УНІТАРНЫ ГЭБІЗМ

posted Mar 31, 2011, 6:41 PM by Адміністратар Навін   [ updated Mar 31, 2011, 7:59 PM ]
Расейскі гісторык з Амэрыкі Ірына Паўлава аналізуе апошні ўсплеск “дзяржаўнай думкі” у нетрах партыі гэбізма-пуцінізма “Наші”. Расейскую інтэлектуальную даму трывожыць “дзяржаўнае думаньне” на тэму рускасьці і Расеі ў выкананьні абдул-хакімаў, джугашвілі і кадыравых. Яна, — глыбокі дасьледчык гісторыі імпэрыі з салідным сьпісам публікацыяў, — ведае, да чаго гэта прыводзіла ў мінулым і да чаго вядзе цяпер. Мяркуем, яна добра разумее, хаця ў адкрытую гэтага і ня кажа, што абдул-хакімы былі і ёсьць толькі шырмай, толькі рупарам, якім карыстаецца цэлая група таварышаў са значна больш расейскападобнымі імёнамі і прозьвішчамі. Гэта яны ёсьць сапраўднымі арганізатарамі “экстазаў вялікадзяржаўя”, сапраўднымі лялечнікамі экзатычных бурацінаў.

Ну, не каўказец А. Х. Султыгаў прыдумаў ліквідацыю аўтаномных нацыянальных рэспублік і Пуціна — нацыянальнага лідэра. Не ён. Але выглядае эфэктна, нешта кшталту дабраахвотнага нацыянальнага харакіры ў маштабах усяе імпэрыі. На гэты зьнешні эфэкт і разьлічаны розныя крамлёўскія падстаўныя і рэгіянальныя васалы. У Менску даўно сядзіць такі кадр, які любіць прылюдна шаманіць на тэму “недаразьвітасьці белорусскага языка” і “белоруссы гатовы уміраць за Расею”. Васалы давялі падуладныя тэрыторыі да глыбокага крызісу і правалу. Яны паказалі сябе горшымі ненавісьнікамі сваіх народаў, чым многія маскоўскія сюзэрэны.

Унітарная імпэрыя — адзіны шлях паратунку для расейскага гэбізма і самой імпэрыі. Разьвіцьцё нацыянальных культураў і моваў, нацыянальных інтэлектаў і народнай салідарнасьці азначае для Масквы сьмяротную пагрозу. “Русскій мір”, які яны актыўна прасоўваюць у цэлы сьвет з Крамля — гэта “мір” без народаў, культураў, моваў, дзе “усе рускія” і гэта назаўжды. Яны ў адкрытую называюць любыя нацыянальныя памкненьні “фашызмам” і мабілізуюць грамадзтва на барацьбу зь ім. Толькі русіфікатарскія памкненьні рускіх імпэрыялістаў не зьяўляюцца фашызмам. Гэта нам знаёма з бессьмяротнага раману Орвэла “1984 год” — “Мір — гэта вайна”, “Свабода — гэта рабства” і г.д.

Што ж, няхай гэбоўскі рэжым закладвае пад сваёй імпэрыяй сваю магутную міну ўнітарнасьці. Гэтым разам яна ня будзе запаволенага дзеяньня — сьвет кардынальна зьмяніўся. У хуткім часе паняволеным народам абрыдне сядзець на міне і яны пагоняць прэч (у межы Маскоўскага княства) крымінальных мінёраў з Крамля-Лубянкі. Імпэрскі Карфаген будзе разбураны.

Бачачы імклівы крах свайго сябрука Кадафі, маскоўскія імпэрыялісты прысьпешываюць гэтыя працэсы — на сваю ж галаву.

Беларусі трэба трымацца падалей ад унітарнага кашмару.

Мы публікуем артыкул доктара гістарычных навук Ірыны Паўлавай, зьмешчаны ў расейскім інтэрнэт-выданьні Грані.Ру.

