ЗАМЕЖНЫ ДРУК (04-05.04.2011)

posted Apr 8, 2011, 7:09 AM by Адміністратар Навін   [ updated Apr 8, 2011, 7:10 AM ]
Дураць Захад на мякіне

4 красавіка 2011 г. польская газэта “Gazeta Wyborcza” напісала: “Прэм'ера спэктакля Вольнага Тэатру з Менску, якая мелася адбыцца ў Польскім Тэатры ў Варшаве ў траўні, была адкладзена ў сувязі з рэпрэсіямі, якія церпяць беларускія акцёры. Пасьля сьнежаньскіх прэзыдэнцкіх выбараў яны шукаюць прытулку сярод іншага ў ЗША. Вяртаньне на Беларусь азначае для іх 15 гадоў вязьніцы”.

Далей распавядаецца, як згаданы тэатр быў закладзены і дзейнічаў у падпольлі і як рэжым называе яго “пагрозай для Беларускай Рэспублікі”. Як тэатр паехаў на гастролі на Захад у мінулым годзе. М. Халезін, зьвязаны з гэтым тэатрам, распаўсюдзіў публічны зварот пра сябе і сваю жонку Н. Каляду. Цытуем: “Мы ня можам вярнуцца дахаты, на Беларусь. Мяне і Натальлю чакае прысуд у 15 гадоў абмежаваньня свабоды. Мы павінны залегалізаваць сваё знаходжаньне ў адной з краінаў, да канца вясны мы павінны вырашыць, у якой краіне застацца...” І г.д. Увесь Вольны Тэатр падаў заяву на палітычны прытулак у ЗША.

Наш камэнтар: Прайдзісьветы і прыстасаванцы пачалі прыязджаць у ЗША і патрабаваць там палітпрытулку цэлымі “тэатрамі”. У электронным выданьні польскай газэты даецца відэасюжэт пра “Вольны Тэатр” (“Белорусскій театр” як падаецца ў тытрах) — усё па-расейску, пра “демократію”, “Лукашенко” і г.д. Прызнацца, беларускі народ, нашая змагарная моладзь нічога ня ведалі пра гэтых “барцоў”, якія “цярпелі ад рэпрэсій”. Была звычайная багемная “русскоязычная тусоўка”. “Теперь ребята устраівают своі дела на Западе”... Што да парачкі Халезін-Каляда, то шакуе іхная фальшывасьць і тое, што амэрыканцы забыліся, відаць, пра свой даўні досьвед, што гэта за птушкі . Ну, ніколі рэжым канкрэтна ім не пагражаў 15 гадамі адсідкі і не было за што. Цяпер парачка будзе выбіраць краіну для свайго засланьня. Вось яно які сцэнар.

Алесь Хадасевіч


Нашызм у Расеі

4 красавіка 2011 г. славацкая газэта “SME” апублікавала артыкул пад тытулам “Пуцінскія Нашысты”. Газэта нагадала, што ў Расеі маладзёвую арганізацыю “Наші” людзі называюць Пуцінюгендам. “Наші” 15 красавіка будуць адзначаць свае 6-я ўгодкі. Мерапрыемствы будуць поўныя працы. 50 тысячаў “Нашых” выйдуць на вуліцы расейскіх гарадоў. Яны будуць здымаць на відэа нелегальныя казіно, дылераў, падпольных маклераў, скарумпаваных чыноўнікаў і г.д. Яны накруцяць фільм таксама пра аўтамабіль рэктара і запытаюцца, ці ён купіў яго на свой заробак. Газэта напісала: “Арганізацыя зьвязана з ФСБ.

Дык жа і Пуцін таксама пачынаў як малады шпіён, і ягонай роляй, як і ў “Нашых”, было шукаць “ворага ва ўласных шэрагах”. Нездарма лёзунгам руху ёсьць выраз аднаго з лектараў “Нашых” Алега Матвейчава з “Едіной Россіі”: “Усіх праціўнікаў цяперашняга рэжыму трэба наматаць на гусеніцы танкаў”. У панядзелак кіраўніцтва “Нашых” адмежавалася ад абвінавачваньняў у супрацоўніцтве з ФСБ. Аднак тое, што маладыя патрыёты трэніруюцца ў стральбе па мішэнях з тварамі абаронцаў правоў чалавека, ёсьць фактам. А можа гэта проста трэніроўка?”

Наш камэнтар: Трэба адзначыць, што нават камсамолу савецкіх часоў даволі далёка да мэтадаў гнюснага разбурэньня маладой чалавечай душы, якія існуюць у цяперашніх бэрэсэмах і лукаюгендах. Пасьля падзеньня гэбоўскай тыраніі усе гэтыя антычалавечыя структуры павінны быць зьліквідаваны.

Юрка Марозаў


Уратаваўшы людзей, выратавалі сабаку

4 красавіка 2011 г. партугальская газэта “Jornal de Noticias” напісала пра выратаваньне сабакі ў зоне, што пацярпела ад японскага цунамі. Сабака невядома як выжыў напрацягу трох тыдняў пасярод мора, седзячы на даху разьбітага дома, што плаваў па хвалях. За ім паслалі верталёт, выратавалі і вярнулі гаспадарам, якія таксама цудам выратаваліся ад цунамі. Увесь сьвет абышлі здымкі, на якіх сабака скача ад радасьці, а гаспадары абдымаюць яго. СМІ адзначаюць, што станоўчы аптымістычны сюжэт быў вельмі важным пасярод народнай бяды.

