![]() 20 гадоў таму — 25 жніўня 1991 году — Беларусь здабыла незалежнасьць. За дакумэнтам, які стаў падмуркам нашай свабоды, лёсы людзей. Сваім жыцьцём яны пісалі гісторыю — верылі і змагаліся, любілі і ненавідзелі. А ў спадчыну дзецям пакінулі цэлую краіну. Як склаліся лёсы тых, хто зрабіў Беларусь незалежнай? Як ацэньваюць зробленае іх дзеці? Пра гэта ў праграме “Бацькі і дзеці беларускай незалежнасьці” кожны чацьвер у эфіры і на сайце Радыё Свабода. Зь сям'ёй Юрыя Беленькага я пазнаёмілася ў 2006 годзе, калі нашыя дзеці рыхтаваліся паступаць у першую клясу. Дачка Юрыя Яня і мой сын Якуб вучацца ў адным клясе беларускамоўнай гімназіі ў Менску. Цяпер ім па 10 гадоў. Якуб Дынько і Яня Беленькая. 1 верасьня 2007 году. Юры Беленькі, ягоная жонка Кацярына і дачка Яня — героі нашай сёньняшняй праграмы. Юры Беленькі — адзін зь лідэраў Беларускай кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ — прыклад чалавека, якому гістарычны пералом адкрываў неверагодныя кар'ерныя магчымасьці. Маючы выдатную эканамічную адукацыю, ён ужо ў сярэдзіне 80-х у 26-гадовым узросьце стаў кіраўніком фінансавага аддзелу менскага заводу “Ўдарнік”. Перад ім быў просты і гладкі шлях — асьпірантура, кар'ера, прадказальнае і імклівае падвышэньне пасадаў і заробкаў. Той час сапраўды выштурхоўваў на паверхню маладых і актыўных. Але Юры Беленькі ўзначаліў на “Ўдарніку”, дзе тады працавала 2000 чалавек, суполку БНФ, у якую ўвайшло 10 чалавек, і захацеў пайсьці ў дэпутаты. ![]() Парлямэнцкая апазыцыя БНФ. Паездка ў Магілёў. 1990. Зьлева направа — Зянон Пазьняк, Барыс Гюнтэр, Алег Трусаў, Валянцін Голубеў, Юры Беленькі Юры Беленькі: “На заводзе трэціраваньне было, гэта ж усё ішло разам з КДБ. Яны выходзілі на кіраўніцтва, выходзілі наўпрост на мяне, пагражалі. Памятаю, выклікае мяне дырэктар і кажа: “Дык ты ж будзеш толькі вуліцу падмятаць”. І я вось, памятаю, дні два хадзіў, думаў — падмятаць мне вуліцу ці здацца. І калі я для сябе вырашыў, што я лепш буду вуліцу падмятаць, мне настолькі стала лёгка. І самае цікавае, што пасьля гэтага ўсе ад мяне адчапіліся”. У 1990 годзе 29-гадовы Юры Беленькі быў абраны дэпутатам у Вярхоўны і ў Менскі гарадзкі саветы. Уваходзіў у апазыцыю БНФ, дзе адказваў за пытаньні банкаўскай і фінансавай сфэры, удзельнічаў у падрыхтоўцы ўсіх эканамічных праграмаў. У яе ценевым кабінэце ўзначальваў міністэрства фінансаў. ![]() Дэпутаты Апазыцыі БНФ на вясельлі Лявонція Зданевіча. Зьлева направа: Сяргей Антончык, Ірына Голубева, Валянцін Голубеў, Зянон Пазьняк, Юрась Беленькі, маладажоны Зданевічы, Сяргей Навумчык, Уладзімер Заблоцкі, Лявон Баршчэўскі. 1992. З архіву С.Навумчыка. ![]() Юры Беленькі выступае на сустрэчы ў Магілёве. 