“Единая Россия” натхняецца Сталіным

Цяпер ужо зразумела, што ваенная апэрацыя заходніх кааліцыйных сілаў супраць лібійскага дыктатара Кадафі будзе мець трагічныя наступствы для лёсу расейскага лібэралізма і дэмакратыі. Экстаз вялікадзяржаўя, у якім у чарговы раз зьліліся нацыянальны лідэр, эліта і грамадзтва, ня проста гуляе на руку вярхоўнай уладзе. Унутраная сытуацыя няўмольна разьвіваецца ў бок далейшай цэнтралізацыі і панявольваньня народа ў імя велічы дзяржавы і абароны ад зьнешняга ворага. Усё гэта адбываецца пад інфармацыйны вэрхал пра рознагалосьсе ў тандэме, пра перафарматаваньне партыі “Правое дело”, пра экспэртныя дакуманты наконт дэмакратызацыі расейскай палітычнай сыстэмы. І пад гукі грамадзкага адабрэньня.

Яшчэ на пачатку гэтага месяца было апублікавана знамянальнае інтэрв'ю каардынатара “Едіной Россіі” па нацыянальнай палітыцы Абдул-Хакіма Султыгава. Нагадаю, што менавіта ён у свой час першым выступіў з ідэяй нацыянальнага лідэра. Спачатку да гэтага дакуманта, які зьявіўся на сайце “Едіной Россіі” 6 лістапада 2007 года, неадназначна паставіліся нават пракрамлёўскія экспэрты. Праз гады бачым, што ідэя ня проста прыжылася: Уладзімір Пуцін і не ўспрымаецца сёньня інакш як нацыянальны лідэр.

Чарговая ідэя Султыгава для Расеі — унітарная дзяржава. Сама ідэя не арыгінальная — да яго яе выказвалі розныя прадстаўнікі расейскай эліты — ад эпатажнага Уладзіміра Жырыноўскага да дастаткова рэспэктабэльнага Канстанціна Рамчукова. Гэтым разам ідэю ўнітарнай дзяржавы прадстаўляе функцыянэр партыі ўлады, які адказвае ў яе кіраўніцтве за нацыянальную палітыку. Ён прапануе нацыянальным элітам рэспублік у складзе Расейскай Фэдэрацыі “падумаць пра адмову ад рэспубліканскага статусу”. Захоўваецца дэмакратыя: “любыя разважаньні аб ліквідацыі нацыянальных рэспублік зьверху” адвяргаюцца як “правакацыйныя”, але пастаноўка пытаньня “з долу, ад самых рэспублік” вітаецца. Султыгаў абазнаны з кухняй расейскай палітыкі. Ён упэўнены, што “настане час і такая ініцыятыва зьявіцца”.

Разумеючы логіку дзеяньняў расейскай улады, мы таксама ўпэўнены, што яна зьявіцца. Першы крок на гэтым шляху быў зроблены 12 жніўня 2010 года, калі кіраўнік Чачэніі Рамзан Кадыраў заявіў, што “у адзінай дзяржаве павінен быць толькі адзін прэзыдэнт, а ў суб'ектах першыя асобы могуць называцца главамі рэспублік, главамі адміністрацый і г.д.”.

Ідэйны папярэднік сп. Султыгава — шануемы расейскай элітай таварыш Сталін. Сталінскі праект аб'яднаньня савецкіх рсэпублік прадугледжваў не іхны саюз, на чым настойваў Ленін, а ўступленьне іх у РСФСР на правах аўтаномій. У выніку палітычнага і асабістага супрацьстаяньня 1922-23 гадоў Сталін фармальна пагадзіўся з крытыкай з боку Леніна, замяніўшы Расейскую Фэдэрацыю на Савецкі Саюз, але сутнасьць засталася. Савецкі Саюз быў не фэдэрацыяй саюзных рэспублік, як гэта было пазначана ў Канстытуцыі, а ўнітарным дзяржаўным утварэньнем, няхай сабе і з фармальным правам рэспублік на аддзяленьне.

Спадзяючыся прадухіліць сцэнар распаду Савецкага Саюза для сучаснай Расеі, Султыгаў ідзе далей за Сталіна. Ён прапануе рэспублікам адмовіцца нават ад свайго фармальна аўтаномнага статусу і лічыцца толькі тэрытарыяльнай часткай адзінай дзяржавы — Расейскай Фэдэрацыі.

