СКАНДАЛЬНЫЯ СВАРКІ Ў РПЦ

posted Apr 19, 2011, 1:21 PM by Адміністратар Навін   [ updated Apr 19, 2011, 1:23 PM ]
У РПЦ грымнуў чарговы скандал. Па тэме ён зусім ня новы. Сьвятары з правінцыйнай Удмурціі адмовіліся заклікаць вернікаў маліцца за начальніка РПЦ Кірыла, пакуль той не пакаецца. Сярод іхных аргумантаў многа дзіўнага і экзатычнага, але ёсьць і выкрыцьцё ганебнай практыкі існаваньня РПЦ і яе арганічнай далучнасьці да працэсаў самаразбурэньня Імпэрыі.

Здавалася б, няхай спрачаюцца паміж сабой і разьбіраюцца ў сваіх праблемах у суседняй дзяржаве імпэрскія інстытуты. Але ніяк не выходзіць беларусам заставацца назіральнікамі за чужымі працэсамі, дзе, як кажуць, “абое рабое”. Лезе на нашу зямлю Імпэрыя зь яе русіфікацыяй, гэбізацыяй, зь яе РПЦ — ідэалягічным аддзелам Крамля-Лубянкі. Трэба нам усім народам абараняцца ад гэтай цемры, яе ардынскай нянавісьці і яе дэмаралізаваных герархаў.

Ня скажуць удмурцкія сьвятары таго, што ўжо паведамілі расейскаму грамадзтву старцы-манахі з старажытных кляштараў расейскай глыбінкі: сам патрыярх Кірыл апантаны садомскім грахом. Дзейнасьць яго і ягонага атачэньня — не выпадковае адхіленьне, а жалезная норма існаваньня пагібельнай Імпэрыі — Вавілонскай блудніцы нашай эпохі.

У Беларусі немагчымая такая варожасьць да хрысьціянаў іншых канфэсій, як у Маскве. Мы ёсьць шматканфэсійны народ, мы шануем традыцыі і сьвятыні іншых людзей і народаў. Але для нас непрыймальная палітыка сатаны, якая спрабуе вынішчыць наш народ і нашу цывілізацыю.

Мы публікуем ліст удмурцкіх сьвятароў да патрыярха Кірыла з расейскага інтэрнэт-партала Портал-крэдо.Ру і артыкул маскоўскага публіцыста Уладзімера Абарынава з расейскага інтэрнэт-выданьня Грані.Ру.


“Вы павінны прынесьці асабістае пакаяньне перад Богам”

Ліст клірыкаў Іжэўскай і Удмурцкай епархіяў РПЦ МП Патрыярху Кірылу аб спыненьні памінавеньня.

Ягонаму Сьвяцейшаству Сьвяцейшаму Патрыярху Маскоўскаму і ўсяе Русі Кірылу ад клірыкаў Іжэўскай і Удмурцкай Епархіі:

пратаіерэя Сергія Кандакова, кіраўніка Аддзела па ўзаемадзеяньню з Узброенымі Сіламі і праваахоўчымі ўстановамі Іжэўскай і Удмурцкай Епархіі, настаяцеля Сьвята-Мікольскага храма сяла Заўялава, сябра Грамадзкай Палаты Удмурцкай Рэспублікі; пратаіерэя Міхаіла Карпеева, настаяцеля храма Перамяненьня Гасподняга сяла Ягул і храма сьвяціцеля Васіля Вялікага в. Хахракі; іерэя Аляксандра Малых, клірыка сабора сьвятога дабравернага князя Аляксандра Неўскага горада Іжэўска, кандыдата багаслоўскіх навук.

Ваша Сьвяцейшаства!

Усьведамляючы сваю недасканаласьць, мы, тым ня менш, кіруемыя пачуцьцем клопату аб сваёй пастве і сваім асабістым душэўным збаўленьні, вырашылі напісаць Вам гэты адкрыты ліст.

