АГЛЯД ЗАМЕЖНАГА ДРУКУ (04.05.2011)

posted May 8, 2011, 4:56 AM by Адміністратар Навін   [ updated May 8, 2011, 4:57 AM ]
Пахаваньне ў Лібіі

4 траўня 2011 г. іспанская газэта “АВС” напісала, што ў Трыпалі 2 тысячы людзей ішлі хаваць забітага падчас бамбардоўкі сына Кадафі. Яны гукалі лёзунгі супраць НАТО і ўздымалі рукі, паказваючы пальцамі жэст перамогі.

Наш камэнтар: Можа ў дэмакратычных краінах нехта і паверыў у гэтае “народнае спачуваньне дыктатару”. А вось у Беларусі людзі цудоўна ведаюць, як гэбэшнікі ў цывільным, стукачы ды іншыя рэжымшчыкі могуць праводзіць масавыя тусоўкі на любыя тэмы. Сапраўднай народнай рэакцыяй у гэтым тэатры і ня пахне. Паказныя шоў ў гэтым жанры ўмеюць наладжваць таксама лубянцы ў сваёй Маскве.

Алесь Хадасевіч


Рэвалюцыя толькі пачатак

4 траўня 2011 г. французкая газэта “Le Monde” апублікавала артыкул туніскага журналіста і пісьменьніка Бэнуа Дэльма. Дэльма апісаў драматычнае змаганьне людзей за вызваленьне краіны ад дыктатуры Бэн Алі. Цяпер ён заклікае суайчыньнікаў злучыцца ў барацьбе супраць мафійных колаў з былой дыктатуры, які спрабуюць “пасадзіць рэвалюцыю ў мех”.

Наш камэнтар: У артыкуле гучыць трывога за будучыню краіны з вуснаў многіх людзей. Дзень перамогі любой народнай рэвалюцыі — гэта не канец працэсу, а толькі пачатак наступнага этапу разьвіцьця. Парэшткі дыктатарскай мафіі заўсёды імкнуцца зноў рэстаўравацца і авалодаць краінай. Гэта вельмі добра ведаюць з свайго досьведу беларусы. У жніўні 1991 года народ аднавіў дэмакратыю і сваю незалежную нацыянальную дзяржаву. Але падступны вораг, кіруемы імпэрскай Масквой, наладзіў рэстаўрацыю постсавецкіх Бурбонаў. Ужо дваццаты год ідзе мафійнае разрабаваньне нашай Беларусі. Трэба пакласьці канец гэтаму вынішчэньню.

Юрка Марозаў


“Місы” альбо зьдзек над жанчынамі

4 траўня 2011 г. італьянская газэта “Repubblica” паведаміла, што ўз Нью Ёрку была арыштавана паліцыяй і пасаджана ў сьледчую турму Ганна Малава, “міс Расеі” 1998 года. Яна спрабавала (у каторы ўжо раз) атрымаць наркатычныя сродкі ў аптэках па фальшывых рэцэптах. У Малавай праблемы з нарказалежнасьцю.

Наш камэнтар: Вядома, што конкурсы на “міс” у Расеі — маштабная мафійная справа зь вялікімі стаўкамі. Асноўную масу прэтэндэнтак складаюць элітныя путаны. Як правіла ў гэтых конкурсах перамагаюць “русскіе красавіцы” з пэўнымі зьнешнымі дадзенымі, але абсалютна пустой і цёмнай душой. Адну зь іх пасьля перамогі на конкурсе мафія забіла разам з “бой-фрэндам”-кілерам у Грэцыі. Шэраг іншых пасьпіваліся і апусьціліся. Малава “села на іголку”. Вельмі добра, што беларускі не павінны ўжо ўдзельнічаць у гэтай мафійнай міс-разборцы, як гэта было да 1991 года з “міс СССР”.

Алесь Хадасевіч


Вялікія пігмеі

4 траўня 2011 г. нямецкая газэта “Frankfurter Allgemeine Zeitung” напісала пра пошукі Медведевым і Пуціным правобразаў-узораў для сваёй дзейнасьці. Медведев сказаў, што “эпохі Пятра Вялікага і Савецкага Саюза ёсьць дзьве фазы ў расейскай гісторыі з найбольшым рыўком мадэрнізацыі, але перамены былі зьвязаны з высокім коштам”. Газэта ўспомніла і Кацярыну ІІ, і графа Вітэ і Сталыпіна.

Наш камэнтар: Вядома, што дробныя ісламскія тэрарысты любяць спасылацца на прарока Магамэда. Сапраўдныя ісламскія вернікі называюць іхныя спасылкі блюзьнерствам веры.

Заходнікі на поўным сур'ёзе разьбіраюць пыхлівыя заявы наконт гістарычных правобразаў расейскага гэбізму, якія агучваюць самы крамлёўскія лубянцы. Заходнія аналітыкі і скеміць ня могуць, што Крэмль заняла лубянская драбяза, якая гвалціць сваю краіну і суседнія народы. Адзінае станоўчае ў гэтым, што яны ўсё-ткі канчаткова раскрадуць і разваляць імпэрыю.

Алесь Хадасевіч


Спэцслужбы — апора дыктатуры

4 траўня 2011 года ангельская газэта “Guardian” напісала пра заявы рэжыму Асада ў Сірыі, што ягоныя войскі занялі горад Баніяс і арыштавалі сотні пратэстуючых людзей. Міжнародны Чырвоны Крыж патрабуе, каб яго дапусьцілі ў горад Дэра, дзе ёсьць шмат забітых і параненых падчас рэпрэсіяў спэцчастак рэжыму.

Наш камэнтар: Тэлеканалы многіх краін паказалі дзікія сцэны расправаў над мірнымі дэманстрантамі. Але таксама і відэазварот маладога афіцэра сірыйскай арміі. Ён распавёў, як ён і ягоныя калегі атрымалі загад страляць “па ўсім, што рухаецца” і былі накіраваны ў горад Дэра. Але афіцэры і жаўнеры арміі адмовіліся выконваць злачынны загад і засланілі сабой мірных людзей ад азьвярэлых аддзелаў спэцчастак дыктатуры.

Калі нацыянальная армія пачынае абараняць народ ад спэцслужбаў ненавіснага рэжыму — гэта канец дыктатуры.

Алесь Хадасевіч


Рэжымны “сэмінар”

4 траўня 2011 г. летувіская газэта “Lietuvos Rytas” паведаміла, што ў Менску прэзыдэнцкая адміністрацыя правяла спэцыяльны ідэалагічны сэмінар з рэдактарамі дзяржаўных выданьняў. На сэмінары журналістам рэкамэндавалі не пісаць пра эканамічны крызіс, валютны курс, абменьнікі і рост цэнаў.

Наш камэнтар: Адэкватная канстатацыя пэўнай падзеі ў Беларусі, на жаль, зьява рэдкая на старонках летувіскіх СМІ. Нават напісаўшы праўду пра ідыёцкі “сэмінар” у стылі савецкай мінуўшчыны, летувісы па сапраўднаму не праводзяць аналізу падзеяў у суседняй краіне.

Алесь Хадасевіч