ЗМЫЧКА ШТАЗІ З НКВД

posted Apr 29, 2011, 5:16 PM by Адміністратар Навін   [ updated Apr 29, 2011, 5:17 PM ]
У расейскай інфармпрасторы прэзыдэнцкае выдаленьне дзяржычоўнікаў з ключавых пасадаў у прыватным бізнэсе Расеі падаецца як трыюмф “новай рускай дэмакратыі”. Маўляў, “пагналі нашы гарадзкіх...”, няхай кормяцца з міністэрскіх акладаў. Можа заходнікі і злавіліся на гэтую гумовую качку, а вось постсавецкія людзі зразумелі, што міністры РФ так і застануцца капіталістамі. Яны проста сыйдуць у цень і адтуль будуць кіраваць справай эксплуатацыі народных багацьцяў ды разьмеркаваньнем нарабаванага без гучных тытулаў у бізнэсе. І хто ж прыходзіць на іхнае месца?

Царства ценю пакідаюць і атабарваюцца на публічных пасадах у расейскім бізнэсе (а ён, аказваецца, даўно ўжо нямецка-расейскі) даўнія сябрукі (“кореши”) Пуціна па гэбэшнай маладосьці ў Нямеччыне туманнай. Усе гэтыя рашэньні — не валюнтарысцкі ход прэм'ера Пуціна (які нібыта жыве ў перадвыбарчай канфрантацыі з прэзыдэнтам), а даволі калектыўнае рашэньне з вочным галасаваньнем і за подпісам Медведева. Усё гэта ёсьць новы этап імпэрыялістычнай палітыкі. Прычым, ня проста расейскай, а расейска-нямецкай. Мяркуем, што маскоўскія перастаноўкі зроблены на патрабаваньне Берліна, які хацеў бы больш легальна і дзейсна кіраваць эканамічнымі працэсамі ў Расеі.

Здавалася б, ну і што нам, беларусам, да ўсяго гэтага? Маскоўскіх расейца і татарына начале “Роснефті” замянілі немцам. Нам што?

А вось што. Днямі пасол Расеі у Менску Сурыкаў зрабіў адназначную заяву. Маўляў, Расея дасьць Лукашэнку грошы ў крэдыт, але толькі пад рэструктурызацыю. Сурыкаў патлумачыў, што значыць рэструктурызацыя — гэта прыватызацыя беларускай нацыянальнай маёмасьці. Сурыкаў нават паразважаў аб тым, што “ня трэба тлумачыць, што гэта, маўляў, народнае і яго нельга прадаваць”. Масква ў адкрытую патрабуе прыватызацыі пад сябе — легальнага захопу беларускіх прадпрыемстваў і багацьцяў.

Але ці толькі Масква? Побач з лубянцамі ў расейскім дзяржбізнэсе ўсё вышэй уздымаюцца сілуэты з усходненямецкага “гестапа”. Хаўрус набывае афіцыйныя кшталты, ён ужо нікога не шакуе. Беларусы добра памятаюць гэты хаўрус. Як на парадах “победітелей” у верасьні 1939 года ў Горадні і Берасьці маршыравалі дзьве акупанцкія цемры. Як над нашай зямлёй зьліваліся бадзёрыя мэлёдыі “Heili-heila...” і “Широка страна моя родная...”

Чарговы нямецка-расейскі хаўрус цягне ўчэпістыя рукі да беларускіх багацьцяў, створаных працай нашага народу. Усе ведаюць, чым скончыліся папярэднія хаўрусы дзьвюх імпэрый — вайной і няшчасьцем для народаў. Трэба беларусам усім народам бараніцца ад гэтага нашэсьця. Каб ня быць абрабаванымі рабамі на захопленай чужынцамі зямлі.

Публікуем артыкул з расейскага інтэрнэт-выданьня Грані.Ру.