Ласкай Боскай і малітвамі сьвятых Навапакутнікаў і Спаведнікаў Расейскіх абрынуўся богаборскі камунізм, і мільёны людзей прышлі ва ўлоньне нашай Маці-Царквы. Але паклаўшы руку на сэрца, што моліцца, мы вымушаны прызнаць, што не адбылося ў поўным сэнсе духоўнага адраджэньня большай часткі нашага народу. Наадварот, вялікая колькасьць нашых людзей знаходзяцца ў стане яшчэ горшым, чым 20 гадоў таму. Расеі пагражае пагібель, галоўнай прычынай якой зьяўляецца духоўна-маральная катастрофа. І тут да месца будзе задаць пытаньне: “А ці не таму не здарылася разам з аднаўленьнем праваслаўных храмаў адраджэньня расейскай дзяржаўнасьці, арміі, культуры, сям'і, бо ў самым царкоўным жыцьці не былі пераадолены заганы, зьвязаныя з 70-гадовым бальшавіцкім палонам?”

Ваша Сьвяцейшаства, у апошнія гады разам з жорсткай вертыкальлю ўлады ў Царкве выбудоўваецца місіянэрская праца, якая да болю нагадвае тое “місіянэрства”, якое захлынула Захад пасьля ІІ Ватыканскага сабора. Чаго варты наш “місіянэр усяе Русі” а. Андрэй Кураеў, які зусім беспакарана блюзьнерыць з канонаў і традыцый Праваслаўнай Царквы?

Ня можа ў нас не выклікаць абурэньня і тое, зь якой лёгкасьцю раздаюцца царкоўныя ўзнагароды, ордэны з выявамі сьвятых прадстаўнікам улады і бізнэсу. Так і хочацца задацца пытаньнем: “Які ордэн Расейскай Праваслаўнай Царквы Маскоўскага Патрыярхату атрымаў бы цар Ірад юдэйскі?” Ён жа, як вядома, нямала папрацаваў над будаўніцтвам і ўпрыгожваньнем Ерусалімскага храма.

На жаль, танныя мэтады псэўдаказаньня становяцца ледзь не нормай царкоўнага жыцьця. Навошта нам паўтараць сумны досьвед каталіцкага ілжэмісіянэрства? Так, “жніва шмат, а работнікаў мала”. Народ мае патрэбу ў жывым казаньні. Але нам не патрэбныя пастыры-карацісты, пастыры-футбалісты, пастыры-штангісты, пастыры-артысты, пастыры-рок-спевакі, пастыры-банкіры. А нам жыцьцёва неабходныя пастыры, якія душу сваю кладуць за авечак, якія сьведчаць аб Хрысьце ня толькі сваім словам, але і жыцьцём. Менавіта таму нам неабходна вызваліцца ад таго павуціньня, якое пакрыла наша царкоўнае жыцьцё ў гады камуністычнай дыктатуры.

Мы настойліва просім Вас вывесьці Расейскую Праваслаўную Царкву Маскоўскага Патрыярхата з Сусьветнага савету цэркваў. Для многіх застаецца незразумелым, чаму наша сьвяшчэннае кіраўніцтва не рашаецца на гэты крок, бо ўваходжаньне ў Сусьветны савет цэркваў адбылося пад ціскам і кіраўніцтвам хрушчоўскіх ганіцеляў, якія ставілі сваёй галоўнай задачай зьнішчэньне Праваслаўнай Расеі. Успомніце вялікага багаслова ХХ стагоддзя прападобнага Іўстына (Паповіча), які казаў пра немагчымасьці з кананічнага пункту гледжаньня ўдзелу праваслаўных у дзейнасьці такіх арганізацый, як Сусьветны савет царквей і ў экумэнічным руху наогул.

Мы пераканаўча просім, каб наша сьвяшчэннае кіраўніцтва рашуча адмежавалася ад ерасі ерасей апошняга часу — экумэнізма. Тыя ж архіерэі і сьвятары, якія падчас экумэнічных сходаў бралі ўдзел ў агульных малітвах з ератыкамі, няхай панясуць пакаяньне, бо ў Апостальскіх правілах сказана: “Біскуп, або прасьвітар, або дыякан, што маліўся з ератыкамі, няхай будзе адлучаны. Калі ж дазволіць ім дзейнічаць як служыцелям Царквы: няхай будуць адрынуты” (45-е Апостальскае правіла).

Мы рашуча просім спыніць пад выглядам багаслоўскіх сумоўяў і іншых экумэнічных дзеяньняў лінію, накіраваную на аб'яднаньне з Ватыканам, што паграз у ерасі.

Мы пераканаўча просім, каб наша Расейская Праваслаўная Царква і асабіста Вы, Ваша Сьвяцейшаства, абаранялі сьвятую памяць Сьвятых Царственых Пакутнікаў ад той нахабнай хлусьні, якая ў той або іншай ступені распаўсюджваецца ў нашай краіне і ва ўсім сьвеце.