Наш камэнтар: Зазначым, што японскія выратавальнікі выратавалі жывёліну, калі была аказана дапамога ўсім людзям, якія пацярпелі ад стыхіі. Усё японскае грамадзтва (нават японская мафія “Якудза”) і тым больш усе дзяржаўныя службы вельмі апэратыўна арганізавалі выратавальную апэрацыю, эвакуацыю людзей з зоны бедства, забесьпячэньне іх усім неабходным. Кіраўніцтва фірмы, якой належыць разбураная цунамі АЭС, хадзіла па цэнтрах, дзе знаходзяцца эвакуіраваныя людзі, і прасіла прабачэньня за няшчасьце. Начальнікі рытуальна кланяліся перад людзьмі. Шпіталі і цэнтры эвакуацыі наведалі таксама імпэратар Японіі з імпэратрыцай, каб падтрымаць пацярпелых людзей.

У першыя дні пасьля Чарнобыльскай катастрофы савецкая начальства паводле загаду з Масквы таксама ратавала жывёлу. З забруджанай зоны гналі дзесяткі тысячаў калгаснай жывёлы. На людзей наплявалі, людзей паслалі на першатравеньскі парад у Гомелі, Кіеве і меншых населеных пунктах, на якія сыпалася радыяцыя. Такі вось маскоўскі “гуманізм-анімалізм” і “сацыяльны аптымізм”. А нехта яшчэ настальгіруе па гэтым акупацыйным фашызме.

Юрка Марозаў


Мары лубянцаў на Украіне

4 красавіка 2011 г. польская газэта “Rzeczpospolita” апублікавала артыкул пад тытулам “Рэлігійная бітва за Кіеў”. Патрыярх Кіеўскі і Украіны Філарэт распавёў журналістам, што патрыярх РПЦ Кірыл хоча прыняць грамадзянства Украіны і зрабіць сваю рэзыдэнцыю ў кіеўскай Лаўры (хрысьціянскі кляштар, які існуе з ХІ стагоддзя). Такім чынам РПЦ канчаткова хоча падпарадкаваць сябе ўкраінскае праваслаўе.

Наш камэнтар: А што, няхай Кірыл з сваёй РПЦ-КГБ раскінуў бы свой шацёр пасярод найвялікшай украінскай сьвятыні ды разгарнуў бурную русіфікатарскую дзейнасьць у якасьці “грамадзяніна Украіны”. На стомленай Украіне зараз спакойна (і гэта заўважылі ў Крамлі-Лубянцы). Але тэмпэрамэнтны ўкраінскі народ ня стаў бы цярпець зьдзеку з сьвятыні і ўзьняўся б у магутным імпэце. Так яно і будзе, дагуляюцца лубянцы з крыжамі на пузе.

Юрка Марозаў


У Сірыі народ пачынае страляць

5 красавіка 2011 г. іспанская газэта “El Pais” паведаміла з Сірыі. У квартале Кафр Батна сірыйскай сталіцы Дамаска адбылася перастрэлка паміж узброенай групоўкай і паліцыяй. Двое паліцэйскіх забіты. У пятніцу ў гэтым квартале адбыліся дэманстрацыі супраць рэжыму, восем дэманстрантаў загінулі пад агнём сілаў бясьпекі.

Наш камэнтар: У “сілаў бясьпекі” і іншых структураў рэжыму заўсёды ёсьць ілюзія, што яны беспакарана і бясконца будуць страляць па мірных дэманстрантах, па народу. Ілюзія вельмі небясьпечная для рэжыму. Бо, калі ўлады не прыслухоўваюцца да мірных па форме патрабаваньняў народу, народ узбройваецца і пачынае страляць па дзяржымордах.

Юрка Марозаў


Падпольныя казіно ў Маскве

5 красавіка 2011 г. французкая газэта “Le Monde” паведаміла з Масквы. У 2009 г. былі забаронены казіно ў Маскве і іншых буйных гарадах эўрапейскай часткі Расеі. Але яны зусім не зьніклі, а зрабіліся падпольнымі і перамясьціліся з цэнтру сталіцы ў аддаленыя кварталы. Іх нават стала больш — цяпер не 500, а 800. Міліцыя і ФСБ зьдзяйсьняюць пратэкцыю над гэтым падпольным бізнэсам. Вядомы нават пароль, які яны перадаюць па падпольных казіно, калі там рыхтуецца праверка — “Ідзе сьнег...” На некалькі дзён падпольшчыкі спыняюць дзейнасьць, а потым усё аднаўляецца. Газэта апісвае, як Медведев, Пуцін і іншыя начальнікі праводзяць вайну кампраматаў у гэтай вобласьці. Стала вядома, што Арцём Чайка, сын генпракурора РФ Чайкі, адыгрываў ролю пасрэдніка паміж мафіяй азарту і падначаленымі свайго бацькі.

Наш камэнтар: Французкая газэта крыху разграбла маскоўскі гадзюшнік, і адкрылася брыдкая карціна “русской демократіі”.

Алесь Хадасевіч