ПАТРЭБНАЯ ТЭРМІНОВАЯ ЛІКВІДАЦЫЯ РЭЖЫМУ

posted Apr 11, 2011, 11:05 PM by Адміністратар Навін   [ updated Apr 11, 2011, 11:06 PM ]
(Красавіцкі Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ)

10 красавіка сёлета ў Менску адбыўся чарговы Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Сойм заслухаў даклад сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ — “Збавіцца ад псіхапата” (публікуецца). З дакладам выступіў сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў у Беларусі старшыні Фронту і Партыі.

Дэмагагічныя і хлусьлівыя заявы аб тым, што “Беларусь увесь час знаходзіцца на ўтрыманьні Расеі”, паўтарала ня толькі Масква, але і мясцовая прамаскоўская псэўдаапазыцыя. Гэтай дэмагогіі пярэчыць само жыцьцё і рэчаіснасьць разьвіцьця беларускай эканомікі, даведзенай рэжымам да глыбокага крызісу. Менавіта ў выніку ўмяшальніцтва Масквы наша краіна была адрэзана ад узаемавыгадных эканамічных адносінаў з высокаразьвітымі цывілізаванымі краінамі. Груба адсякаліся ўсе заходнія капіталаўкладаньні ў нашу эканоміку, разбураліся прадпрыемствы і душылася бізнэсовая ініцыятыва.

Імпэрская Масква рукамі сваіх мясцовых васалаў зрабіла ўсё для таго, каб Беларусь была штучна прывязана да ненармальнай, мафійнай па сутнасьці эканомікі Расеі, каб быў разгромлены беларускі бізнэс. Міф пра “танную расейскую нафту” не вытрымлівае ніякай крытыкі. Дзеяньні залежнага ад Масквы рэжыму трэба кваліфікаваць як крымінальныя па характару. Усе маскоўскія мафійныя прыёмы даўно ўведзены ў практыку эканамічнага жыцьця акупаванай Беларусі: “адкаты”, адміністрацыйны ціск, крымінальны захоп маёмасьці, эксплуатацыя работнікаў, продаж за бясцэнак нашых нацыянальных багацьцяў чужым і варожым Беларусі крымінальным колам Расеі.

Цяпер мы назіраем, як імкліва разьвіваюцца крызісныя працэсы ў беларускай эканоміцы, як акупацыйная адміністрацыя паводле загаду з Масквы вядзе краіну да банкруцтва. Аб гэтай небясьпецы і аб гэтых тэндэнцыях Народны Фронт папярэджваў беларускае грамадзтва ўжо даўно, уласна з 1994 года, калі краінай завалодала адкрытая антыбеларуская дыктатура. Многім, на жаль, “ня верылася”, многія спадзяваліся прыстасавацца да гэтых працэсаў і нават атрымаць свае дывідэнды. Цяпер перад патрыётамі, перад Народным Фронтам стаіць задача кансалідацыі нашага грамадзтва дзеля выратаваньня Бацькаўшчыны. Ніхто чужы не будзе ратаваць Беларусь, гэта ёсьць абавязак нашага грамадзтва.

Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны распавялі пра дзейнасьць мясцовай псэўдаапазыцыі, якая спрабуе ўкласьці людзям у галаву, што “у краіне ёсьць прэзыдэнт” і “трэба рыхтавацца да наступных выбараў”. Вельмі важна абвяргаць гэтую фальшыўку і тлумачыць грамадзтву, што Лукашэнка зьяўляецца ўзурпатарам прэзыдэнцкай улады і краінай валодае незаконны рэжым, які дзейнічае на шкоду нацыянальным інтарэсам Беларусі.

Кансалідуючай для ўсяго нашага грамадзтва зьяўляецца ідэя вызваленьня краіны ад узурпатара — за новыя, справядлівыя выбары без Лукашэнкі. Да арганізацыі і правядзеньня гэтых выбараў не павінна быць дапушчана акупацыйная адміністрацыя, якая шэраг разоў таптала Закон і фальсіфікавала вынікі выбараў, фактычна ператварыла выбарчы працэс у цынічны крымінальны фарс. У рэгіёнах Беларусі многія людзі агаломшаны эканамічным і фінансавым абвалам. Людзі раскупляюць цукар, алей, мыла, забіраюць свае ўклады з банкаў, безвынікова спрабуюць набыць замежную валюту.

Вельмі важна, каб грамадзтва не разгубілася пасярод гэтых клопатаў, каб людзі бачылі магчымасьць выйсьця з тупіковай сытуацыі. А выйсьце толькі адно — палітычнае вырашэньне крызісу. Для палітычнага вырашэньня неабходная салідарнасьць нашага грамадзтва, агульнанароднае дзеяньне дзеля абароны нашай краіны ад маскоўскай імпэрскай экспансіі і дзеля ліквідацыі антыбеларускага акупацыйнага рэжыму.

Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ

10 красавіка 2011 г.