дэзавуіраваць яго і выкінуць на сьметнік азначала б агаліць увесь сорам апошняга дзесяцігоддзя. А далей ужо паводле абставінаў — альбо на эшафот, альбо на параход злодзеяў.

Таму яны прымуць любы ягоны тэхнічны выбар-2012, незалежна ад таго, задаволіць Галоўлекар іхную вернападданніцкую просьбу адносна Айфончыка або не. Але хутчэй за ўсё ён не задаволіць, таму што яму ўжо ў бліжэйшай будучыні можа спатрэбіцца асабісты рэбрэндзінг, у які сістэмныя бародкі ўпішуцца хіба толькі ў якасьці ахвярнага матэр'ялу.

Рост сацыяльнай незадаволенасьці рэжымы такога выразна крымінальнага тыпу могуць часова згасіць толькі адным спосабам — рэзкай фашызацыяй з апірышчам на частку пратэстуючых. І зноў, як у 99-м, Пуцін, які няхай нават прыкметна зашмальцаваўся на барскіх тусоўках і абуржуазіўся, па сваіх псіхафізічных і сацыякультурных характарыстыках больш за каго іншага з вярхушкі клептакратыі пасуе для падобнай зьмены вехаў.

Протафашыстоўская маса ў Расеі складае меншасьць, відавочна недастатковую для прыходу да ўлады шляхам рэвалюцыі з долу або перамогі на свабодных выбарах. Але яе будзе цалкам дастаткова для эфэктыўнай падтрымкі рэжыму, які ўжо дзейнічае і сьведама вырашыў стаць на шлях фашызацыі зьверху.

Для квазіфашыстоўскай дыктатуры не патрэбная падтрымка большасьцю. Цалкам дастаткова будзе сілавых структураў, тэлебачаньня і энтузіязма некалькіх мільёнаў шэраговых выканаўцаў. Тым больш калі таксама й паводле мудрай парады знаўцы гітлерскага фашызма Дугіна, закаханага ў прадмет свайго дасьледваньня, будуць паабяцаныя “опрічные паі” за кошт этнічна чужых алігархаў, якія абрабавалі краіну.

Андрэй Піянткоўскі


Пераклад з расейскай В. Буйвала