1990. Радыё Свабода: “Як вашыя бацькі паставіліся да таго, што вы такі шлях абралі?” Юры: “Яны з разуменьнем паставіліся. Іншая справа, што быў такі эпізод. У той час выйшла інструкцыя КПБ, як узьдзейнічаць на нефармалаў. І там быў адзін з мэханізмаў узьдзеяньня — праз бацькоў. Быў такі эпізод: выклікае мяне дырэктар, так нешта мнецца, пасьля кажа: “Тваю асабовую справу паглядзеў, у цябе вось бацькі такія харошыя. Хачу з тваім бацькам паразмаўляць”. Я ўсьмешку схаваў, кажу: “Ён на дачы”. Тады ён: “Ну, як прыедзе, няхай зойдзе”. Я прыходжу дадому, кажу: “Бацька, цябе тут “у школу” выклікаюць. Калі будуць званіць, скажы, што цябе дома няма”. Бацька з разуменьнем паставіўся да гэтага. Праходзіць два дні , ізноў дырэктар выклікае: “Дзе твой бацька?” Я кажу: “На дачы”. Тады кажа дырэктар: “Я даю сваю машыну, яжджайце, прывозьце бацьку”. Я бачу такую сытуацыю, іду ў свой аддзел, а ў мяне адны жанчыны працавалі. Кажу — так і так, “бацькоў у школу выклікаюць”. Толькі сказаў, гляджу — адна за дзьверы, другая, трэцяя. Праз пару гадзін увесь завод ужо ведаў пра сытуацыю. Пасьля гэтага пытаньне было вырашана, больш да гэтага дырэктар не вяртаўся”. ![]() Пакет дакумэнтаў, падрыхтаваных Апазыцыяй БНФ для аднаўленьня незалежнасьці Беларусі. 23 жніўня 1991 г.Подпіс Ю.Беленькага — № 20. З архіву С. Навумчыка. Радыё Свабода: “А на працы ў бацькоў былі нейкія размовы?” Юры: “Не. Мой бацька быў кавалём, і ён ужо ў 50 гадоў зарабіў сабе пэнсію. У яго вельмі цяжкая праца было. Я быў у яго на працы: уявіце сабе — печ у 1000 градусаў, там стаяць немагчыма было, а яшчэ ж і працаваць трэба. Ён быў вельмі добрым майстрам. І сам па сабе па характары такі чалавек, што наўрад ці на яго маглі аказаць нейкі ціск”. Радыё Свабода: “А як выхоўвалася беларускасьць у сям'і?” Юры: “Я ўжо, напэўна, сфармаваўся як беларус гадоў у 12. Я потым задумаўся, стаў аналізаваць. Беларускія кніжкі. Адчуваньне сваіх каранёў, калі я прыяжджаў на радзіму да маці, у Старобін. У вёску бацькі — у Гомельскую вобласьць. Стаў узгадваць, то для таго ўзросту, што мяне цікавілі, гэта Янкі Маўра кніжкі былі і Быкаў. Побач бібліятэка Пушкіна і школа. І калі не было трэніровак — я футболам займаўся — я адразу са школы ішоў у бібліятэку і чытаў кніжкі, ня толькі дзіцячыя, але і дарослыя”. Радыё Свабода: “Яня, а ты якія кніжкі чытаеш?” ![]() Юрась Беленькі. 1967 Яня Беленькая: “Зараз я чытаю пра вундэркінда ці “Как я соскучился по дождику”. Радыё Свабода: “А зь беларускай літаратуры нешта чытаеш?” Яня: “Я чытаю па-руску, каб лепш навучыцца пісаць”. Юры: “Праблемы з рускай мовай — сямёрка. А зь беларускай няма праблемаў”. Яня: “А па матэматыцы дзявятка”. Кацярына Беленькая: “Проста ўсе кніжкі добрыя — “Мах і Шэбестава”, “Жылі-былі паны Кубліцкі ды Заблоцкі” і іншыя мы перачыталі, як яна, напэўна, яшчэ чытаць ня ўмела”. ![]() Яня Беленькая ў канцэртным строі. Радыё Свабода: “Яня, а чым ты яшчэ займаесься?” Яня: “Я хаджу на танцы. Я люблю танчыць. Яшчэ я дома люблю памаляваць. Я люблю маляваць розныя прыкметныя рэчы — Эйфэлеву вежу, піраміды...” Радыё Свабода: “Юры, а як вашая кар'ера разьвівалася пасьля таго, як скончыліся паўнамоцтвы Вярхоўнага Савета 12 скліканьня? Як яна ўплывала на сямейнае жыцьцё?” Юры: “Ну, а потым мяне паклікаў мой шэф і сказаў, што прыходзілі людзі зь пісталетамі, чакалі там. Правакацыі былі на тым месцы. Нават у газэтах пісалі, што быццам бы званілі з тэлефона, што замініраваны вакзал. Гэта з нашага тэлефона званілі, толькі мы былі ў гэтым офісе, а потым пераехалі ў іншы. Можа, тыдзень які разьбежка, яны ўварваліся ў той офіс, а там ужо нікога не было. Ну, мае гавораць — гэта з-за цябе. Я кажу — не, не з-за мяне. Ну, а потым, калі ўжо адкрыта сказалі — ці ён, ці ўвогуле структура. Я ў “Амкадор-траст” працаваў замдырэктара. Прыйшлося сысьці цалкам і прадаць усю сваю маёмасьць, якую можна было прадаць, каб жыць. Кватэру, акцыі, будматэрыялы, усё, што за час кар'еры “бліскучай” было нажытае... ![]() Юры Беленькі на трыбуне Вярхоўнага Савету. Апошняе месца, дзе я працаваў, — гэта нам. галоўнага ўрача па эканамічных пытаньнях УП “Цэнтар па дэзынфэкцыі” з 2008 па 2010 год. А цяпер вось ізноў праблема, як знайсьці працу, бо ня так усё проста. Сытуацыя такая зараз нялёгкая. Гаворка не ідзе пра кар'еру, гаворка ідзе пра любую працу, якая б прыносіла даход. Цяпер так пытаньне стаіць. Ужо даўно для мяне такое паняцьце, як кар'ера, ня мае значэньня. Я ўжо спакойна стаўлюся, жонка, канечне, нэрвуецца”. ![]() Калёна КХП БНФ на Дзяды. 2009. Радыё Свабода: “А чаму?” Юры: “Як Райкін казаў — каб ты жыў на адну зарплату. Дык вось цяпер, калі мы жывем на адну зарплату, прычым зарплату жонкі, гэта вельмі цяжка”. Кацярына Беленькая: “Я лічу, што нашая Янка пацярпела ад гэтага рэжыму яшчэ ў жываце седзячы, калі я была цяжарная. Гэта быў 2000 год, калі Юру зьбілі, у яго была моцная чэрапна-мазгавая траўма. Гэта было на мітынгу 25 сакавіка. Яго забралі тады ў суботу, і ён сядзеў 3 дні без усякай мэдычнай дапамогі. У панядзелак, калі мы яго ўбачылі, у яго такія кругі чорныя пад вачыма, крывавыя. Прывезьлі яго ў бальніцу, і там яны сталі запаўняць картку, пры якіх абставінах быў зьбіты, атрымаў чэрапна-мазгавую траўму. Мы сталі тлумачыць, што так і так, на мітынгу, быў міліцыяй зьбіты. І лекар тады кажа: “Мне трэба параіцца з галоўным”. Хаця быў панядзелак, гэта ўжо было пасьля суду — непрацоўны яўна час”. Ён пайшоў раіцца, прыйшоў і кажа: “Вы ведаеце, мы адпусьцім вас дамоў”. Хаця да таго ён сказаў — “вы што, што вы гаворыце такое, ён можа памерці, пакуль вы яго будзеце везьці”. Ён, праўда, адвёў мяне ўбок і сказаў: “Вы не глядзіце, што ён ходзіць вось у вас так на нагах, бо ЧМТ — гэта справа такая, што ён тут ходзіць, а праз тры дні можа памерці... Так што ўначы ён пакладзецца спаць, а вы кожныя пару гадзін прачынайцеся, глядзіце, ці ён жывы”. І зараз, калі Някляева зьбілі, мы вельмі перажывалі, бо ведалі сапраўды, што такое гэтая чэрапна-мазгавая траўма. А наступны раз, напэўна, было Янцы месяцаў восем, таксама яго пасадзілі на 15 сутак, і я памятаю, што Янка тая яшчэ стаяць добра ня ўмела, мы зь ёю езьдзілі ў РУУС на Арлоўскай. Тады пазванілі, сказалі, што яму можна нешта прывезьці. І мы зь Янкай стругалі цыбулю нейкую і сала і завозілі яму. ![]() Юры Беленькі ў камэры на Акрэсьціна. Сакавік 2000 А потым быў выпадак сьмешны, калі яго пасадзілі ў 2006 годзе. Янцы было 6 год. Мы, праўда, ёй нічога не сказалі. Сказалі, што тата зьехаў у Польшчу. А калі прыехалі сустракаць яго, напэўна, 15 сутак ён адседзеў, яна яго не пазнала”. Юры: “А я з барадой выйшаў, барада такая адрасла за гэты час”. ![]() Вызваленьне з Акрэсьціна. Юры (другі справа) і Яня Беленькія. 2006 Радыё Свабода: “Каця, ты калі выходзіла замуж, разумела, за каго замуж ідзеш?”