КАРАБЕЛЬ “РАСЕЯ” ТОПІЦЦА

posted Apr 4, 2011, 8:15 PM by Адміністратар Навін   [ updated Apr 4, 2011, 8:20 PM ]
Валерыя Навадворская піша ў Маскве праўду пра Маскву і пра ўсю “родіну-мать”. Яна параўноўвае апакаліптычны хаос, што пануе ў маскоўскай імпэрыі, з паводзінамі народаў, якія існуюць у цяжкіх, а часам і вельмі драматычных экалагічных і палітычных абставінах. Параўнаньне атрымліваецца не на карысьць Расеі. З імпэрскага карабля ўцякаюць цэлыя катэгорыі сацыяльных адзінак: ад крамлёўскіх алігархаў і лубянскіх палкоўнікаў да дробных жулікаў і адукаванай прафэсуры. І ніхто ня хоча ратаваць гэтую “мать”, надта жудаснымі былі заўсёды яе адносіны да сотняў мільёнаў яе “дзяцей”. Фэнамэнальны рускі кактэйль з нянавісьці і раўнадушнасьці — нянавісьці да ўсіх іншых і раўнадушнасьці да свайго лёсу. Імпэрская сацыяпатыя ёсьць у наяўнасьці.

Сп. Навадворская закранае сярод іншага і праблему “палітычных уцёкаў” на Захад. Усім цяпер зразумела, хто такі Лімонаў і што на Захад ён уцёк не сам сабой, а быў пасланы туды Лубянкай. Вярнуўшыся, Лімонаў працягвае агентурную справу начале маскоўскай псэўдаапазыцыі, падпарадкаванай Крамлю-Лубянцы. Апошнімі тыднямі (пасьля трагічных падзеяў 19 сьнежня летась) з Беларусі таксама дзіўным чынам зьнік шэраг “барцоў”, якія засьвяціліся падчас выбарчага фарсу, а некаторыя зь іх яшчэ раней ва ўлоньні менскай псэўдаапазыцыі. Цяпер яны атабарваюцца ў заходніх краінах, адкрываюць бюро і ствараюць камітэты “за белорусскую демократію”, даюць інтэрв'ю вядомым газэтам і агенцыям, ходзяць на прыёмы да палітычных дзеячоў.

Яны нават прызнаюцца часам, што “падрыхтавалі свой ад'езд заранёў, да 19 сьнежня”. Цікава, за якую “родіну-мать” зьбіраюцца змагацца гэтыя як правіла “русскоязычныя” асобы? Адказ адназначны: акрамя шкоды, нічога яны Беларусі не прыносілі і не прынясуць. Аптымізму надае толькі той факт, што ўсе гэтыя падстаўныя і кантралюемыя канторай структуркі і асобы не вытрымаюць выпрабаваньняў сапраўдных палітычных падзеяў у Беларусі, якія зьмятуць іх на сьметнік нашай найноўшай гісторыі.

Публікуем артыкул В. Навадворскай з расейскага інтэрнэт-выданьня Грані.Ру.

Радзіма горш за ваўчыцу

Кашмарныя адрозьніваньні паміж “японскай маці” і савецкай Радзімай-маці з плакатаў (ускудлачанай, апантанай, з шалёнымі вачыма, поўнымі нянавісьці і злосьці) сталі відавочнымі пасьля сакавіцкіх землятрусаў і цунамі для ўсіх расейцаў за выключэньнем слупоў і ахоўнікаў рэжыму кшталту Пуціна і Суркова. А грамчэй за ўсіх завылі шавіністы: ланцуговыя і бадзяжныя сабакі, якія ніколі ня ўмелі любіць сваю краіну (не СССР, а Расею, таму што Лярнэйскую гідру любіць нельга).

Нянавісьць да Японіі, выказаная публічна, зласьлівасьць, подлае спадзяваньне на тое, што ад трэцяй краіны сьвету, ад “Міцубісі” і “Таёт”, ад сушы і робатаў нас выбавяць радыяцыя і акіянскія хвалі, — ня першая гуманітарная дапамога ад таварыша Лімонава чалавецтву, якое патрапіла ў бяду. Ён яшчэ і ў ЗША “дапамагаў” у дні катастрофы пасьля 11 серасьня. Таксама пісьмова радваўся і меркаваў, што страшная сьмерць тысячаў людзей у хмарачосах — законнае пакараньне за эканамічнае і палітычнае першанства Амэрыкі. А гэтая ж Амэрыка яго прытуліла, калі гэты герой уцёк з СССР, дзе было рэальна загінуць (замест яго загінулі ў лягярох заходнікі Юры Галанскоў і Анатоль Марчанка). Амэрыка плаціла Лімонаву вэлфэр. З усіх зьмей, прыгрэтых на грудзёх, Лімонаў, на маю думку, самая няўдзячная.

