ЗАМЕЖНЫ ДРУК (22-24.05.2011)

posted May 28, 2011, 3:21 PM by Адміністратар Навін   [ updated May 28, 2011, 3:22 PM ]
Адэкватнасьць пакараньня

22 траўня 2011 г. чэшская газэта “Ceske Noviny” паведаміла пра першы сьмяротны прысуд у пасьлярэвалюцыйным Каіры. Паліцэйскі Мугамад Абдул Манім страляў па дэманстрантах, забіў 20 і параніў 15 чалавек. Ён схаваўся, але завочна атрымаў вырак сьмяротнага пакараньня. Міністар МУС Хабіб Адлі атрымаў 12 гадоў турмы за карупцыю. Створаны судовы прэцэдэнт. Цяпер будуць асуджаны многія, хто бараніў дыктатуру.

Наш камэнтар: Той, хто бароніць антынародны рэжым і страляе ў народ, павінен ведаць пра адэкватнасьць пакараньня за свае злачынствы.

Юрка Марозаў


Хто не змагаецца за волю, той яе ня мае

22 траўня 2011 г. швайцарская газэта “Neue Zuercher Zeitung” паведаміла, што Савудаўская Аравія падтрымала пасьлярэвалюцыйны Эгіпет 3,2 мільярдамі даляраў бюджэтнай дапамогі, крэдытаў, пазыкаў і ліквідных гарантыяў. Дагэтуль нафтавая Аравія не дэманстравала інтарэсу ў справе дэмакратызацыі краіны на Ніле.

Наш камэнтар: Калі народ вызваляе сваю радзіму ад дыктатуры, яго падтрымліваюць іншыя краіны. Бывае нават, што падтрымка паступае з нечаканага боку. Ніхто не падтрымлівае толькі тых, хто раўнадушны да свайго лёсу і не змагаецца за волю.

Алесь Хадасевіч


Не спадзявацца на чужыну

23 траўня 2011 г. румынская газэта “Adevarul” напісала пра праблемы дзяцей у Румыніі. Некалькі мільёнаў румынаў выехалі на працу ў заходнія краіны. Большасьць зь іх пакінула сваіх дзяцей на дагляд сваякам і суседзям, асабліва ў сельскай мясцовасьці. Дзеці растуць фактычна без бацькоў і мацерак, многіх зь іх эксплуатуюць на цяжкіх працах.

Наш камэнтар: Вельмі добра, што румынскі народ, скінуўшы прамаскоўскую дыктатуру, расчыніў межы сваёй вызваленай дзяржавы і паехаў у шырокі сьвет. Румыны працуюць, вучацца і падарожнічаюць без візаў па ўсёй Эўропе. Але многія зь іх вымушаны пакінуць сваіх дзяцей на радзіме і ня ведаюць, калі здолеюць вярнуцца, каб жыць нармальным сямейным жыцьцём.

Народы і людзі павінны разумець, што пасьля ліквідацыі дыктатуры трэба як мага хутчэй ствараць нармальнае чалавечае жыцьцё ў сябе на радзіме, а не спадзявацца на чужыну.

Алесь Хадасевіч


Іспанцы бяруцца за розум

23 траўня 2011 г. аўстрыйская газэта “Der Standard” апублікавала артыкул пад тытулам “Выбарчая аплявуха гістарычнага маштабу сацыялістам”. На камунальных і мясцовых выбарах у Іспаніі правалілася кіруючая Сацыялістычная партыя (усяго 27,8% галасоў). Перамаглі кансэрватары з Народнай партыі, нават у традыцыйна сацыялістычным рэгіёне Касціліі-Ла Манчы. За ўсю пасьляваенную гісторыю краіны гэта самы вялікі правал сацыялістаў.

Наш камэнтар: Многія іспанцы стаміліся мітусьнёй сацыялістаў наконт “аднаполых шлюбаў” і правоў пэдэрастаў. За мітусьнёй левыя празявалі эканоміку краіны і цяпер расплочваюцца палітычнымі дывідэндамі. Па ўсёй Эўропе народы галасуюць за правыя народныя, хрысьціянскія партыі.