. Кацярына: “Разумела ж, напэўна. Але асабліва ў 19 год мазгоў, думаю, яшчэ няма”. Радыё Свабода: “Гэта ж быў 97 год, яшчэ гадоў за 5 да таго сп. Юры быў, напэўна, такі бліскучы кавалер зь неверагоднай кар'ерай, пэрспэктывамі і г.д., а вось у 97 годзе ўжо ўсё было па-іншаму”. ![]() Юры Беленькі ў сэкцыі бальных танцаў Палаца прафсаюзаў. 1988. Юры: “Не, яна калі выходзіла, я яшчэ працаваў намесьнікам дырэктара фірмы”. Кацярына: “Ага, а адразу, як жаніўся, празь месяц ён звольніўся. А пра жаніцьбу, таксама... Мы ажаніліся, яшчэ мядовы месяц не прайшоў — і яго на 10 сутак пасадзілі з аўтаматамі таксама”. Юры: “Цікавая гісторыя была”. Кацярына: “Мы паехалі ў банк. Я засталася ў машыне, нешта прыдрамала, а ён пайшоў”. Юры: “У свой банк, дзе завод абслугоўваўся, дзе мяне ўсе ведаюць, пачынаючы ад ахоўнікаў і сканчаючы ўпраўляючым”. Кацярына: “А справа была па 27 ліпеня, сыходзіла два месяцы па адміністрацыйнай адказнасьці”. Юры: “Яны разаслалі партрэты асабліва небясьпечных злачынцаў. І калі яны мяне бралі, яны думалі, што я — асабліва небясьпечны злачынец. Мне — наручнікі, з аўтаматамі выводзяць да маёй машыны. Я думаю — во, ёлкі-палкі, толькі пажаніліся, два тыдні прайшло, а мужыка ўжо з аўтаматамі ў наручніках выводзяць”. Радыё Свабода: “Як увогуле атрымалася, што вы пажаніліся?”. Юры: “Памочніца мая ў дэпутацкай кампаніі была”. Радыё Свабода: “А як атрымалася, што стала памочніцай?”. Кацярына: “Мы ж бегалі малыя ўва Фронт. Я тут у тэхнікуме на Чырвонай вучылася, дык мы бегалі кожную вольную хвіліну, вечарамі праседжвалі. На мітынгі хадзілі, улёткі расклейвалі. Ой, колькі мы інтэрнатаў абышлі, калі ў яго была перадвыбарчая кампанія!(рэд. — выбары ў Вярхоўны Савет 13 скліканьня ў 1995 годзе). Я помню, нейкі быў чэмпіянат сьвету ці Эўропы па фігурным коўзаньні. і мне так хацелася паглядзець гэтае фігурнае коўзаньне, а замест гэтага прыходзілася зь ім па інтэрнатах цягацца, агітацыю праводзіць”. ![]() Кацярына Беленькая з дачкой Яняй, сястрой Веранікай Дзядок і яе дачушкай — Евай Харэўскай. Дзяды. 2010 Юры: “Але ж тады я выйграў, я 52% узяў. Яны што зрабілі, каб не пусьціць — штучна завысілі кворум. І афіцыйна ў газэтах пісалі, што 52%, але 60 чалавек не хапіла да кворуму. А як рабілі? Рабілі двайныя сьпісы. Прыходзіць чалавек, яму кажуць: “Вас няма ў сьпісах. Давайце дадатковы”. Мэханізмы ўжо тады адпрацоўваліся”. Радыё Свабода: “Яня пайшла ў беларускамоўную гімназію?”. Юры: “Але ж ясна, што дзіця мусіла вучыцца ў беларускай школе, тут пытаньняў не было. Цікавае было пытаньне з садком. Там нейкая рэзэрвацыя была створаная, нейкая групка недзе, і вазіць праз увесь горад было неяк... І мы вадзілі тут у бліжэйшы рускамоўны”. Кацярына: “Ну якая рэзэрвацыя, ніякая не рэзэрвацыя...” Юры: “А як гэта назваць, калі на двухмільённы горад ствараецца адзін садок зь беларускай мовай і туды трэба вазіць? І быў выпадак. Мы з раніцы адпраўляем дзіця, я кажу: “Янечка, прыйдзеш у садок, не забудзь сказаць “добрай раніцы” і нешта такое. А тут дзіця — і маўчыць нешта, а потым кажа: “А я ня буду”. Выхавацельніца, ня памятаю, як яе звалі, аказваецца, сказала: “Дома разговаривай на своем белорусском языке”. Я ў гэты садок да