ЧАРНОБЫЛЬСКІ ХАПУН

posted Apr 27, 2011, 7:53 AM by Адміністратар Навін   [ updated Apr 27, 2011, 7:54 AM ]
Антычалавечы прамаскоўскі рэжым пачаў “праздновать” 25-я ўгодкі Чарнобыльскай катастрофы ўжо напярэдадні, 25 красавіка. Менчукі вярталіся з працы і сталі сьведкамі брутальных сцэнаў, якія разыграліся на некалькіх станцыях сталічнага мэтро. Рэжымныя дзяржыморды “наводзілі парадак” і “змагаліся супраць тэрарыстаў” (такімі прынамсі былі першыя ўражаньні шакіраваных грамадзянаў). Нейкія трэніраваныя асобы ў цывільным кідаліся на маладых людзей, круцілі ім рукі, валілі на падлогу і валаклі ў машыны і міліцэйскія пастарункі. Некаторыя хлопцы вырываліся і беглі пасярод вечаровага натоўпу пасажыраў. Напрыклад, фронтаўцы ўбачылі, як каля ўваходу ў станцыю мэтро “Пушкінская” хлопец уцякаў ад пяцёх дзяцюкоў у цывільным. На бягу ён кінуў у натоўп кіпу ўлётак, якія шырака рассыпаліся па падлозе. Людзі падбіралі іх і чыталі.

Ва ўлётках было напісана пра злачынную палітыку рэжыму, які харчуе людзей атручанымі радыяцыяй харчовымі прадуктамі і зьбіраецца будаваць АЭС у Астраўцы. Тон тэксту ўлёткі быў адэкватны, без непатрэбных заклікаў да гвалту. Арганізатары акцыі інфармавалі наша грамадзтва пра небясьпеку “мірнага атаму” Лукашэнкі. Гэта была мірная акцыя раздачы друкаваных матар'ялаў мінакам. Стала вядома, што разам з беларускімі актывістамі-эколагамі былі захоплены таксама актывісты з Польшчы і Нямеччыны.

Людзі знаёміліся з тэкстам і паціскалі плячыма: за што такая дзікая расправа над моладзю, што кажа праўду? І ў чарговы раз яны разумелі, што менавіта праўды баіцца антыбеларускі рэжым. Але вельмі важна, што беларусы ўжо не баяцца казаць праўду. Людзі абмяркоўваюць ўражаньні і інфармацыю сьведкаў трагедыі ў мэтро 11 красавіка. Людзі кажуць: вось бы так хватка і апэратыўна “ворганы” рэжыму ганяліся па мэтро за тэрарыстамі і лавілі іх. Але тут ня ўсё так проста. Сьведкі ўспамінаюць, што ўжо з 16.00 11 красавіка раён вакол станцыі мэтро “Кастрычніцкая” быў ачэплены міліцыяй. Чаму? Навошта? Да чаго рыхтаваліся гэтыя сілы?

Разважаньні і думаньне пра тэракт прымушаюць нашых людзей зірнуць на становішча ў нашай краіне і параўнаць розныя факты. Супрацоўнікі сталічнага аэрапорту распавялі, як у студзені сёлета на працягу двух дзён у аэрапорце назіралася нетыпова бурная дзейнасьць. Да грузавых самалётаў пад'язджалі грузавікі пад моцнай аховай, зь іх разгружалі апламбаваныя мяхі, напоўненыя, як можна было здагадацца, пачакамі нейкіх папераў. Тыя, хто мае досьвед, зразумелі, што йдзецца пра мяхі з грашыма. Падобна, што рэжым вывозіў у невядомым накірунку валюту, вельмі вялікія сумы. Тую самую валюту, якой цяпер так не хапае нашай эканоміцы і простым грамадзянам, што стаяць у чэргах каля абменьнікаў.

Многія людзі разумеюць: Зьвер праводзіць завяршаючы этап разбурэньня нашай Дзяржавы. Толькі салідарны супраціў грамадзтва можа спыніць гэты злачынны працэс.

Юрка Марозаў