Мы рашуча просім спыніць ганебную практыку сьляпога згодніцтва з уладай і розных заігрываньняў з таўстасумамі — грамадзянамі нашай краіны. Мы рашуча просім, каб Вы, Ваша Сьвяцейшаства, паклапаціліся аб тым, каб наш народ бачыў Вас ня толькі калі Вы багаслаўляеце і цалуеце прадстаўнікоў вышэйшай улады, але і калі Вы выкрываеце іх.

Мы рашуча просім Вас спрыяць таму, каб тыя сьвятары, якія ў гады камуністычнай дыктатуры супрацоўнічалі з КГБ, прынесьлі пакаяньне перад Богам і народам.

Мы рашуча просім пакласьці канец ганебным дзеяньням тых сьвятароў, у тым ліку і даволі высокапастаўленых, якія апантаны ганебнымі сьмяротнымі грахамі. Грэх садоміі, які пад заступніцтвам спэцслужбаў уводзіўся ў асяроддзе сьвятароў МП, на жаль, квітнее, разбураючы знутры Царкву.

Мы рашуча просім зьвярнуць увагу на жыцьцё многіх сельскіх бацюшак на мяжы галечы, у той час як немалая частка духавенства, спешчаная моцнымі гэтага сьвету, патанае ў раскошы.

Пераканаўча просім Вас прыслухацца і да голасу нашых братоў і сёстраў, якія засталіся з часткай Расейскай Замежнай Царквы, якая не пажадала ісьці на ўзьяднаньне з Маскоўскай Патрыярхіяй. Бо ў іхнай крытыцы ёсьць вельмі шмат слушнага. Калі мы прыслухаемся да яе, то гэта прывядзе да сапраўднага ўзьяднаньня дзьвюх галінаў Расейскай Праваслаўнай Царквы, якое будзе заснавана не на кампрамісе, а на Ісьціне.

Мы таксама рашуча просім Вас быць першым сярод тых, хто заяўляе аб тым, што ён не прыме Унівэрсальную электронную карту, якая прадстаўляе пагрозу для нашай краіны і народа.

Ваша Сьвяцейшаства, даруйце дзёрзкасьць, але прыпадобніцеся сьвяшчэннапакутніку патрыярху Гермагену, сьвятому патрыярху Нікану, сьвяціцелю Марку Эфэскаму. Узначальце наш народ, які імкнецца ачысьціцца ад экумэнізма, сергіянства, заганаў і ўсяго таго, што замінае нам ісьці за Хрыстом і Прачыстай Маці Ягонай.

Але перш за ўсё Вы, Сьвяцейшы Уладыка, павінны прынесьці асабістае пакаяньне перад Богам і царкоўным народам за гэтыя грахі. Мы ж, грэшныя, пакорліва спыняем памінавеньне Вас падчас багаслужбы ў адпаведнасьці з 15-м правілам Двухкратнага Сабора і 3-м правілам Трэцяга Усяленскага Сабора.

Ня можа быць нашым Вялікім Валадаром той, хто вядзе нас па шляху апастасіі і вуніі з папістамі. Ня можа быць нашым айцом той, хто топча каноны Царквы і правілы сьвятых айцоў.

P.S. Мы выразна разумеем, ведаючы сумную рэчаіснасьць сучаснага расейскага жыцьця, што пасьля гэтага ліста на нас абрынуцца мана, паклёп і перасьлед. Але мы, кіруючыся нашым хрысьціянскім сумленьнем, ня можам зрабіць інакш. І няхай дапаможа нам Бог!

2011 г.

Вялікі пост Крыжапаклонны тыдзень.



Новыя дысыдэнты ў РПЦ

Пасярод вялікага поста расейскія праваслаўныя апынуліся перад спакусай: тры сьціплых іжэўскіх пастыры накіравалі патрыярху пасланьне, якім пакорліва паведамляюць, што цяпер перастаюць памінаць яго пры багаслужбе, пакуль ягонае сьвяцейшаства не прынясе пакаяньня за свае грахі “перад Богам і царкоўным народам”.

Рэпрэсіі адбыліся адразу ж.

