АГЛЯД ЗАМЕЖНАГА ДРУКУ (06-08.04.2011)

posted Apr 10, 2011, 5:40 AM by Адміністратар Навін   [ updated Apr 10, 2011, 5:41 AM ]
Куды паляцела маскоўская качка?

6 красавіка 2011 г. Славацкая газэта “Hospodarske Noviny” апублікавала артыкул пад тытулам “Сотні беларускіх жаўнераў дапамагаюць Кадафі”. Газэта спасылаецца на маскоўскую “Комсомольскую правду”, якая надрукавала гэтае паведамленьне. Афіцыйны Менск запярэчыў гэтаму. Славацкая газэта напісала: “Гэтыя вайскоўцы, зь якіх большасьць — гэта былыя службоўцы элітных беларускіх аддзелаў, заключылі індывідуальныя кантракты і іх аплочвае лібійскі рэжым... Гэта галоўным чынам тэхнікі, дарадчыкі і інструктары, а таксама прадстаўнікі беларускай ваеннай выведкі”. Газэта паведамляе, што значная частка лібійскай вайсковай тэхнікі ёсьць расейскай або савецкай вытворчасьці, якую беларусы добра ведаюць. Ім плацяць па 3000 тысячы даляраў штомесяц. Многія зь іх ваявалі ў Аўганістане і належаць да элітных беларускіх вайсковых аддзелаў.

Наш камэнтар: Пра гэта паведамілі, спасылаючыся на “Ком. правду”, многія СМІ іншых краін. Паведаміла і беларуская рэдакцыя Радыё Свабода. Але “дзіўным чынам” гэтае паведамленьне праз кароткі час зьнікла з сайта Свабоды, яго няма і ў архівах (?!). Разумеем, што мясцовы рэжым вельмі раззлаваўся і напалохаў “каго трэба”. Рэжым можна зразумець...

Але вось паўстае пытаньне: чаму “Комс. Пр.” здала прамаскоўскі рэжым, апублікаваўшы такую “сур'ёзную інфармацыю”? (Ёсьць вялікія сумненьні ў яе дакладнасьці.) Чаму Масква зацікаўлена ў дэскрыдытацыі (міжнароднай дэскрыдытацыі!) лукашызма? Маўляў, вашы заходнія самалёты бамбардуюць дрэннага Кадафі, а страляюць па вашых самалётах “беларускія вайскоўцы”.

Мяркуем, што ва ўмовах арганізаванага Масквой фінансава-эканамічнага краху Беларусі Крэмль-Лубянка настойліва намякаюць міжнароднай супольнасьці, што “даўно пара скончыць з менскай недарэчнасьцю і далучыць яе да расейскай дэмакратычнай дзяржавы”. Чарговая злачынная маніпуляцыя нашай Беларусьсю — мы не павінны верыць у “высакародныя памкненьні да праўды” маскоўскай жоўтай газэткі. Трэба бараніць краіну ад Масквы і рэжыму маскоўскай акупацыі.

Юрка Марозаў


“Аналітыка” для прастафіляў

8 красавіка 2011 г. летувіская газэта “Lietuvos Rytas” напісала, што пасьля апошніх выбараў папулярнасьць Лукашэнкі зьнізілася на 10%. Пра гэта сказаў газэце кіраўнік Інстытута незалежных сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледваньняў Алегас Манаевас. На выбарах за Лукашэнку галасавалі 53% беларусаў, а цяпер за яго гатовыя галасаваць 49,9%.

Наш камэнтар: Якая дакладнасьць у гэтага вядомага (і падстаўнога) Манаеваса (Манаева)! Але нават у ягоных “вылічэньнях” кудысьці зьніклі 10% народнай непадтрымкі Лукашэнкі. Нагадаем, што 53-49,9=3,1. Але арыфмэтыка тут не пры чым. Галоўнае для Манаеваса і іншых гэтакіх — фальшыва паказаць, што, маўляў, бальшыня беларусаў баццам бы галасавалі за кліента Масквы. А летувіская буйнейшая газэта і радая пакарыстацца гэтай агентурнай “аналітыкай”.

Юрка Марозаў


Дыктатура спараджае “халяўшчыкаў”

6 красавіка 2011 г. швэдская газэта “Dagens Nyheter” паведаміла, што швэдская паліцыя завяла каля трыццаці іракцаў у самалёт у Гётэборгу, каб накіраваць іх назад у Ірак. Некалькі дзесяткаў швэдскіх актывістаў спрабавалі не дапусьціць дэпартацыі іракцаў.

