ГНІЛАЯ ІМПЭРСКАЯ АРМІЯ

posted Apr 24, 2011, 8:29 PM by Адміністратар Навін   [ updated Apr 24, 2011, 8:30 PM ]
Расейскія СМІ паведамілі днямі, што ў расейскую армію ня будуць браць жыхароў паўночна-каўказкіх рсэпублік, а таксама выхадцаў з Каўказу, якія пражываюць у іншых рэгіёнах краіны. Як перадала агенцыя “Новый Регіон”, пра гэта заявіў ваенны камісар Чалябінскай вобласьці Мікалай Захараў. Па словах ваенкама, адменай прызыву каўказцаў Генштаб спрабуе зьменшыць адмоўныя зьявы ў арміі як зямляцтва і дзедаўшчына. Сам Захараў, па ягоных словах, ня ўпэўнены, што такі захад дапаможа даць рады з дзедаўшчынай. Ён кажа, што Расея заўсёды была шматнацыянальнай краінай, і законы адзіныя для ўсіх грамадзянаў, служыць павінны ўсе, незалежна ад нацыянальнасьці. Але “загад ёсьць загад”.

Аднак “Комсомольская правда” ужо высьветліла: у Мінабароны РФ інфармацыю аб адмене прызыву не пацьвердзілі. Чалябінскі ваенкам, маўляў, мог няправільна зразумець тое, што прагучала на канфэрэнцыі ў Маскве. 25 сакавіка на пашыраным паседжаньні калегіі Галоўнай ваеннай пракуратуры ў Маскве казалі пра ўсплеск злачыннасьці ў расейскай арміі. Па словах галоўнага ваенпракурора С. Фрыдзінскага, найбольш начальства трывожаць злачынныя парадкі, якія ўкараняюцца ў войску “нацыянальнымі бандамі”. Адзін з самых гучных эпізодаў адбыўся ў лістападзе 2009 г. на Балтыйскім флёце. Матросы з Дагестана прымусілі ўсіх астатніх легчы на палубу карабля, каб целы склалі слова KAVKAZ. І гэта толькі адзін з мноства макабрычных эпізодаў.

Расейская армія распадаецца пад ударамі ўзаемнай нянавісьці людзей і народаў. Каўказцы ня хочуць служыць у імпэрскім войску, якое зьнішчае іхныя радзімы. Нават пракурорскія начальнікі вымушаны гаварыць пра “нацыянальныя банды”. Гэта значыць, што людзі (людзі са зброяй!) аб'ядноўваюцца з адзінай мэтай — абараніць ня Крэмль-Лубянку, а абараніць сваіх і адпомсьціць за зло, якое Расея творыць на “ускраінах”.

Гістарычны досьвед паказвае, што такое войска ня здольнае ваяваць і перамагаць. Звычайна ў імпэрыях пэрыяду распаду мэтраполія давала дазвол на існаваньне нацыянальных частак. Але і на гэта няма ў Масквы ніякай магчымасьці. Уявіце сабе чачэнскія танкавыя палкі, дагестанскую дэсантную дывізію або аварскую мотапяхоту... Маскве адразу настаў бы канец. Значыць, цяпер імпэрцы баяцца нават браць каўказцаў у сваю армію. І гэта таксама азначае канец імпэрыі.

Беларусы з цікаўнасьцю прынялі гэтую інфармацыю. Кім жа зьбіраюцца заткнуць дзіркі ў сваіх шэрагах імпэрскія камісары? Вядома, што з самага пачатку Першай Чачэнскай вайны расейскае камандваньне залемантвала: “Як нам не хапае беларусаў і ўкраінцаў — жаўнераў і малодшых афіцэраў!” Імпэрыя ўжо прыглядаецца да нашай моладзі, прыцэньваецца да беларускага гарматнага мяса. Імпэрыя не выпадкова прысьпешвае працэсы банкруцтва Беларусі, акупаванай прамаскоўскай хунтай.

Беларусы зьвярнулі ўвагу на адзін эпізод з цывільнага жыцьця сваёй краіны. 18 красавіка БТ паказала перамовы Лукашэнкі з двума прадстаўнікамі маскоўскага бізнэсу на тэму “расейскага ўдзелу ў распрацоўцы калійных угнаеньняў у салігорскім рэгіёне Беларусі”. Начальнік рэжыму бадзёра выказваўся пра “прагрэс” і “выгоды супрацоўніцтва”. А маскоўскія госьці сядзелі маўкліва, апусьціўшы галовы, і не глядзелі ў камэры. Зь іхнага боку не было ніякага выступу ў тэлекамэру. У адрозьненьні ад неўраўнаважанага партнёра па тэлесюжэту, яны разумелі, што ўдзельнічаюць у крымінальным злачынстве — захопе чужой маёмасьці, нацыянальнай маёмасьці іншага народа. Йдзецца, зразумела, не пра “удзел” і “супрацоўніцтва”, а пра брутальнае авалодваньне вельмі прыбытковай галіной народнай гаспадаркі Беларусі. Захопнікі, у адрозьненьні ад начальніка рэжыму, добра разумеюць, якое сур'ёзнае пакараньне за такія дзеяньні прадугледжваецца ў Крымінальным кодэксе.

Антыбеларускі рэжым распрадае за бясцэнак нашы прадпрыемствы і нацыянальныя багацьці. Абы працягнуць яшчэ крыху сваё мізэрнае існаваньне, абы аддаліць свой крах. Хунта спадзяецца, што пасьля здачы нашай эканомікі ёй удасца выгадна здаць Маскве і нашу Дзяржаву. А потым нават камфортна атабарыцца на каланіяльных пасадах. Калі ім удасца выканаць гэты злачынны праект, то наступным крокам стане накіраваньне дзесяткаў тысячаў беларускіх мужчын і юнакоў — жаўнераў і афіцэраў арміі і міліцыі, спэцслужбаў і МНС — у кашмар расейскіх войнаў, канфліктаў і бедстваў.

Задумацца і зрабіць высновы мы павінны цяпер, пакуль ня позна. Трэба ратаваць сваю краіну, трэба ўсім народам ратаваць сябе і сваіх дзяцей.

Юрка Марозаў