ГЭБІЗМ І СТАЛІНІЗМ

posted May 12, 2011, 5:27 AM by Адміністратар Навін   [ updated May 12, 2011, 5:29 AM ]
Ужо на працягу некалькіх гадоў у Расеі і ў прамаскоўскіх рэжымах разгортваецца інтэнсіўная сталінізацыя. У чарговы раз са сьметніка гісторыі выцягваюць на паказ струхнелую мумію “важдзя і генія” і арганізоўваюць дзяржаўна-народную арыентацыю. Украінскі публіцыст Віталі Портнікаў аналізуе прыроду гэтай зьявы, якая з пэўнай рэгулярнасьцю паўтараецца на працягу некалькіх пакаленьняў савецкіх-постсавецкіх людзей. Ён дакладна вызначае яе праявы, формы і прычыны. Але, на наш погляд, у ягоным разважаньні над сталінізмам няма вельмі істотнага.

Ну, сапраўды, не Ніна Андрэева сама сабой узьняла пры Гарбачове сьцяг сталінізма ў шумным газэтным артыкуле. І не самы сабой купкі ў асноўным пажылых людзей пасунуліся на публіку з патрэтамі Сталіна тады, пры “перастройцы”, і цяпер — пры разьвітым гэбізме. Мы ведаем, што не сам сабой Лукашэнка і не самы сабой лукашысты “гатовыя памерці” на створанай імі ж “лініі Сталіна”. Гэта ўсё выканаўцы, статысты і масоўка сталінскай рэстаўрацыі. Рэжысёрамі праекта, яго кіраўнікамі зьяўляюцца тыя, хто часьцей за ўсё пра Сталіна маўчыць, а зрэдку нават публічна асуджае (як нядаўна зрабіў гэта прэзыдэнт РФ Медведев). На самой справе без Сталіна і сталіншчыны ня могуць жыць не ніны-андрэявы і не вэтэраны-настальгікі зь яго партрэтамі ў руках. Але іхняе гуканьне “Слава товарішчу Сталіну!” і іхныя сцэнічныя рухі адбываюцца выключна тады, калі загад на гэта даецца з крамлёўска-лубянскай канторы.

Без Сталіна і сталіншчыны (без галоўнага забойцы і сістэмы татальнага зьнішчэньня ўсяго сьвятога і чалавечага) ня можа жыць і дзейнічаць менавіта канструкцыя гэбізма — дзяржаўна-карпаратыўная ідэалогія і практыка расейскай імпэрыі. Яны ўжо нават і Леніным паступіліся, і многім іншым. Але дзікая постаць крамлёўскага экзота навечна застаецца “замковым каменем” канструкцыі гэбісцкай ўлады. Калі адкінуць яе, то абрынуцца шчарбатыя скляпеньні гэтага сатанінскага капішча. Разам з імпэрыяй, бо імпэрыя трымаецца на гэбізме. Дакладней на гэбізме-сталінізме, які ёсьць новай, сучаснай рэдакцыяй сталінізма клясячнага і хрыстаматыйнага. Народы павінны зразумець, супраць якога зла яны мусяць салідарна змагацца і перамагчы яго.

Публікуем артыкул Віталя Портнікава з расейскага інтэрнэт-выданьня Грані.Ру.

Правадыр на дарозе...

Напярэдадні Дня Перамогі гэта заўсёды абвастраецца, як дурная хвароба: жаданьне зацягнуць хаця б куды-небудзь свайго ідала і скласьці перад ім рукі ў малітоўным захапленьні. Гэты дзень — адзін з нямногіх, калі паклоньнікам Генэралісімуса здаецца, што зь яго пастамэнта можна адмыць крывавыя плямы і выдаць перамогу ў вайне як ягонае асабістае дасягненьне.

