ЗАМЕЖНЫ ДРУК (05-07.05.2011)

posted May 12, 2011, 5:29 AM by Адміністратар Навін   [ updated May 12, 2011, 5:30 AM ]
Гадавіна заканчэньня ІІ Сусьветнай вайны

5 траўня 2011 г. нідэрляндская газэта “Algemeen Dagblad” апублікавала сэрыю фотаздымкаў з афіцыйнай цырымоніі ў Амстэрдаме, прысьвечанай гадавіне вызваленьня краіны ад нямецка-фашыстоўскіх захопнікаў.

Наш камэнтар: У Нідэрляндах і іншых цывілізаваных эўрапейскіх краінах гадавіна заканчэньня ІІ Сусьветнай вайны — не “День Победы” з танкавымі парадамі, фанфарамі і хлусьнёй (як у Маскве і ў прамаскоўскіх рэжымах). У эўрапейцаў — гэта перш за ўсё дзень памяці аб ахвярах і пакутах людзей ваеннага пакаленьня. Афіцыйныя цырымоніі вытрыманы ў адэкватным мэмарыяльным стылі, без шуму і вэрхалу, без тандэтнай маскоўскай азіятчыны.

У вольнай Беларусі абавязкава будзе ўшанавана памяць беларускіх жаўнераў і афіцэраў, якія змагаліся за вызваленьне Нідэрляндаў у 1944-45 гадах у шэрагах Войска Польскага. Прадстаўнікі нашай дзяржавы, грамадзтва і нашчадкі герояў наведаюць месцы баёў і магілы нашых дзядоў. Беларусы ў Войску Польскім вызначыліся ў апэрацыі “Маркэт-Гардэн” (верасень 1944 г.) і ў завяршальных баях у паўночных Нідэрляндах у красавіку 1945 г.

Набліжаўся канец вайны, але немцы ўпарта супраціўляліся каля сваіх межаў. Яны разбурылі сістэму дамбаў на поўначы краіны, вада заліла вялізныя абшары, якія павінна была ачысьціць ад немцаў танкавая армія польскага генэрала Мачка. Праз багну немагчыма было перасоўвацца на чаўнах або на машынах. Але танкісты выканалі сваю задачу і разграмілі ворага.

Валеры Буйвал


Старыя гульні

5 траўня 2011 г. латвійская газэта “Diena” паведаміла пра стварэньне ў Расеі новай нацыяналістычнай арганізацыі пад назовам “Русскіе”, у якой аб'ядналіся многія вядомыя ўжо нацыяналістычныя лідэры і дзеячы. Іхная мэта — “заснаваць урад нацыянальнай улады і абвясьціць рускую нацыянальную дзяржаву”.

Наш камэнтар: Чарговая лубянская крэатура, прычым з тых жа самых удзельнікаў і камандзёраў усіх папярэдніх чарнасоценных тусовак. Зразумела, што яны цяпер будуць палохаць грамадзтва сваёй страшнай “альтэрнатывай”, а лубянскі рэжым у штучным кантрасьце зь імі будзе выстаўляцца ў амплуа дэмакратычнай і чалавечнай улады. Старая імпэрская гульня...

Юрка Марозаў


Правільна робяць

5 траўня 2011 г. славацкая газэта “Hospodarske Noviny” напісала пра суд у Будапэшце. На лаве падсудных 96-гадовы Шандар Кэпіра. У 1942 г. ён удзельнічаў у расстрэле 1200 цывільных жыхароў у югаслаўскім горадзе Нові Сад. Злачынцу знайшлі супрацоўнікі Міжнароднага Фонду Сымона Візэнталя, які займаецца вышукам злачынцаў Галакосту. Кэпіра можа быць асуджаны на пажыцьцёвае турэмнае зьняволеньне.

Наш камэнтар: У вызваленай Беларусі забойцаў нашага народу таксама будзе вышукваць і прыцягваць да адказнасьці ня толькі дзяржава. Грамадзкія арганізацыі і грамадзкія актывісты будуць актыўна дапамагаць у навядзеньні справядлівасьці. Злачынцы не схаваюцца ад адказнасьці за шыльдай узросту або яшчэ чаго.

Алесь Хадасевіч


Па сьлядах Лукашэнкі

5 траўня 2011 г. польская газэта “Zycie Warszawy” апісала, як прэзыдэнт Украіны Януковіч “вучыў вэтэранаў піць гарэлку”. Ён жартаваў і піў гарэлку на прыёме з вэтэранамі. Ужо ў гэтыя дні (да ўступленьня ў сілу афіцыйнага дазволу) у многіх гарадах і вёсках Украіны начальства вывесіла чырвоныя сьцягі. Рыхтуюцца шумныя парады, салюты і г.д. Усё гэта было адменена ў часы прэзыдэнта Юшчанкі. Многія вэтэраны разумеюць усё і выступаюць супраць гэтай палітыкі.

Наш камэнтар: Прамаскоўскі рэжым ня можа не насьледваць прыёмчыкі імпэрскай Масквы. Нацыянальна сьведамым і культурным людзям усё гэта брыдка.

Алесь Хадасевіч


Па маскоўскай дарожцы

5 траўня 2011 г. польская газэта “Gazeta Wyborcza” напісала пра падарожжа патрыярха РПЦ Кірыла па Украіне. Акцыі пратэста супраць гэтага візыту заплянавала нацыяналістычная ўкраінская партыя “Свабода”. Яна называе Кірыла “рускім папом” і лічыць яго адным з галоўных дзеячаў адраджэньня гэтак званага рускага сьвету, гэта значыць узнаўленьня расейскіх уплываў Масквы ва Украіне. Суд забараніў любыя акцыі пратэсту падчас візыта Кірыла. Газэта паведаміла таксама, што РПЦ, падпарадкаваная Маскве ва Украіне, зьвярнулася да прэзыдэнта Януковіча з прапановай надаць РПЦ статус “дамінуючай царквы” ва Украіне.