Алесь Хадасевіч


Так будзе па ўсім сьвеце

17 траўня 2011 г. нарвэжская газэта “Aftenposten” апублікавала сэрыю фотаздымкаў, прысьвечаных сьвяткаваньню Дня незалежнасьці Нарвэгіі — Дню Волі 17 траўня. Па ўсёй Нарвэгіі, а таксама ў розных мясьцінах ЗША, Кітая, ва В'етнаме, Філіпінах, Англіі, Аўстраліі, Нідэрляндах і г.д. адбыліся шэсьці пад нацыянальнымі нарвэжскімі сьцягамі, пікнікі, сьвяты з песьнямі і танцамі, банкеты і прыёмы. Нарвэжцы апраналі нацыянальныя строі і сьпявалі свае песьні. Паўсюль за мяжой да нарвэжцаў далучаліся мясцовыя жыхары.

Наш камэнтар: Пасьля ліквідацыі прамаскоўскага рэжыму так будзе па ўсім сьвеце і ў Беларусі ў наш Дзень Волі 25 Сакавіка.

Алесь Хадасевіч


Вельмі адсталая журналістыка

24 траўня 2011 г. славацкая газэта “SME” апублікавала артыкул пад тытулам “Канец бацькавай байкі пра стабільную эканоміку”. Журналістка Прахазкава напісала: “Беларусь прызнала крах свайго рубля. Ён дэвальваваў. (...) Застаецца толькі Пуцін. Рубель падае, ізаляцыя расьце. І абодзьве рэчы ўзаемазьвязаныя. Пакуль Беларусь не пачне паводзіць сябе так, каб лідэры з значна больш багатых краін падавалі яе прэзыдэнту руку, яна даволі цяжка дачакаецца грунтоўнай дапамогі звонку. (...) Крамы, як за савецкія часы. Крамы выглядаюць, як ў часы савецкай славы — амаль без абмежаваньняў можна купіць толькі гарэлку, кансэрвы і цыгарэты мясцовай вытворчасьці. Тыя, што мелі зьберажэньні ў банках, згубілі шмат грошай. Мяркуецца, што гэта мільярды. Ці не надыйшоў час сапраўды раззлавацца на бацьку?”

Наш камэнтар: Аналітыка славачкі з маскоўскага бюро мае школьны ўзровень (прытым пачатковых клясаў). Яна называе крымінальнага ўзурпатара прэзыдэнцкай улады “прэзыдэнтам”, блытае Беларусь з антыбеларускім рэжымам. Яна не зразумела, што паліцы крамаў у асноўным не агаліліся з тавараў, а проста людзі да іх ня могуць падступіцца ў сувязі з падвышэньнем цэнаў у 2-3 разы на шэраг харчовых прадуктаў. Да таго ж славачка карыстаецца распаўсюджаным ў свой час назовам узурпатара — “бацька”. Цяпер вядома, што назоў прыдумала ў 1994 г. КГБ.

За ўсёй гэтай балбатнёй няма аналізу падзеяў у Беларусі і сапраўднай канстатацыі ролі расейскай імпэрыі ў гэтых падзеях. Многія на Захадзе не разумеюць, што йдзецца пра плянамернае разбурэньне Беларускай дзяржавы маскоўскім ворагам, які кіруе менскай хунтай.

Юрка Марозаў


Інфраструктуры акупантаў павінны быць пакараныя

24 траўня 2011 г. польская газэта “Rzeczpospolita” напісала пра звароты ў амэрыканскія суды. У чэрвені ў гэтыя суды будуць пададзены калектыўныя позвы ахвяраў ІІІ Райху, якіх у канцэнтрацыйныя лягеры перавозіла Нямецкая Дзяржчыгунка. Газэта напісала: “Ад імя ахвяраў з Расеі, Беларусі, Украіны і Малдовы мы дамагаемся кампэнсацыі ў памеры 445 мільёнаў эўра плюс адсоткі, што разам дае суму ў 2 мільярды эўра. — сказаў Ганс-Рудзігэр Мілаў, прадстаўнік нямецкага таварыства Цягнік Памяці. Гэтая арганізацыя даўно ўжо даказвае, што нямецкая чыгунка зарабіла на перавозцы ахвяраў ІІІ Райху суму, раўназначную 445 мільёнам эўра. Грошы на аплату чыгунцы паходзілі з канфіскаванай маёмасьці ахвяраў”.

Наш камэнтар: У блізкай будучыні беларускія ахвяры расейскай акупацыі і іхныя сем'і будуць падаваць у суды на Расейскую чыгунку, па якой беларусаў везьлі ў ГУЛАГ. Інфраструктуры акупантаў павінны быць пакараныя за ўдзел у генацыдзе беларускага народу.

Алесь Хадасевіч