загадчыцы. Сказаў: “Ведаеце, я былы дэпутат. Я за зьнявагу, за падрыў псыхічнага здароўя майго дзіцяці падам у суд. Вы будзеце несьці крымінальную адказнасьць!” У яе там калаціліся рукі і ногі. Назаўтра яна сказала, што ня спала ноч з-за гэтай размовы. А выхавацельніца прапанавала мне быць беларускім Дзедам Марозам на ранішніку, а Янечцы — сьнягуркай. Далі сцэнар па-расейску, натуральна, я яго перапісаў, не паленаваўся”. ![]() Дзед Мароз і Сьнягурка — Юры і Яня Беленькія. 2005. Радыё Свабода: “А як увогуле гадаваць цяпер дзіця ў беларускай сям'і?” Кацярына: “Я вельмі падтрымліваю сем'і, дзе на хатняй адукацыі дзеці. Але гэта, канечне, трэба аптымальна, каб было трое-чацьвёра дзяцей, каб бацька зарабляў добрыя грошы, а ў школе гэтай рабіць няма чаго”. Юры: “Можа, прыйшла пара сапраўды структурызавацца беларускаму грамадзтву, каб навучаньне дзетак весьці — можа, па 5-10 чалавек у кватэрах, бо цяпер антыбеларуская адукацыя. Памятаю эпізод у Вярхоўным савеце: Крыжаноўскі Мікалай — наш сябра апазыцыі — прынёс падручнік, кшталту як цяпер “Мая радзіма Беларусь”. Там было такое заданьне: “Пакажы і раскажы па малюнках, як камуністычная партыя клапоціцца аб тваім жыцьці”. Ён зачытаў, там усе рагаталі. А калі ён выступаў, кажа: “Хіба ж дзіцяці трэба пра гэта распавядаць? Дзіцяці трэба пра коціка, пра сабачку...” Дзіцяці трэба палітыку даводзіць у той ступені, у якой гэтыя веды адпавядаюць узросту. Але самы галоўны ўпор у нас у выхаваньні на тое, што ты беларуска, ты мусіш на сваёй мове гаварыць, а не на мове ворагаў, ты мусіш беларускія кніжкі чытаць, ты мусіш атрымліваць добрую адукацыю, разьвівацца”. ![]() Юры і Яня Беленькія ў Курапатах. Красавік 2006. Радыё Свабода: “А калі вы адчулі, што вам патрэбная вера? Наколькі Яніна выхаваньне рэлігійнае?” Юры: “Быў такі эпізод цікавы. Калі я служыў у войску, з паралельнага клясу хлопчык быў кадравы афіцэр. Ён папрасіў, каб я быў хросным бацькам. Я тады належаў намінальна да праваслаўнай царквы. Як ён зразумеў, што гэта мушу быць менавіта я? ![]() У войску Юры Беленькі быў начальнікам фінансавай службы. Калодзішчы. 1986 У Яні выхаваньне добра ідзе. Яна ходзіць у нядзельную школу”. Кацярына: “Мы калі хрысьціліся, таксама я цяжарная была. А эвангельскія хрысьціяне хрысьцяцца поўным пагружэньнем у ваду, таму мы зь Янкай як бы разам хрысьціліся”. Радыё Свабода: “Яня, ты часта ў царкву ходзіш?”. Яня: “Кожную нядзелю”. Радыё Свабода: “А што вы там робіце?”. Яня: “Праходзім розныя тэмы зь Бібліі, розныя падзелкі робім”. Радыё Свабода: “Цікава там?”. Яня: “Вельмі”. Радыё Свабода: “А многа там дзетак?”. Яня: “Маленькіх дзетак шмат — такім, каму па 2-3 годзікі. А такіх, як я, мала”. Юры: “Мы ж ходзім у беларускую эвангельскую царкву. Казаньні па-беларуску, нядзельная школка па-беларуску. У Янькі ёсьць дзіцячая Біблія, там ёсьць праграма, якую яна выконвае. Як урокі яна робіць, так яна сядае, прачытвае пэўны разьдзел, адзначае”. Кацярына: “Я, па шчырасьці, ня ведаю, як у сучасным сьвеце бязь веры можна выхоўваць дзіця. Для мяне што вера, што мова — аднолькава. Адно без аднаго ня можа існаваць”. Крыніца: Радыё Свабода |
• Навіны - Галоўная > Навіны - Цалкам >