Ужо на наступны дзень пасьля публікацыі ліста (ён датаваны 27 сакавіка, але ў друку зьявілася 30-га) мітрапаліт Іжэўскі і Удмурцкі Мікалай вызваліў аўтараў ліста ад займаемых пасадаў з забаронай служэньня да іхнага пакаяньня аб зробленым. На ягоную думку, звольненыя сьвятары “зацята паліваюць брудам” Расейскую праваслаўную царкву “на пацеху ўсіх ворагаў Праваслаўя і на радасьць спрадвечнаму ворагу нашага збаўленьня — д'яблу”.

Ніякіх пярэчаньняў на крытыку, акрамя абвінавачваньняў ў злосным парушэньні царкоўнай дысцыпліны і галаслоўнага адмаўленьня таго, усім вядомага факту, што патрыярх ня раз удзельнічаў ў экумэнічнай багаслужбе, зварот мітрапаліта да вернікаў і кліра не зьмяшчае.

А праз яшчэ чатыры дні іжэўскі епархіяльны савет асудзіў вінаватых, “якія ўносяць вэрхал і спакусу ў сэрцы вернікаў, парушаюць адзінства Царквы, падрываюць яе аўтарытэт, вядуць да падзелу і расколу”. Сябры савета заяўляюць, што застаюцца “вернымі чадамі патрыярха Кірыла”, што яны рэгулярна глядзяць тэлетрансляцыі багаслужбаў патрыярха і лічаць, што ён “нічым не грашыць супраць Праваслаўя”.

Аднак прынятых захадаў аказалася недастаткова. Па-першае, самы апальныя клірыкі праявілі ўпартасьць і не скарыліся. Па-другое, паства ініцыятара ліста, настаяцеля Сьвята-Мікольскага храма сяла Заўялава а. Сергія Кандакова не пагадзілася з такой ацэнкай, пра што і паведаміла мітрапаліту; бацюшка працягвае служыць па-за храмам, а адзін з вернікаў, Г.В. Жаркоў, рашыўся накіраваць мітрапаліту Мікалаю ліст, у якім просіць уладыку хаця б неяк аргумэнтаваць сваю пазыцыю. Па-трэцяе, пратэст іжэўскіх сьвятароў атрымаў шырокі водгук, і царква прышла ў сапраўднае замяшаньне.

Давялося ўводзіць у бой цяжкую артылерыю ў асобах вядомых майстроў праваслаўнага піяра: пратадзіякана Андрэя Кураева (аб ім у лісьце сьвятароў сказана, што ён “зусім беспакарана блюзьнерыць з канонаў і традыцый Праваслаўнай Царквы”), пратаіерэя Усевалада Чапліна, шмат іншых чыноўнікаў ад праваслаўя. Урэшце выказаўся і сам патрыярх Кірыл.

Лібэральная прэса не надта ахвотна камэнтуе канфлікт або робіць гэта аднабакова, падкрэсьліваючы пратэст супраць царкоўнай бюракратыі, карыкатурных формаў служэньня і хцівасьці. “У нас недастаткова інфармацыі для таго, каб вызначыць гэтую групу сьвятароў як “фундамэнталістаў” або “змагароў”, — кажа, напрыклад, прафэсар Дыпляматычнай акадэміі МУС РФ Анастасія Мітрафанава ў камэнтары для “Ежедневного журнала”.

На самой справе інфармацыі хапае, але яна няёмкая для лібэральнага дыскурса. Аўтары ліста самыя сапраўдныя змагары, гэта значыць праціўнікі царкоўнага абнаўленьня. Разам з патрабаваньнем пакаяньня пастыраў, што супрацоўнічалі з КГБ, разам з асуджэньнем надта шчыльных адносінаў РПЦ з бізнэсам і ўладай, якую іжэўскія бунтары называюць “ганебнай практыкай сьляпога згодніцтва з уладай і розных заігрываньняў з таўстасумамі”, яны заклікаюць патрыярха адмежавацца ад “ерасі экумэнізма” і выйсьці з Сусьветнага савета цэркваў, “пакласьці канец ганебным справам тых сьвятароў, у тым ліку і даволі высокапастаўленых, якія апантаны ганебнымі сьмяротнымі грахамі”, адмовіцца ад атрыманьня ўнівэрсальнай электроннай карты, якая нясе “пагрозу для нашай краіне і народу”.