Наш камэнтар: Відавочна, што антыўкраінскія структуры разам з Масквой разгортваюць чарговы наступ на ўкраінскую духоўнасьць і ўкраінскую дзяржаўнасьць.

Юрка Марозаў


Чэхі бароняць сваю кнігу

6 траўня 2011 г. чэшская газэта “Lidove Noviny” паведаміла пра акцыю пратэста на Карлавым мосьце ў Празе. Чытачы, выдаўцы і прадаўцы кніг пабудавалі на знакамітым мосьце барыкаду з кніг. Так яны пратэставалі супраць плянаў ураду падвысіць на 17,5% падатак на кнігі.

Наш камэнтар: Кнігі ў Чэхіі каштуюць значна таньней, чым у Беларусі (асабліва ў букіністычных кнігарнях). А калі суаднесьці кошты кніг з памерамі заробкаў, то і ў некалькі разоў таньней. На беларускую літаратуру на нашай мове рэжым утснавіў такія кошты, што людзі практычна ня могуць дазволіць сябе набываць і чытаць нашы кнігі. Як бачым, нават у дэмакратычнай і неакупаванай Чэхіі людзі бароняць сваю кнігу і сваё права на чытаньне. Трэба беларусам бараніць сваю культуру, змагацца за яе.

Алесь Хадасевіч


Археалагічная знаходка

6 траўня 2011 г. румынская газэта “Adevarul” напісала пра выпадковую археалагічную знаходку ў сялянскім гародзе. Жыхар вёскі Фэнтэнэле Георгіца Албу працаваў каля свайго дома (дзе жыве ўжо 30 гадоў) і выкапаў вялікую антычную вазу рымскай эпохі. Гісторыкі вызначылі яе ўзрост 1 ст. н.э., ваза ў вельмі добрым стане.

Наш камэнтар: Селянін з павагай паставіўся да незвычайнай знаходкі. Цяпер яна патрапіць у музэй горада Канстанцы і ўзбагаціць культурнае жыцьцё краіны.

У акупаванай маскоўскай цемрай Беларусі падзеямі культурнага жыцьця гвалтоўна робяцца “піянэрскія лінейкі”, “новы помнік Леніну”, чарговы “лядовы палац” і іншая рэжымная цемрашальшчына.

Алесь Хадасевіч


Зона вольнага бандытызму

6 траўня 2011 г. дацкая газэта “Berlingske Tidende” напісала пра справаздачу міжнароднай паліцэйскай службы Эўропы — Эўраполу. Адмыслоўцы напісалі пра структурызацыю злачыннай дзейнасьці крымінальных бандаў, якія бесперашкодна езьдзяць па Шэнгенскай зоне ўсьлед за нармальнымі людзьмі. Лідыруюць у гэтай дзейнасьці албанскамоўныя банды і летувіскія банды. Эўрапол папярэджвае, што пры ўступленьні ў Шэгненскую зону Румыніі і Баўгарыі гэтая праблема ўскладніцца.

Наш камэнтар: Паліцманы па ўсёй Эўропе даўно ўжо хапаюцца за галаву і не даюць рады з мабільнай і структурызаванай злачыннасьцю, якая ня мае на Захадзе ніякіх перашкодаў. Нагадаем, што ў той самы час шэнгенскія структуры не пускаюць на сваю тэрыторыю тысячы працавітых і культурных беларускіх людзей. Такая ёсьць лібэральная палітыка адносна Беларусі.

Алесь Хадасевіч


Маскоўская мафійная будзённасьць

7 траўня 2011 г. славацкая газэта “Pravda” паведаміла, што каля Масквы выпадкова знайшлі галаву былога начальніка маскоўскага вайсковага аэрадрома “Чкалаўскі” А. Кулікова. Галава была ў поліэтыленавым мяшку. Паліцыя шукае іншыя часткі цела. Летась Кулікова абвінавацілі ў карупцыі і звольнілі.

Наш камэнтар: Жудаснае злачынства ёсьць толькі фрагмэнтам справы маскоўскага архікрымінальніка (мэра) Лужкова. Зразумела, што цяпер мафія пазбаўляецца ад асобаў, якія “слішком много зналі”. Маштабы і формы маскоўскага крыміналу кашмарныя.

Юрка Марозаў


Хочуць вярнуць драхму

7 траўня 2011 г. аўстрыйская газэта “Die Presse” напісала пра хвалю чутак аб тым, што Грэцыя зьбіраецца выходзіць з зоны эўра. Дзяржаўныя прадстаўнікі Грэцыі запярэчваюць, што маглі быць нават нефармальныя дыскусіі на гэтую тэму. Эўрапалітыкі таксама робяць усхваляваныя заявы.

Наш камэнтар: Ня важна, адкуль пайшлі чуткі пра жаданьне грэкаў пазбавіцца ад навязанага эўра. Але сапраўды гэтая думка жыве ў масах ня толькі грэцкай нацыі (якая карысталася нацыянальнай валютай драхмай на працягу 3 тысячаў гадоў — !). Над гэтым пачынаюць задумвацца і гаварыць у адкрытую ўсе эўрапейскія народы, змучаныя дэмагогіяй і маразмам эўрабюракратыі.

Алесь Хадасевіч