Перад функцыянэрам “Едіной Россіі” стаяла таксама задача згасіць магчымасьць узьнікненьня новай “Манэжнай плошчы”. Робіцца гэта зноў паводле сталінскіх узораў — гаворыцца нямала дзяжурных словаў пра веліч рускага народа. І сьледам за Сталіным, які сьцьвярджаў, што “сярод роўных нацый у СССР самая савецкая, самая рэвалюцыйная нацыя — руская нацыя”, Султыгаў кажа, што па сутнасьці “Расея зьяўляецца Рускай Рэспублікай, а Канстытуцыя краіны — Рускай Канстытуцыяй”. Рускі народ ў ягоным уяўленьні ўжо ня проста сфармаваўся як палітычная нацыя, а “выступае ў якасьці носьбіта сувэрэнітэту і адзінай крыніцы ўлады ў Расейскай Фэдэрацыі”. Калі Сталін абвяшчаў, што рускі народ ёсьць сынонімам савецкага (на гэтым грунце Расейскай Фэдэрацыі — адзінай саюзнай рэспубліцы ў СССР — не дазвалялася мець ані сваёй сталіцы, ані свайго ЦК партыі), то сёньня рускі народ агалошваецца сынонімам расейскага. Яму прапануецца ганарыцца рускай мовай у якасьці дзяржаўнай і радвацца прыналежнасьці да вялікай дзяржавы, таму што рускія прадстаўляюць ядро краіны, яе эўрапейскую частку.

Мяркую, Султыгаў прадставіў грамадзкасьці вобраз Расеі недалекай будучыні. Гэта ўнітарная дзяржава, больш цьвёрдая, чым Савецкі Саюз. Усталяваньне аднастайнасьці краіны з мэтай прадухіленьня яе распаду непазьбежна запатрабуе ад цяперашняй вярхоўнай улады яшчэ большай цэнтралізацыі. Пры гэтым рэальныя міжнацыянальныя праблемы, якія існуюць у краіне, будуць загнаныя ў падпольле. Для асабліва актыўных іх выразьнікаў у Дзярждуме рыхтуюцца ўжо больш жорсткія папраўкі да 282-га артыкула Крымінальнага кодэксу. А на паверхні будзе дадзена прастора дзяржаўнай прапагандзе і дэмагогіі пракрамлёўскіх экспэртаў, якія будуць пераконваць народ у тым, што “культура і літаратура дапамогуць нам згуртавацца”.

У гэтым кантэксьце 2012 год плянуецца абвясьціць “годам рускай нацыі”, што азначае “рознага кшталту грамадзка-палітычныя і культурна-асьветніцкія мерапрыемствы, розныя форумы навуковай і экспэртнай супольнасьці на фэдэральным узроўні і ва ўсіх рэгіёнах Расеі”. Сваё месца ў гэтай праграме безумоўна зойме рух “Наші”: “Толькі распаўсюджваючы наш ідэйны ўплыў на маладое пакаленьне, мы зможам супрацьстаяць фашызму ва ўсіх яго праявах, распаўсюджваць ідэі аб'яднаньня рас, рэлігій і культур на карысьць нашай агульнай Радзімы — Расеі. Барацьба з фашызмам сёньня ёсьць складаючай часткай барацьбы за цэласнасьць і сувэрэнітэт Расеі. Мы павінны дайсьці да кожнага ВНУ, тэхнікума, ПТВ і школы з парапагандай нашага праекта”.

Паказальна, што Султыгаву вельмі падабаецца вынік дзяржаўнага будаўніцтва, дасягнуты ў Чачэніі. Ён упэўнены, што за мяжой сёньняшняя Чачэнія ўспрымаецца як “рускі цуд”. І ён салідарны з Юліяй Латынінай у ацэнцы Рамзана Кадырава, называючы яго ня толькі самым пасьпяховым чачэнскім лідэрам, а палітыкам “рускага глабальнага маштабу”, які дэманструе “канкурэнтназдольнасьць унівэрсальнага рускага дзяржаўна-цывілізацыйнага праекта”.

У 1922-23 гадах, утвараючы Савецкі Саюз, змацаваны вертыкальнай уладай партыйнага апарату, Сталін заклаў міну запаволенага дзеяньня, якая выбухнула ў 1991 годзе. СССР распаўся на 15 незалежных рэспублік, але распаўся адносна мірна, строга паводле іхных межаў. Сучасная ўлада, выношваючы чарговы праект унітарнай дзяржавы для Расеі, закладвае больш магутную міну. Калі зьнікне уладная вертыкаль спэцслужбаў, што змацоўвае краіну, наступствам будзе шырокамаштабная грамадзянская вайна. Выношваць такі праект можа толькі ўлада, абсалютна ўпэўненая ў тым, што яна прышла назаўжды.

Ірына Паўлава


Пераклад з расейскай В. Буйвала