СПЭЦАПЭРАЦЫЯ СУПРАЦЬ КРАІНЫ

posted May 21, 2011, 2:12 PM by Адміністратар Навін   [ updated May 21, 2011, 2:12 PM ]
Сытуацыя ў нашай краіне мяняецца на вачах, мяняюцца на вачах і нашы людзі. Яшчэ колькі дзён таму мы пісалі на нашай партыйнай старонцы, што панікі яшчэ няма. Але вось яна ўжо ёсьць і заявіла пра сябе па ўсёй тэрыторыі Беларусі. Людзі цяпер ня проста ідуць у крамы і прыглядаюцца да тавараў, шукаючы “выгаднага ўкладу” сваіх запасаў рублёў. Цяпер, калі раскрываюцца дзьверы пэўных крамаў, грамадзяне ўрываюцца туды імклівай хваляй і рэагуюць імгненна, доўга не раздумваючы. Прыярытэтнымі зьяўляюцца электроніка, мэбля і будаўнічыя матэрыялы.

Грамадзянін, які начале згаданай хвалі першым дабягае да лядоўні або пральнай машыны, моцна абдымае апарат рукамі і прыціскаецца да яго, як дзіця да матулі. Часьцяком іншыя грамадзяне не шануюць ягонага права на выбар і рвуць апарат на сябе. Адбываюцца бойкі і канфлікты з крыкамі і праклёнамі. Такім чынам, паўтараюцца сцэны пазалеташняга пасьлянавагодняга пахмельля, калі рэжым апусьціў беларускі рубель на 20%. Як і тады, цяпер таксама многія купляюць па некалькі лядоўняў і пральных машын. Абы “грошы не пасьпелі прапасьці”. Рух вакол спэцыялізаваных меблевых крамаў апошнія два дні такі напружаны, што неабазнаны назіральнік можа падумаць, нібыта пачалося нейкае раскулачваньне мэблявых бізнэсаў разьюшаным насельніцтвам: людзі адзін за адным і групамі выносяць з крамаў прадметы мэблі.

Штурмуючыя натоўпы яшчэ плоцяць за свае пакупкі — у беларусаў так прынята. Бяднейшыя выносяць вялікія колькасьці крупаў, солі і цукру. У дамах і кватэрах паўстаюць блакадныя склады. Але ўжо загучалі абураныя галасы найбольш тэмпэрамэнтных грамадзянаў.

Вядома, што і ў шэрагах “абаронцаў рэжыму” пачалося раздражнёнае нараканьне. Заробкі міліцэйскіх і амонаўскіх сяржантаў і прапаршчыкаў (1,5-2 мільёны рублёў) таксама ператвараюцца ў нішто. У блізкае да нічога ператвараюцца нават заробкі іхных палкоўнікаў (3 мільёны рублёў). З такой удзячнасьцю з боку рэжыму службовыя чыны зусім ня рвуцца на барыкаду абараняць антынародны рэжым. Гэта стварае новую сытуацыю вакол рэжыма. Падобна, што без чужой дапамогі рэжыму гэтым разам не выратавацца.

Пра гэта ўсё часьцей задумваюцца людзі ў Беларусі. Многіх не пакідае ўражаньне штучнасьці прыроды бяды, якая апошнім часам абрынулася на нашу краіну. Уся хада папярэдняга разьвіцьця лукашызму вяла нашу эканоміку да правалу. Але на цяперашнім этапе адчуваецца, што падзеі адбываюцца не самы сабой, а іх нехта прысьпешвае.

На фоне рэпрэсіяў, выбуху ў мэтро, палітычных судзілішчаў, ліквідацыі парэшткаў папулярнасьці дыктатуры і дыктатара ў пэўнай групы насельніцтва выразна гучаць заявы кіраўнікоў Расеі. Прэм'ер Пуцін і міністар фінансаў Кудрын, а таксама амбасадар РФ у Менску Сурыкаў у адкрытую кажуць, што даваць грошы Лукашэнку будуць толькі пры ўмове здачы (“продажу”) важных і прыбытковых аб'ектаў народнай беларускай гаспадаркі. Расейскі мафійны капітал рэалізуе плян канчатковага захопу Беларусі. За гэтым павінен адбыцца захоп фінансавага кантролю (увядзеньне расейскага рубля), а потым і разгром-падпарадкаваньне Беларускай дзяржавы імпэрыяй. Адным словам, Масква імкнецца да ліквідацыі Беларусі. Ліквідацыя павінна адбыцца праз сацыяльны хаос, эканамічны калапс і палітычную акупацыю.

Масква разгортвае свае дзеяньні пасьлядоўна і прадумана, праводзіць даўно падрыхтаваную спэцапэрацыю ў жанры дыверсіі. Йдзецца не пра падрыў пэўнага стратэгічнага аб'екта кшталту маста або завода, а пра падрыў усёй нашай Беларусі. Мясцовы прамаскоўскі рэжым зьяўляецца толькі інструмантам рэалізацыі гэтага праекту.

Лукашэнка і лукашызм ня будуць абараняць народную гаспадарку, беларускіх людзей і нашую нацыянальную Дзяржаву. Яны ненавідзяць усё і здольныя толькі эксплуатаваць і вынішчаць Беларусь. Кіруемы Масквой канфлікт — гэта вялікая пагроза для нас усіх, для нашых дзяцей і будучыні. Гэта павінны ўсьвядоміць мільёны нашых людзей і стаць на абарону нашай незалежнай Дзяржавы, не дазволіць імпэрцам захапіць нашы багацьці і разграміць нашу краіну. Але абараніць краіну мы зможам толькі пазбавіўшыся Лукашэнкі. Гэта першая небясьпека. Ён нішчыць нацыю. Ён не павінен больш быць ва ўладзе. Трэба абараніць нашу краіну!

Юрка Марозаў