Урэшце рэшт яны просяць Кірыла “ачысьціцца ад сергіянства” і прыпадобніцца патрыярхам Гермагену і Ціхану і мітрапаліту Марку Эфэскаму. Кажучы агрублена, патрыярх Сергій пайшоў на супрацоўніцтва з бальшавікамі, а Ціхан не пайшоў, Гермаген адмовіўся ў Смутны час прызнаць правы польскага царэвіча Уладзіслава на расейскі трон і памёр пакутніцкай сьмерцю ў вязьніцы, а Марк Эфэскі адмовіўся падпісаць вунію Расейскай праваслаўнай царквы з Рымам і да канца дзён змагаўся з ідэяй узьяднаньня цэркваў.

Ну а акрамя таго, іжэўскія бацюшкі іранічна паказваюць царкоўную мадэрнізацыю. “Нам не патрэбныя пастыры-карацісты, пастыры-футбалісты, пастыры-штангісты, пастыры-артысты, пастыры-рок-спевакі, пастыры-банкіры”, — пішуць яны. І нават яшчэ больш рэзка: “Так і хочацца задацца пытаньнем: “Які ордэн Расейскай Праваслаўнай Царквы Маскоўскага Патрыярхата атрымаў бы цар Ірад юдэйскі?” Ён жа, як вядома, нямала папрацаваў над будаўніцтвам і ўпрыгожваньнем Ерусалімскага храма”.

Цемрашальства ды й годзе!

Дадамо да гэтага скрайне ветлівы тон ліста — і можна цытаваць першага міністра, які ўзбунтаваўся, з п'есы Шварца “Звычайны цуд”:

“Чуткі аб вашай сьвятасьці перабольшаны, так, так! Вы зусім не па заслугах называецеся ганаровым сьвятым. Вы проста аскет!.. Барацьбіт, самотнік, але зусім не сьвяты”.

Гэта, зразумела, прасьцей за ўсё.

Але да сур'ёзнай размовы РПЦ аказалася не гатовай. Яе закранула за жывое толькі абвінавачваньне ў хцівасьці, і зразумела, чаму: менавіта на гэтым абвінавачваньні робіць акцэнт сьвецкая прэса, дзякуючы чаму яно і атрымала самае шырокае распаўсюджаньне. Абвінавачваньне, зразумела, не новае. Хцівых пастыраў, якія квітнелі за кошт паствы, асуджалі яшчэ прарокі: “І гэтыя пастыры бессэнсоўныя: усе глядзяць на сваю дарогу, кожны да апошняга, на сваю карысьць” (Іс., 56:11); “Вы елі тлушч і воўнай апраналіся, адкормленых авечак калолі, а статкі не пасьвілі” (Ез., 34:3). На прыканцы 15-га стагоддзя на Русі разгарнулася ўнутрыцаркоўная спрэчка іасіфлянаў і некарысьлівых, які меў прынцыповае значэньне для гістарычных лёсаў праваслаўя і Расеі. Філосаф Георгі Фядотаў сфармуляваў сутнасьць і вынікі гэтай спрэчкі так:

“Расейская Царква раскалолася паміж служыцелямі Царства Божага і будаўнікамі Маскоўскага царства. Перамаглі іасіфляне і апрычнікі. Перамога партыі Іосіфа Валоцкага над вучнямі Ніла Сорскага прывяло да акасьцяненьня духоўнага жыцьця. Перамога апрычніны, новага “дэмакратычнага” служылага класу над родавай шляхтай азначала варварызацыю кіруючага слоя, рост халопскай самасьвядомасьці ў ягоным асяроддзі і нават узмацненьне эксплуатацыі працоўнага насельніцтва. Пераможаныя належалі, безумоўна, да слаёў, якія зыходзілі, былі адрынуты. Гэта была рэакцыя — сумленьня і свабоды. У дадзеную эпоху “прагрэс” быў на баку рабства”.

Іжэўскія сьвятары сапраўды пераконваюць патрыярха зьвярнуць увагу на гаротны стан шэраговых сьвятароў: “Мы рашуча просім зьвярнуць увагу на жыцьцё многіх сельскіх бацюшак на мяжы галечы, у той час як немалая частка духавенства, спешчаная моцнымі гэтага сьвету, патанае ў раскошы”. Але кіраўніцтва РПЦ заела, зразумела, другая палова фразы. Адказваць няма што, таму а. Усевалад Чаплін адказвае так:

“Людзі, як правіла, нясуць самае дарагое ў храмы, сьвятару, людзі зусім натуральна хочуць, каб іхныя герархі выглядалі ня горш за прадстаўнікоў сьвецкай улады, каб храмы выглядалі лепш за рэзыдэнцыі сьвецкіх уладароў, каб царкоўныя ўрачыстасьці былі самымі прыгожымі і самымі ўрачыстымі”.

