АДМОЎНЫ ЧЫНЬНІК РАСЕЙСКАГА РУБЛЯ

posted May 3, 2011, 8:34 AM by Адміністратар Навін   [ updated May 3, 2011, 8:35 AM ]
Фронтаўцы, якія размаўлялі зь беларускімі прадпрымальнікамі на рынках нашай сталіцы, са зьдзіўленьнем пачулі ад іх наступнае прызнаньне: “Эх, хутчэй бы ўжо ўводзілі расейскі рубель. Глядзіш, скончыўся б гэты бардак. Можа лягчэй стала б працаваць...” Падобна, што некаторыя эканамічна актыўныя людзі і сапраўды паверылі ў “магутную валюту магутнай краіны”. Ва ўмовах развалу беларускай эканомікі і здушэньня беларускага бізнэсу многія шукаюць апірышча ў ілюзіях, што паратунак прыйдзе з Усходу. Што на Беларусь пасыпецца дождж з расейскіх банкаўскіх паперак і гэты папяровы дэсант выратуе нашу эканоміку ў цэлым ды кожнага прадпрымальніка ў прыватнасьці.

Трэба, аднак, уважліва сачыць за тым, якія ацэнкі сваёй расейскай эканоміцы, банкаўскай сістэме і іншаму даюць цьвярозыя расейскія аналітыкі. Паводле іхных сьведчаньняў, расейская эканоміка знаходзіцца ў яшчэ больш цяжкім стане недаразьвітасьці і правалу, чым эканоміка ў Беларусі. Цэнтральны Банк РФ сьведчыць, што банкаўскі крызіс у Расеі працягваецца. Агульна вядома, што людзі бізнэсу не лірыкі і не рамантыкі, ім нельга жыць ілюзіямі і будаваць на ілюзіях свае эканамічна-фінансавыя разьлікі. Расейскія банкі ня будуць ратаваць беларускіх прадпрымальнікаў і Беларусь. Увядзеньне расейскага рубля ня толькі азначала б страту нашай дзяржаўнай незалежнасьці, але і імгненнае рэзкае пагаршэньне эканамічных і фінансавых паказчыкаў — практычна канчатковы развал беларускай эканомікі і бізнэсу. Вядома, што ілюзію расейскага фінансавага паратунку распаўсюджвае і ўкараняе ў нашай краіне рэжымная (кіруемая з Масквы) гэбельсаўская прапаганда. Нельга дапусьціць, каб падступныя падманшчыкі і хлусы маніпулявалі беларускай грамадзкай думкай. Вырашэньне гэтай праблемы ляжыць у рэчышчы палітычных дзеяньняў — вызваленьня Беларусі ад прамаскоўскага акупацыйнага рэжыму і ад разбуральных уплываў Масквы.

Прапануем фрагмэнт артыкула, апублікаванага ў расейскім інтэрнэт-выданьні Грані.Ру.

Цэнтральны Банк: Банкаўскі крызіс у Расеі працягваецца

Банкаўскі крызіс у Расеі працягваецца. Як паведамляе Газета.Ру, пра гэта сьведчаць стрэс-тэсты Цэнтрабанка, праведзеныя па новай мэтодыцы, якая ўключае мадэлі папярэдніх крызісаў. Паводле сцэнару ЦБ, новыя эканамічныя закалоты могуць справакаваць страту паловы капіталаў у банкаўскай індустрыі, з рынка сыйдзе больш за 300 банкаў, а ВВП (унутраны валавы прадукт) скароціцца на 5,2% або прыкладна на 2,6 трыльёны рублёў.

Цэнтрабанк праводзіць стрэс-тэсты штогод, але крызіс павялічыў іхную частату да трох месяцаў. У 2010 годзе ЦБ перайшоў на новы графік — адзін раз на паўгады. Бягучая мэтодыка разьлікаў лічыцца найбольш прапрацаванай і ўжывалася ўпершыню.

У рамках стрэсавага тэставаньня банкаў ЦБ мяркуе адначасовае ўзьдзеяньне на сэктар набору адмоўных фактараў. Пры разьліках ліквіднасьці прадугледжваецца адток укладаў фізычных асобаў у памеры ад 10 да 20%. Такі адток сродкаў разглядаецца для разьліковых, бягучых і іншых рахункаў юрыдычных асобаў. Адток дэпазытаў юрыдычных асобаў мяркуецца ў дыяпазоне ад 5 да 10%. Адток міжбанкаўскіх крэдытаў ад нерэзыдэнтаў складае 30%.

У рамках ацэнкі рыначнай рызыкі, у адпаведнасьці з умовамі стрэсавага сцэнару, рубль абесцэньваецца на 20%. Акрамя таго, прадугледжваецца абесцэньваньне укладаньняў у даўгавыя і долевыя каштоўныя паперы.


Пераклад з расейскай