Наш камэнтар: У Іраку даўно ліквідаваны антынародны рэжым Хусэйна, трэба працаваць на карысьць адраджэньня краіны. А многім ня хочацца вяртацца на радзіму, бо ў заходняй краіне так камфортна нічога не рабіць на сацыяльную дапамогу. Тым больш, што, як заўсёды, бальшыня ўцекачоў ад дыктатуры ніколі ня ўдзельнічалі ў палітычным змаганьні супраць дыктатуры і ніхто іх не перасьледваў. Яны — так званыя “эканамічныя эмігранты” (у народзе называюцца “халяўшчыкамі”), якія атабарыліся на Захадзе, паляпшаючы ўмовы свайго жыцьця за кошт мясцовых народаў. Час ад часу іх зьбіраюць і накіроўваюць на даўно вызваленую радзіму.

Вядома, што шмат такіх ёсьць на Захадзе і зь Беларусі. Яны займаюцца выключна сабой і сваім лёсам. Яны ня ведалі і ня ведаюць беларускай мовы і нават не цікавяцца падзеямі ў Беларусі. Але вельмі любяць выстаўляцца “ахвярамі дыктатуры”. Мяркуем, што іх ня ўдасца вытурыць з заходніх краінаў паліцэйскім патрулём. Такіх і ўзброеныя сілы нейкай там Швэцыі зь месца не скрануць.

Алесь Хадасевіч


Прайдзісьветы ад “дэмакратыі”

7 красавіка 2011 г. славацкая газэта “Pravda” паведаміла, што з Бухарэста ў Брусэль паступіла патрабаваньне пазбавіць эўрадэпутата Адрыяна Севярына дэпутацкай недатыкальнасьці. Яго зьбіраюцца выдаліць з Брусэля і судзіць у Румыніі за карупцыю. Севярына злавілі за руку ангельскія журналісты, якія запрапанавалі яму 100 тысячаў эўра хабару, а ён пагадзіўся пад схаванай тэлекамэрай.

Наш камэнтар: Зразумела, што Румыніі сорамна за свайго былога міністра замежных справаў. Добра памятаюць гэтага Севярына і ў Беларусі, калі гэты жулік быў спэцдакладчыкам Эўразьвязу па Беларусі. Севярын, Ганс Вік і іншыя жулікі і “фрыкі” — цэлая сэрыя варожых Беларусі фальшывых асобаў, якія дзейнічалі пад прыкрыцьцём “дэмакратыі”.

Алесь Хадасевіч


З гісторыі 2-й Сусьветнай вайны

5 красавіка 2011 г. нямецкая газэта “Die Welt” апублікавала сэрыю фотаздымкаў, прысьвечаную 70-м угодкам інвазіі гітлерскай Нямеччыны ў Югаславію і Грэцыю. Інвазія пачалася 6 красаківа 1941 г. Югаслаўская армія з састарэлымі танкамі была разгромлена на працягу 11 дзён. Баі за Грэцыю завяршыліся адступленьнем антыгітлераўскіх хаўрусьнікаў з Крыта 1 чэрвеня 1941 г. Нямецкая перамога, аднак, была аплочана вялікімі стратамі. Асабліва на Крыце, бо там паветрана-дэсантныя часткі страцілі 40% адсоткаў свайго складу. Немцы расстрэльвалі мірных жыхароў, пакідаючы іх трупы дзеля застрашэньня. Быў падняты чырвоны сьцяг з свастыкай над афінскім Акропалем.

Наш камэнтар: Адчайны супраціў войскаў антыгітлерскай кааліцыі заняў час і сілы немцаў падчас падрыхтоўкі наступу на СССР. Калі б немцы ўдарылі на месяц раней, а не 22 чэрвеня 1941 года, то невядома яшчэ, чым бы ўсё скончылася.

Перамога на Балканах і сьцяг са свастыкай на Акропалі не былі вечнымі. Менавіта ў Югаславіі і Грэцыі была самая актыўная ў Заходняй Эўропе партызанская вайна супраць фашыстаў. У 1945 годзе народы пагналі прэч ненавісных акупантаў.

Алесь Хадасевіч


Лубянскі рэжым нэрвуецца

8 красавіка 2011 г. славацкая газэта “SME” паведаміла пра заяву прадстаўніка ФСБ у Маскве. ФСБ хацела б забараніць карыстацца інтэрнэтнымі службамі Skype, Gmail і Hotmail, бо яны “ствараюць пагрозу для бясьпекі Расеі”. Так выказваўся на прэс-канфэрэнцыі ў Маскве начальнік аддзелу інфармацыі і камунікацыі ФСБ А. Андрэечкін. Ён казаў, што яны ня маюць доступу да гэтых інтэрнэт-службаў, якія кіруюцца за мяжой.

Наш камэнтар: Лубянскі рэжым напалохаўся Сеціва. Вядома, што арабская моладзь актыўна выкарыстала і выкарыстоўвае сеціва ў сваёй рэвалюцыйнай дзейнасьці.

Алесь Хадасевіч