У “Роснефть” прыйдзе сябра Пуціна з “Штазі”

У раду дырэктараў “Роснефті” замест кіраўніка “Росімушчэства” ўвойдзе стары знаёмы прэм'ер-міністра Уладзіміра Пуціна Маціяс Варніг, які служыў у выведцы ГДР. Як паведамляе “Коммерсант”, зараз ён узначальвае праект будаўніцтва газаправода Nord Stream, уваходзіць у назіральную раду ВТБ і раду дырэктараў банка “Россія”. Замена зьдзяйсьняецца ў адпаведнасьці з даручэньнем прэзыдэнта Дзімітрыя Медведева аб вывадзе чыноўнікаў са складу радаў дырэктараў дзяржкампаній. З прапановай увесьці ў раду дырэктараў “Роснефті” Варніга выступіла Мінэнэрга. Адпаведнае даручэньне прэм'ер Уладзімір Пуцін падпісаў 14 красавіка.

Канчатковы сьпіс кандыдатаў у новы склад для галасаваньня на штогадовым сходзе акцыянэраў рада дырэктараў “Роснефті” зацьвердзіла 14 красавіка. Акрамя замены віцэ-прэм'ера Ігара Сечына на старэйшага віцэ-прэзыдэнта ВТБ Сяргея Шышына ў ім адбылася яшчэ адна зьмена — замест былога прэзыдэнта дзяржкампаніі Сяргея Багданчыкава плянуецца зацьвердзіць кандыдатуру цяперашняга кіраўніка — Эдуарда Худайнатава. Для ўвядзеньня ў раду Маціяса Варніга прыйдзецца правесьці пазачарговы сход акцыянэраў “Роснефті”, прычым абавязкава ў вочнай форме.

Маціяс Варніг служыў у выведцы ГДР прыкладна ў той жа час, калі ў гэтай краіне служыў будучы прэм'ер Уладзімір Пуцін, ён лічыцца блізкім знаёмым прэм'ера. Працаваць у Расеі Маціяс Варніг пачаў у 1993 годзе, заняўшыся стварэньнем дачэрняга падраздзяленьня Dresdner Bank. Улетку 2005 года Варніг быў высунуты ў раду дырэктараў “Газпрома”, аднак ягоную кандыдатуру тады не зацьвердзілі. Праз паўгады Маціяс Варніг узначаліў падкантрольную “Газпрому” кампанію, якая рэалізуе адзін з самых гучных расейскіх энэргапалітычных праектаў — будаўніцтва газаправода Nord Stream. У 2007 годзе Варніг увайшоў у назіральную раду дзяржбанка ВТБ, а ў 2008 годзе — у раду дырэктараў банка “Россія”, падкантрольнага асабістаму сябру Уладзіміра Пуціна Юрыю Кавальчуку.

У заходняй прэсе імклівую кар'еру Маціяса Варніга ў Расеі тлумачаць ягоным даўнім знаёмствам з Уладзімірам Пуціным яшчэ ў ГДР. Балазе, сам Варніг запэўнівае, што сустрэў Пуціна толькі ў кастрычніку 1991 года ў Пецярбурзе, калі пачынаў бізнэс у Расеі.

Прэзыдэнт Дзімітры Медведев даручыў вывесьці чыноўнікаў з радаў дырэктараў дзяржкампаній 2 красавіка, і кіраўнік рады дырэктараў “Роснефті”, віцэ-прэм'ер Ігар Сечын першым афіцыйна адмовіўся ад пасады, якую займаў з 2006 года. Па выніках паседжаньня рады дырэктараў кампаніі 11 красавіка Сечын заявіў аб дабраахвотным складаньні сваіх паўнамоцтваў. Выканаўцам абавязкаў старшыні рады стаў віцэ-прэзыдэнт РАН Андрэй Некіпелаў.

У 2007 годзе ў структурах “Газпрома” быў знойдзены яшчэ адзін былы супрацоўнік “Штазі”. Ім аказаўся начальнік кадравай службы “Газпром-Германія”, нямецкай дачкі расейскага газавага канцэрну, Ганс-Увэ Краер. Тады паведамлялася, што Краер супрацоўнічаў з усходненямецкай тайнай паліцыяй пад псэўдонімамі Роланд Шрэдэр і Гартман. Паводле дадзеных выданьня, Краер супрацоўнічаў з 18-м упраўленьнем “Штазі” у 1977-1979 гадах, а таксама ў 1985-1989 гадах, займаючыся контрвыведкай.


Пераклад з расейскай.