А японцы ж — наш ідэал. Ідэал патрыятызму, які ў нас у Расеі начыста адсутнічае. І чым больш патэнтаваных патрыётаў, тым менш патрыятызма.

Тая савецкая Радзіма была горш за ваўчыцу або тыгрыцу — тыя хаця б кормяць, песьцяць і бароняць сваіх малых. А ў нас усё выходзіць паводле Натальлі Балцянскай і таго старога ваеннага плаката: “И не любовь и не забота стыли в её остановившихся глазах”. Спачатку камсамольская багіня ў чырвонай хустцы, ды яшчэ і з маўзэрам, каб прыстрэліць каханага чалавека за тое, што ён белы афіцэр (перачытайце “Сорак першы” Лаўранёва). А потым — камісарша, вертухайка, ашалелая Радзіма-маці, якая гнала сваіх дзяцей у лягяры за палон і паклапацілася толькі аб тым, каб на акупаванай немцамі тэрыторыі не засталося ні быдла, ні пасеваў, ні водазабесьпячэньня, ні прадпрыемстваў для цывільнага насельніцтва. Скіфская тактыка выпаленай зямлі: няхай гіне гэтае цывільнае насельніцтва за тое, што засталося на акупаванай тэрыторыі. Пры такіх суайчыньніках і воргі непатрэбныя, якая тут можа быць Перамога?

Калі шчыра, то мяне зьядае зайздрасьць. Калі я бачу, як японцы ў гэты страшны час вяртаюць грошы ў свае банкі, каб пераадолець катастрофу (а не вывозяць уклады і бізнэс, як расейцы); калі я чую аб тым, што японскія крамы зьніжаюць кошты на прадукты і дарма раздаюць ваду (а не павялічваюць у пяць разоў кошты на таксі, як у нас пасьля тэрактаў), я зайздрошчу японцам. Я згодная і на землятрус, і на цунамі, і на поўную адсутнасьць рэсурсаў, каб толькі вакол мяне жылі людзі, якім Расея патрэбная ня менш, чым японцам — Японія, габрэям — Ізраіль. Як жа трэба любіць, каб не ўцякаць з гэтых бясплённых выспаў у акіяне, якія залівае і трусіць, а стварыць на іх такое дастойнае, такое пасьпяховае, такое чалавечае жыцьцё! Як жа трэба любіць, каб з пустыні, якая ў аблозе дзікіх ордаў фанатыкаў і шахідаў, у атачэньні ворагаў, якія з 1948 года шукаюць тваёй пагібелі, зрабіць добры, квітнеючы, пасьпяховы Ізраіль! Любоў — вялікая сіла, яна перамагае ўсё. Яна прадугледжвае і служэньне, і сумленьне, і абавязак.

Расея не пустыня і не скала ў акіяне, гэта поўная чаша нафты і газу, леса, золата, алмазаў, водных рэсурсаў і чарназёма. І яна не патрэбная нікому акрамя чэкісцкіх пацукоў, што выядаюць яе, як сыр. Бізнэс уцякае, навукоўцы ўцякаюць, пісьменьнікі ўцякаюць, заходнікі ўцякаюць, разумнікі ўцякаюць. Застаюцца нікчэмнікі, марадзёры і купка інтэлігэнтаў. Так, нам кепска, жудасна, страшна, бессэнсоўна. Але жыве ў вечнай вайне Ізраіль, і выжывае на безданьню Японія. Таму што там жывуць патрыёты. А нас перасьледуе дыягназ гісторыка Ключэўскага: мы не грамадзяне, мы кватаранты. Мы вяртаем ключы і едзем у Штаты, Англію, Чэхію — у іншы гатэль. Карабель “Расея” патанае, і чым менш народу ў выратавальных шлюпках, тым менш шанцаў у карабля.

Не, нам не патрэбныя патрыёты-шавіністы, ад Жырыноўскага да “Славянскіх саюзаў” і лімонаўцаў з удальцовымі. У лістападзе іх гуртуе нянавісьць да Польшчы, а 9 траўня — нянавісьць да Нямеччыны, і заўсёды зь імі нянавісьць да Каўказа, да Амэрыкі, да габрэяў. А дзе шукаць любоў да Расеі, а не да яе паразіта — СССР, які спачварыў і згубіў яе?

Замест цунамі Расею заліваюць гіганцкія хвалі грамадзянскай раўнадушнасьці. Гэта і ёсьць Апакаліпсіс. “Паўстане шкляное мора, і ахладзее ў сьвеце любоў” (...).

Валерыя Навадворская


Пераклад з расейскай В. Буйвала