Гэта адзін з нямногіх міфаў аб мінулым, які фактычна застаўся некранутым у савецкі час: Сталін, які знік быў з экранаў з пачаткам разьвянчаньня “культа асобы”, пасьпяхова на іх вярнуўся — няхай не такім велічным, але ўсё такім жа мудрым. Над глёрыфікацыяй гэтага вобразу працавалі сонмы савецкіх раманістаў і гісторыкаў. І яны ж пасьпяхова замоўчвалі праўду пра вайну. Праўду пра ганебны хаўрус Сталіна і Гітлера. Праўду пра лэнд-ліз і сумесную барацьбу саюзьнікаў супраць нацызма — барацьбу, да якой Савецкі Саюз быў вымушаны далучыцца толькі пасьля пачатку гітлерскай агрэсіі. Праўду пра незьлічоныя ахвяры і наплявацельскія адносіны да чалавечых жыцьцяў. Праўду пра зьдзекі над насельніцтвам вялізнай часткі краіны, кінутым на волю лёсу ў першыя месяцы вайны і потым на дзесяцігоддзі пераведзеным у катэгорыю недобранадзейнага. Праўду пра армію-вызваліцельніцу, якая ня толькі выбавіла Эўропу ад гітлерызма, але і прынесла вызваленым краінам сталінізм зь яго лагерамі, паказальнымі працэсамі і разрухай.

Але ўсёй гэтай праўды няма ў нашай памяці. Таму камуністы ўсё цягнуць і цягнуць свайго куміра на пастамэнты ў гэтыя травеньскія дні, проста паводле Галіча — “уходят бронзовые, но лежат, притаившись, гипсовые”. Таму любы высокапастаўлены злодзей гатовы ў любы момант вывесіць партрэт Сталіна або прынамсі бессьмяротную цытату правадыра ва ўпэўненасьці, што гэта заменіць новыя дарогі, новыя станцыі мэтро, проста нармальнае жыцьцё. У гэтым няма нічога новага — у сталінскім Савецкім Саюзе яго партрэтамі таксама прыкрывалі галечу і голад, хлусьню і рэпрэсіі, катаваньні і сьмерць. Так было прынята — у гэтым і была сутнастьць збудаванай Генэралісімусам на нашых касьцях сістэмы. І зьдзіўляцца тут не даводзіцца. Уражвае тое, што ўсё гэта працягваецца па сёньняшні дзень. І ня толькі працягваецца, але і ўзмацняецца.

На прыканцы 80-х — пачатку 90-х гадоў, калі людзі ўрэшце атрымалі магчымасьць даведацца і сказаць пра сталінізм усё тое, што сістэма ўпарта не хацела прызнаваць нават у гады барацьбы з “культам асобы і яго наступствамі”, ні ў каго — балазе толькі ў паасобных маргіналаў тыпу якой-небудзь Ніны Андрэевай — не было сумневу, што мы гаворым пра паранаідальнага злачынцу, увесь палітычны талент якога заключаўся ва ўменьні душыць і страляць. Так, рабскаму грамадзтву ўласьцівая сімпатыя да такіх талентаў — не выпадкова сёньня многія былыя савецкія людзі з такім энтузіязмам ўзіраюцца ў міндалепадобныя вочы шалёнага Муамара. Але тады мы, здаецца, вызваляліся. Тады на “тыднях памяці”, што адбываліся ў Маскве, нават ня нейкія там дысідэнты, а Дзімітры Шэпілаў, той самы “примкнувший Шепилов”, некалі кандыдат у члены Прэзыдыюма ЦК КПСС і галоўны рэдактар газэты “Правда”, казаў пра сталінскія злачынствы.

Але ў хуткім часе вызваленьне скончылася. Сталін заўсёды сустракаецца і будзе сустракацца на дарозе да рабства. Заўсёды на гэтым хросным шляху нехта будзе хапаць ягоны бюст і ставіць гэтую бялесую мярзоту на якой-небудзь ленінградзкай або запарожскай вуліцы, а нехта будзе права на гэтую “акцыю перамогі” абараняць. Калі падчас аднаго з нядаўніх украінскіх тэлевізіных шоў дэпутатка-рэгіяналка нема крычала на мяне, патрабуючы “не чапаць Сталіна і не зьневажаць старых”, я зразумеў: усё пачынаецца спачатку. Старых абрабуюць, маладых абалваняць. Так бывае заўсёды, калі не чапаюць Сталіна.

Віталі Портнікаў


Пераклад з расейскай.