Аказваецца,

“Сам Госпад Ісус Хрыстос наведваў вячэры ў дамах людзей, якіх цяперашнія інтэлігенты назвалі б “зусім нерукапажатнымі”, злодзеяў у раскошы, ды й ня проста злодзеяў, а зборшчыкаў акупацыйнага мыта з уласнага народа. Мытніка Закхэя, напрыклад. Стол пры гэтым напэўна быў багатым і аплочаным за нячэсныя грошы. Які жах для інтэлігентаў, што прывыклі да дысыдэнцкіх кухняў!”

А. Усевалад, праўда, забываецца дадаць, што вынікам наведваньня было рашэньне Закхэя: “Палову маёмасьці маёй я аддам беднякам, і, калі каго чым абразіў, вярну ў чатыры разы болей” (Лк., 19:8); гэта і было мэтай візыту Ісуса ў ягоны дом. Пра тое, што ён злодзей або акупант, як і пра багаты стол і наогул пра якую небудзь вячэру, эвангеліст Лука не паведамляе нічога.

І ўрэшце, так хвалюючае ўсіх пытаньне аб патрыяршых “мэрсэдэсах” з мігалкай. Будзеце сьмяяцца, але гэта для Кірыла не задавальненьне, а цяжкі крыж.

“Так, Сьвяцейшы Патрыярх езьдзіць на дарагіх машынах і жыве ў дарагіх рэзыдэнцыях. І гэта непазьбежная частка паслушэнства Царкве яе Прадстаяцеля. Вернікі — сярод якіх інтэлігенты (пост)савецкага тыпу, што цураюцца багатых рэчаў, даўно ўжо не складаюць бальшыню — хутчэй не разумеюць і не прымуць сытуацыі, калі муфці або равін будуць езьдзіць на больш прэстыжовай машыне, чым Патрыярх. Такі ўжо ў яго крыж”.

Ну і пра дарагі наручны гадзіньнік таксама цудоўна сказана: “І аб тым, які на руцэ гадзіньнік, ён, па-мойму, заклапаціўся толькі пасьля таго, як гэта стала хваляваць мэдыязайздросьнікаў”.

Мяне асабіста “брэгет” Кірыла зусім не бянтэжыць. Але з такой адчайнай дэмагогіяй прадстаўніка вышэйшага сьвяшчэннага кіраўніцтва ня часта даводзіцца сутыкацца. Ці патрэбныя пасьля шчыраваньняў Усевалада Чапліна яшчэ якія-небудзь выкрыцьці або абвінавачваньні?

Сам жа патрыярх, не ўшчынаючы палеміку з “раскольнікамі”, нічтоже сумняшеся назваў хлусьнёй “міф пра багатую Царкву, якая абапіраецца на ўладу”. Ды не царква багатая, а яе вышэйшае духавенства, і раскошу гэтую ўсім бачна.

Мяцежных сьвятароў па-ўсялякаму спрабуюць зараз скампрамэтаваць. Скандал так ці інакш загладзяць. Але заціснуць сутнасьць закранутых пытаньняў і блюзьнерскі адказ а. Усевалада ўжо не атрымаецца. Падтрымаць аўтараў ліста зусім не азначае ва ўсім зь імі пагадзіцца. Расейскай праваслаўнай царкве жыцьцёва неабходны дыялог з вернікамі. Паства РПЦ — гэта даўно ўжо не паслухмяны безгалосы статак. Значная яе частка належыць да думаючых грамадзянаў Расеі, якія настойліва шукаюць пытаньні і згодных з пажаданьнем іжэўскіх царкоўных дысыдэнтаў:

“Мы настойліва просім, каб Вы, Ваша Сьвяцейшаства, паклапаціліся аб тым, каб наш народ бачыў Вас ня толькі, калі Вы багаслаўляеце і цалуеце прадстаўнікоў вышэйшай улады, але і калі Вы выкрываеце іх”.

І сапраўды даўно такога не бывала — мабыць, з часоў Пятра, які ператварыў царкву ў дзяржаўную ўстанову, а сьвятароў — у чыноўнікаў.

Уладзімір Абарынаў


Пераклад з расейскай